Пётр Кузняцоў: Беларуская рэвалюцыя не скончылася, але і не прайграла
Прыводзім меркаванне аналітыка, чаму так шмат беларусаў, якія супраць Лукашэнкі, падтрымліваюць Расію.
І ў сацсетках, і ў жыцці часта сутыкаюся са здзіўленнем, людзі задаюць пытанне: адкуль сярод тых беларусаў, якія супраць цяперашняга кіраўніцтва, якія нібыта пратэставалі ў 2020 г., столькі падтрымліваюць Расію ў гэтай вайне?
Жадаю сказаць тое, што шмат разоў казаў у 2020 г.
У Беларусі — вялізная колькасць людзей, якіх проста дастаў цяперашні кіраўнік, а створаныя ім парадкі літаральна сядзяць у пячонках. Яны супраць улады, пратэставалі ў 2020 г., але ў іх у галовах вельмі мала вось гэтага ўсяго — дэмакратыя, правы чалавека, прававая дзяржава, рынкавая канкурэнтная эканоміка, свабода слова, належнае кіраванне і г. д і да т. п.
Гэта проста глыбока асобасныя, канкрэтызаваныя адносіны да канкрэтных людзей і канкрэтных рэчаў у нашай дзяржаве.
Але зусім не «даспелыя» мазгі ці сфармаваная грамадзянская пазіцыя, маральная ўстойлівасць, прынцыповасць і г. д.
Беларускае грамадства ў апошнія 5-10 гадоў здзейсніла каласальны рывок у сваім развіцці, аднак, як відаць, нават у 2020 г. заўчасна было б сказаць, што яно цалкам сфармавалася як паўнавартасная палітычная нацыя, якая зрабіла свой цывілізацыйны выбар. Я сам асабіста ведаю людзей, якія — «Дастала! Немагчыма так жыць! Калі ўжо нешта зменіцца?!» — і ў той жа час сын там служыць у спецназе, таму што кватэра, палёгкі, зарплата, усе справы.
Гэта не татальная з'ява, паўтаруся: каласальны рывок быў зроблены. Аднак і рывок назад быў зроблены таксама — масавай эміграцыяй якраз тых самых, у каго ўжо сфармаваўся цывілізацыйны выбар, а не проста негатыўнае стаўленне да асобы ў моманце.
Адгэтуль, у прынцыпе, усе гэтыя дысанансы: у адсутнасць таго самага ўсвядомленага цывілізацыйнага выбару прапаганда з лёгкасцю сфармуе для шматлікіх карціну, адштурхваючыся ад уеўшых у гены стэрэатыпаў: для кагосьці гэта будзе «тутэйшасць» у выглядзе тых самых ільгот, гэта значыць прызямлёнасць; а для кагосьці — савецка-імперскі наратыў.
Гэта і не добра, і не дрэнна. Гэта — дадзенасць. Як ужо неаднаразова пісаў: беларуская рэвалюцыя не скончылася, але і не прайграла. Яна ідзе. Ідзе ў мазгах, у пераналадках, ва ўстаноўках.
У фармаванні таго самага ўсвядомленага нацыянальнага цывілізацыйнага выбару, разумення не таго, што хтосьці пэўны дрэнны, а таго, куды нам у цэлым — направа ці налева, на Захад ці на Усход.
Дарэчы, сваімі цяперашнімі дзеяннямі Расія моцна паскарае працэс.