Наступствы вайны. Дасье ў карыкатурах
Трэці тыдзень працягваецца вайна ва Украіне, а свет ужо ліхаманіць не на жарт. Як гукнуўся канфлікт планеце, распавядаюць карыкатуры.
Першай рэакцыяй на канфлікт стала павышэнне коштаў на газ і энерганосьбіты. У ЕС толькі за месяц паліва стала даражэй у сярэднім на 15 працэнтаў, што натуральна выклікала пратэсты кіроўцаў. Яшчэ мацней штарміць ЗША, дзе ў некаторых штатах за галон паліва патрабуюць пад 7 долараў. Безумоўна, усё гэта б'е па рэйтынгах улады. У прыватнасці, у Штатах многія ўладальнікі аўтамабіляў расчараваны адміністрацыяй Байдэна, што таксама становіцца тэмай малюнкаў.
Серыя ўзаемных санкцыяў паміж Расіяй і Захадам прывяла да разрыву лагістычных ланцужкоў у свеце. Па ўсёй планеце парушаны графікі паставак тавараў, а ў многіх рэгіёнах ужо адчуваецца дэфіцыт прадукцыі паўсядзённага попыту. Адзін з брытанскіх мастакоў бачыць сітуацыю з лагістыкай наступным чынам.
Рост коштаў і праблемы ў лагістыцы выклікалі падаражэнне многіх тавараў, у тым ліку прадуктаў харчавання. На амерыканскай карыкатуры дзяўчынка расказвае, што калісьці іх сям'я была багатай. Пакуль яны не пайшлі ў прадуктовую краму.
А што Расія, якая быццам не залежыць ад імпарту нафты і газу? Пры ўсім аптымізме Крамля, санкцыі безумоўна паўплываюць на ўзровень жыцця расейцаў. Ужо ўплываюць. У прыватнасці, яны выклікалі ажыятажны попыт на некаторыя прадукты. З'явіліся і першыя карыкатуры, прысвечаныя гэтай з'яве.
За апошнія тры тыдні паўстала яшчэ адна цяжкая праблема. Свету, і перш за ўсё ЕС, давядзецца вырашаць праблему бежанцаў з Украіны, колькасць якіх пераваліла за тры мільёны. Лічыцца, што ў выпадку набліжэння фронту на захад іх колькасць у Еўропе дасягне пяці мільёнаў. Вялікую ролю ў вырашэнне праблемы маюць простыя сем'і, якія бяруць украінцаў да сябе. Брытанскі карыкатурыст жартуе, што бежанцам можа стаць расійскі алігарх Раман Абрамовіч, чыю ўласнасць у Англіі арыштавалі. На малюнку ён просіць прытулак у брытанскага прэм'ера.
Зрэшты, усё гэта яшчэ кветачкі. Прэса мяркуе, што ўжо да восені падаражанне прадуктаў харчавання і паліва можа справакаваць беспарадкі ў некаторых рэгіёнах, ад Афрыкі на поўдзень ад Сахары і Лацінскай Амерыкі да Каўказа і Цэнтральнай Азіі. Гэта будзе сур'ёзным выклікам для ўсіх мясцовых рэжымаў, якім пагражае рымейк арабскай вясны 2011-2012 — серыя антыўрадавых пратэстаў, паўстанняў і ўзброеных мецяжоў, якія ахапілі большую частку арабскага свету ў пачатку 2010-х гадоў. Вось як малявалі арабскую вясну тады карыкатурысты.
Зрэшты, гэта ўсяго толькі прагноз. Будзем заставацца аптымістамі.