Палякі ўжылі газ супраць мігрантаў на мяжы з Беларуссю

Палякі ўжылі газ супраць мігрантаў, якія паспрабавалі трапіць у Польшчу праз агароджу на мяжы з Беларуссю, паведамляе МУС краіны.

МУС Польшчы

МУС Польшчы


«Польскія службы папярэдзілі спробу мігрантаў прарвацца на польскі бок на поўдзень ад памежнага пераходу ў Кузніцы. Сітуацыя была пад кантролем», — паведаміла Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы, апублікаваўшы два відэазапісы.
На відэа бачна, як мігранты робяць спробу зламаць памежную загароду, на польскі бок ляцяць прадметы. Ім перашкаджаюць польскія паліцыянты і вайскоўцы. Падобны ролік выклала і Памежная ахова Польшчы. Трэба адзначыць, што на абедзвюх запісах не бачна сур'ёзных сутыкненняў, адзначае reform.by.


"Мы гатовыя на любы сцэнар. Жорсткая абарона мяжы — гэта наш абавязак. Мы павялічылі колькасць памежнікаў, паліцыі і салдат. Мы чакаем у поўнай гатоўнасці", — заявіў міністр унутраных справаў Польшчы Марыюш Каміньскі.

Сітуацыя ў рэгіёне ўскладнілася ў панядзелак, калі буйная група мігрантаў пачала канцэнтравацца на тэрыторыі Беларусі на самай мяжы з Польшчай. На кадрах з верталёта, размешчаных у твітары Мінабароны Польшчы, бачна некалькі тысяч мігрантаў у раёне КПП "Кузніца". Раней прадстаўнік польскіх спецслужбаў Станіслаў Жарын паведаміў аб руху вялікай калоны мігрантаў па тэрыторыі Беларусі ў бок мяжы з Польшчай. Ён назваў тое, што адбываецца, чарговай варожай акцыяй Беларусі супраць Польшчы.
У панядзелак адбудзецца пасяджэнне антыкрызіснага штаба ўпраўлення Польшчы з удзелам прэм'ер-міністра краіны Матэвуша Маравецкага. Пасяджэнне будзе прысвечанае сітуацыі на польска-беларускай мяжы, нагадвае Еўрарадыё.