«Нібыта фінансавала пратэсты». Тэлевядоўца Валярына Кустава расказала, чаму яе хацелі арыштаваць
Валярына Кустава з'ехала з Беларусі, на яе завялі прынамсі дзве крымінальныя справы. Цяпер паэтка і тэлевядоўца ў Варшаве. У інтэрв'ю «Свабодзе» яна расказала, што стала фармальнай прычынай для пераследу і як сілавікі няўдала спрабавалі яе затрымаць.
Трэцяга чэрвеня Валярына Кустава напісала ў Facebook, што да
яе ў кватэру ломяцца невядомыя. Пасля гэтага сувязь з Куставай знікла, але
пазней высветлілася, што яе ў кватэры не было.
«Усё сур’ёзна, як у страшнай казцы, якая называецца
Беларусь»
«Прыехаў чорны бусік і прыйшло сем асобаў у цывільным. Па папярэдніх сведчаньнях, гэта былі супрацоўнікі ГУБАЗіК. На шчасце, я літаральна на паўгадзіны выйшла з хаты, і мне паведамілі, што ў маю кватэру ломяцца. На жаль, я не магу назваць імёны сяброў, якія дапамаглі і эвакуявалі палеткамі-лясамі, некалькі сутак вывозілі. Кожны з іх дапамог мне на 3-5 гадоў не трапіць за краты. Але думаю, што столькі не будзе. Я збіраюся вярнуцца ў самы бліжэйшы час, бо веру, што гэта ўсё зменіцца, і буду са свайго боку рабіць усё, каб гэта хутчэй змянілася».
Адначасова з вобшукам у кватэры сілавікі прыйшлі і на
афіцыйную працу Куставай, дзе яна ў дэкрэце. Таксама прыйшлі да бацькоў. У
кватэры самой тэлевядоўцы сілавікі знаходзіліся суткі.
«Цяпер кватэра апячатаная, хоць яна нават не з'яўляецца маёй
уласнасцю. Дакладна ведаю, што вынеслі ўсю тэхніку, бо спрабавалі ўзламаць
мае акаўнты. Я на дадзены момант нават не ведаю, што адбываецца ў кватэры, што
з маімі рэчамі, дакументамі. Туды немагчыма трапіць. Апытвалі маіх суседзяў,
правяралі іх тэлефоны, пільнавалі на месцы. То бок усё сур’ёзна, як у страшнай
казцы, якая называецца Беларусь».
З Беларусі Кустава выяжджала два дні. Падрабязнасці
маршруту яна не хоча агучваць, бо «ім не раз трэба будзе скарыстацца і іншым».
Выяжджаючы, яна пакінула ў Беларусі двухгадовую дачку.
Пазаўчора яе прывезлі ў Польшчу да мамы. Як кажа Валярына
Кустава, гэта было няпроста, яе выпусцілі з краіны не з першага разу.
«Цяпер больш людзей задзейнічана ў салідарнасці, чым раней
выходзіла на вуліцы»
Паводле інфармацыі адвакаткі, Куставу вінавацяць паводле некалькіх крымінальных артыкулаў: 342, які датычыць арганізацыі і фінансавання пратэстаў, і 243 — нявыплата падаткаў за фінансаванне пратэстаў.
Гэта няпоўны спіс, бо адвакатку пакуль не дапусцілі да
азнаямлення са справай. Сказалі, што яна на дапрацоўцы ў Следчым камітэце.
Тэлевядоўца лічыць, што пераслед яе звязаны з яе адкрытай
пазіцыяй наконт сітуацыі ў краіне, але найперш з прафесійнай дзейнасцю. На
тэлеканале «Белсат» Кустава вяла праграму «Беларус беларусу», у межах якой
гледачы дапамагалі сем’ям палітвязняў.
«З фінансаваннем пратэстаў наша праграма ніяк не
звязаная. Мы расказвалі гісторыі людзей, якія пацярпелі за свабоду. Яны
гаварылі пра свае мары, жаданні, чаго ім цяпер нестае ў жыцці. А пасля
гледачы і проста неабыякавыя беларусы звярталіся да іх і як маглі дапамагалі і
здзяйснялі іхныя мары. Для сына Волі і Паўла Севярынцаў мы знайшлі выдатную
няньку, якая дапамагае Волечцы. Мы здзейснілі мару сям’і з Мастоў, у якой
мужа і шматдзетнага тату пасадзілі за тое, што ён развесіў выявы міліцыянтаў у
горадзе. Людзі, як маглі, дапамагалі, рэчамі, тэхнікай і ажыццяўленнем
жаданняў. Для рэжыму настолькі страшная нашая салідарнасць, якая нікуды не
знікае, што ўсе магчымыя крокі дзеля падтрымкі нацыі яны спрабуюць спыніць. А
мы ж агучваем яшчэ не ўсё. Беларускія пратэсты сышлі ў падполле, але не сталі
меншымі. Як чалавек, які бачыў маштабы гэтай салідарнасці ў межах праграмы, я
магу гэта сцвярджаць: магчыма, цяпер больш людзей задзейнічана ў
салідарнасці, чым раней было на вуліцах».
«Лепей гэта зробім мы, чым потым рабіць нашым дзецям»
Чым дакладна яна будзе займацца ў Варшаве, Валярына Кустава пакуль не ведае. У любым выпадку гэта будзе нешта, што «набліжае змены ў Беларусі».
«Пакуль галоўным пытаннем было, што есці і дзе начаваць.
Але я ўпэўненая, што калегі і сябры дапамогуць, бо як іначай. Беларус беларусу
— гэта любоў, падтрымка і дапамога. І перамога. Павінна быць супольная праца,
як знешняга ўздзеяння, так і ўнутранай моцы. Прагнозы рабіць не варта, бо
яны расчароўваюць. Але відавочна, што як было да 2020-га, так ужо ніколі не будзе.
Галоўная рэвалюцыя адбылася — гэта рэвалюцыя ў галовах беларусаў. Мы зрабіліся
нацыяй. Цяпер засталася невялікая адлегласць, каб зрабіцца вольнай нацыяй».
Валярына Кустава не пагаджаецца з песімістычнымі ацэнкамі,
што пратэсты ў Беларусі нічога не далі. На яе думку, пратэсты ў краіне
згуртавалі людзей і «зрабілі нас тымі, якія мы ёсць».
«Для мяне найвялікшым антыдэпрэсантам было дзеянне. Чым
больш я дапамагала людзям, чым больш магла штосьці рабіць, тым лягчэй мне было
пераносіць гэтую рэчаіснасць. Калі ствараеш і набліжаеш будучыню, то гэта дае
палёгку і знішчае дэпрэсію. Расчараванне — гэта апошнія хмары перад
світаннем. Так, нам будзе цяжка, але ніхто не абяцаў, што будзе лёгка. І лепш
гэта зробім мы, чым гэта пасля рабіць нашым дзецям. Кожны павінен рабіць на
сваім месцы тое, што ён можа, і дапамагчы хаця б той справай, якой ён валодае.
Калі пісьменнік — пішы пра свабоду. Лекар — дапамагай тым, хто пацярпеў за
свабоду. Сантэхнік — зрабі бясплатна тым, хто пацярпеў за свабоду. Адзін мой
герой, таксіст, вывез з «сафары ў Курапатах» каля двух дзясяткаў чалавек. Кожны
на сваім месцы хай робіць хоць нешта. І гэта спрацуе таксама».