«Асабіста я б морду набіў»: Дудзінскі — пра вымушаны ад’езд у Кіеў і «прызнанні» на камеру
Тэлевядоўца, шоумэн, спявак, акцёр Дзяніс Дудзінскі, які летась выказаўся супраць гвалту сілавікоў, прайшоў праз турму на Акрэсціна і нядаўна з прычыны пераследу ўладаў быў вымушаны разам з жонкай Кацярынай Раецкай з'ехаць ва Украіну. Дзяніс расказаў «Свабодзе Premium» пра першыя дні ў Кіеве, рэакцыю бацькоў на адʼезд, патлумачыў, як сілавікі прымушаюць людзей рабіць «прызнанні» на камеру, а таксама выказаўся пра адказнасць тых, хто вінаваты ў вымушанай эміграцыі тысячаў беларусаў.
Пра першыя крокі ў Кіеве
— Каця была ў Кіеве гадоў пяць таму, апошнім разам я там быў у 1987 годзе, яшчэ ў дзяцінстве. Цяпер Кіеў для мяне абсалютна новы горад, з аднаго боку, зразумелы, з другога — не. Мы толькі прывыкаем да яго, спрабуем уладкавацца, ходзім, глядзім, сустракаемся з людзьмі. Тут настолькі шмат беларусаў, што мы нават і не ўяўлялі — тыя, хто з'ехаў месяц таму, год таму, і тыя, хто пераехаў у Кіеў гадоў дваццаць таму і маюць свае семʼі, справы, бізнэс. З усімі сустракаемся, пʼём каву, гуляем, заводзім нейкія сувязі і гэтак далей. Беларусы моцна дапамагаюць — пачынаючы ад рондля… Але найперш гэта парады. Мы яшчэ не ведаем краіны, гораду, сістэмы, таму парады і рэкамендацыі беларусаў вельмі важныя, проста абавязковыя.
Што зрабіў бы інакш, калі б вярнуўся на год назад
— Не шкадую ні пра словы, ні пра ўчынкі. Я дарослы мужчына і адказваю за свае словы і ўчынкі. Хутка год будзе тым падзеям каля крамы Symbal.by. Шмат разоў у размовах з сябрамі мы да гэтага вярталіся. І я лічу, што больш рэзка мне трэба было, не так мякка. Я разумею, што і рэпрэсіі тады былі б больш жорсткія і раней бы пачаліся. Але тады мы яшчэ спадзяваліся, што гэтыя разгоны падштурхнуць беларусаў, што дастаткова маленькага шчаўчка, слова, паста ў сацыяльных сетках (мой пост быў усё ж дастаткова асцярожны), і сітуацыя вырашыцца ў лепшы бок. Але, як паказала гісторыя і практыка, — не. Цяпер мне падаецца, што трэба было выказацца больш канкрэтна, больш жорстка, называючы імёны, прозвішчы, асудзіць не толькі АМАП, які разганяў чаргу каля Symbal.by.
— Калі б была такая магчымасць — не задумваючыся, мы з
жонкай вярнуліся б у Мінск, таму што гэта наша краіна, наш горад. Мы, як і
многія-многія, хто быў вымушаны з'ехаць, нічога не зрабілі дзеля таго, каб нас
такім чынам з краіны выціскалі і выганялі. Цяпер мы ўладкуемся і далей будзем
думаць пра глабальныя пытанні, як усталяваць нашу палітычную і сацыяльную
сувязь з Беларуссю, пра тое, што мы маем права гаварыць, а што не. Усё ж
чалавек, які знаходзіцца ў Беларусі, і чалавек, які знаходзіцца па-за
Беларуссю, маюць крыху розны погляд і стаўленне. Мы цяпер на свабодзе,
свабодныя ў сваіх выказваннях, і гэта несумленна ў адносінах да тых, хто цяпер
у Беларусі, хто пад прэсінгам.
Пра пошукі працы
— Амаль штодня сустракаемся з рознымі людзьмі, былі на радыёстанцыях і тэлестудыях. Трэба разумець, што ўкраінскае тэлебачанне і радыё на 90% украінскамоўнае. На расійскай мове вяшчаюць Яўген Кісялёў і Савік Шустэр. Зразумела, Шустэру і Кісялёву можна вяшчаць на любой мове. Калі мы калі-небудзь станем Шустэрамі і Кісялёвымі, таксама зможам вяшчаць на любой мове. А пакуль — не. Пакуль мы тут людзі незнаёмыя. Нехта нас ведае, аддае належнае нейкім нашым здольнасцям і спрабуе нас «умантаваць» у гэтую медыйную сістэму. Ёсць тэлеканалы і радыёстанцыі, якія бяруць расійскамоўных. З другога боку, вывучыць украінскую мову нам, людзям дарослым, з галавой і інтэлектам, не будзе складана. Магчыма, яна не адразу пойдзе лёгка і свабодна, каб выйсці ў эфір, але з часам атрымаецца. Мы лёгка вучымся, тым больш я лінгвіст…
Пра беларускую мову
— Патрэбная матывацыя, атачэнне і асабістая зацікаўленасць. Так будзе і з беларускай мовай у Беларусі. Мы пабачылі за год, што беларуская мова — тая самая сіла, палітычная інстытуцыя, якія можа дапамагчы беларусам усвядоміць сябе, сваю беларускасць і сваё месца ў цэнтры Еўропы. Мова найперш. Толькі потым сцяг і гімн.
Пра пачуццё, калі пачынаеш жыццё нанова з адной валізкай і
заплечнікам
— Калі чалавек з'яжджае, ён гэта робіць не таму, што яму захацелася пагрэцца на сонейку ці паесці баршчу. Гэтае рашэнне прымаецца раптоўна і пад ціскам пэўных абставінаў. Гэта страх за сябе, за родных, за блізкіх, адсутнасць веры ў тое, што сітуацыя можа неяк вырашыцца. І таму чалавек хапае заплечнік і злятае, збягае, сплывае, з'яжджае. І ў гэты момант, калі чалавек перасёк мяжу і зразумеў, што за ім ніхто не гнаўся, з кустоў не выскачылі шпіёны і не затрымалі яго, першае адчуванне бяспекі пераважае. Ты як выдыхнуў. Потым іншае пачынаецца. Ты ж картку там пакінуў, бо па картцы цябе могуць адсачыць. Магчыма, гэта празмерныя захады бяспекі, але лепей сурʼёзна да гэтага ставіцца. Адчуванне бяспекі найперш. Потым думаеш, дзе будзем спаць, дзе будзем есці…
Якое пакаранне павінна быць за прымус людзей да эміграцыі
— Падзялю адказ на дзве часткі — асабістую і дзяржаўную. Асабіста я б морду набіў. А другая частка — гэта павінна вырашацца ў адпаведнасці з еўрапейскімі і сусветнымі законамі. Тут не трэба прыдумляць ровар. Такія законы існуюць, іх шмат, многія краіны свету праз гэта прайшлі. Якое пакаранне? Асабіста я папрасіў бы, каб некалькіх чалавек мне аддалі на гадзіну. Напэўна, я проста паглядзеў бы ім у вочы — што ж вы тварылі, гады… Але асабістае не павінна перасякацца з прававым полем. Толькі так, як вырашыць суд, наш суд, беларускі, які будзе сапраўдным, чалавечным судом.
Пра бацькоў, якія падтрымліваюць Лукашэнку
— Мы толькі аднойчы з імі стэлефанаваліся. Была нядоўгая размова.
— Як ты там?
— Нармальна, мама.
— Там жа ж ва Ўкраіне забаранілі расійскую мову, там жа
бандэраўцы па вуліцах ходзяць, і там вайна цяпер ідзе.
— Не, мама.
— Ты мне будзеш расказваць. Тут па тэлевізары расказваюць,
што там па сметніцах людзі поркаюцца.
— Не, мама, я тут, усё не так.
— Ты яшчэ не ведаеш. Ладна, калі што, звані, мы за цябе
перажываем.
Гэта ўсё. Нічога не змянілася. Тата схільны да нейкіх
рэфлексій, ён ужо са смехам успрымае тое, што гавораць па беларускіх
тэлеканалах.
— Дзяніс, тут нядаўна па вашым БТ паказвалі 50 джыпаў на
мяжы. Каму такая бязглуздзіца магла прыйсці ў галаву? Патлумач ім, ты ж з імі яшчэ.
— Не, тата, я даўно з імі ўжо нічога.
— А пра самалёт — гэта сапраўдны тэрарызм, але жа Лукашэнка
пра гэта не ведаў, а так бы наваляў тым, хто гэта загадаў самалёт саджаць.
У іх такое бачанне свету, я не збіраюся з гэтым змагацца.
Яны маюць на гэта права.
Пра Рамана Пратасевіча
— Маю сітуацыю і Рамана не варта параўноўваць. Я быў проста на сутках (дзікасць, цяпер мы гаворым «гэта ж толькі на сутках»). Пратасевіч у больш жорсткіх умовах. Ад ягоных паводзінаў і словаў залежыць многае. Дзяржаўная машына будзе яго выкарыстоўваць па поўнай. Што тычыцца яго інтэрв'ю, я не ведаю, ці праўда гэта. Да яго маглі прыйсці людзі ў гарнітурах і гальштуках адтуль і сказаць: «Каб твае родныя былі ў бяспецы, ты павінен запісаць гэтае інтэрв'ю». Пратасевіч: «Я згодны». Яму кажуць: «Ты не зразумеў, ты павінен запісаць гэта так, каб усе паверылі». Пратасевіч: «Так, я зразумеў». Яны: «Не, не зразумеў, ты павінен гэта сказаць так, каб Меерхольд і Неміровіч-Данчанка, каб сусветныя рэжысёры паверылі, каб Спілбэрг прынёс табе «Оскар» і сказаў, што верыць».
Можа, да яго запрасілі майстроў па прамовах, па акторскім
майстэрстве. Мы не ведаем, што там адбывалася за кулісамі. Цалкам магчыма, што
Пратасевіч гаварыў шчыра, іншая справа, што ім рухала.
Пра тое, як спецслужбы прымушаюць людзей «прызнавацца» на
камеру
— Як мяне запісвалі? Да мяне прыйшлі ў верасні на Акрэсціна і сказалі, што трэба запісаць. Я сказаў, што запісваць не буду. Мне сказалі: «Дзяніс Ігаравіч, няўжо вы думаеце, што мы да вас прыйшлі, каб пачуць адмову. Паверце…» І далей некаторыя рэчы, пра якія я не буду гаварыць. Гвалт да мяне не прымянялі. Любы чалавек за лічаныя хвіліны запіша ўсё, што трэба. Абсалютна ўсё, калі яны прыходзяць да вас і кажуць, што трэба запісаць.
Ці тычацца іхныя аргументы блізкіх людзей? Так, канечне. Яны
разумеюць, што ёсць на што націснуць. Шукаюць кропку, на якую можна націснуць.
Падрабязнасці не магу расказаць, бо ў мяне шмат розных падпісак. Яны гэта ўсё
лёгка робяць.
Якая дапамога патрэбная цяпер
— Прапановаў дапамогі ад беларусаў ва Украіне нават больш,
чым нам трэба. Калі мы сказалі, што шукаем кватэру, была вялізарная колькасць
прапановаў як ад беларусаў, так і ад украінцаў, іх знаёмых. Нам прапаноўвалі
некаторы час бясплатна пажыць, прапаноўвалі працу. Мы пазнаёміліся з
украінскімі тэлевядоўцамі, якія калі даведаліся, што я быў тэлевядоўцам у
Беларусі, далі вялізарную колькасць тэлефонаў, адрасоў, каардынатаў. Нам моцна
дапамагаюць і беларусы, і ўкраінцы. Цягаюць на канцэрты і цікавыя
мерапрыемствы. Добрае адчуванне, што ты не кінуты, ты цікавы, камусьці
патрэбны.
Пра вяртанне
— Вяртанне. Душэўны боль, усё любімае, што там засталося —
гэта ўсё наша. Па цяперашніх адчуваннях магу паабяцаць, што мы не задумваючыся
вярнуліся б у Беларусь, хоць і бачым, што ва Украіне больш магчымасцяў, большы
медыйны рынак. Цяпер мы б дакладна вярнуліся. Калі б была такая магчымасць.