«Лічым абсалютна неабгрунтаваным». НАК — пра санкцыі МАК і непрызнанне Віктара Лукашэнкі
Амаль суткі Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі трымаў паузу, пасля таго, як МАК не прызнаў Віктара Лукашэнку прэзідэнтам арганізацыі і пакінуў у сіле астатнія санкцыі ў дачыненні да НАК. Аднак афіцыйнай рэакцыі грамадскасць усё ж дачакалася. Заява з актуальнай нагоды апублікавана на афіцыйным сайце галоўнага алімпійскага ведамства краіны.
«Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь з павагай ставіцца да любых рашэнняў Міжнароднага алімпійскага камітэта і прыняў да ведама пастанову выканкама МАК ад 8 сакавіка бягучага года, — гаворыцца ў заяве. — У той жа час мы неаднаразова заяўлялі аб выкананні Алімпійскай хартыі, алімпійскіх ідэалаў і каштоўнасцей, прытрымліваючыся іх з моманту свайго стварэння. Гэта пацвярджае, у тым ліку, праведзеная сумесна з Міжнародным алімпійскім камітэтам і адзначаная ў яго рашэнні канструктыўная праца па змене Статута нашай арганізацыі ў адпаведнасці са стандартамі належнага кіравання і рэкамендацыямі МАК.
Пазіцыю МАК адносна "непрызнання абрання Віктара
Лукашэнкі новым прэзідэнтам НАК Беларусі і Дзмітрыя Баскава — членам выканкама
НАК" лічым абсалютна неабгрунтаванай. Справаздачна-выбарны Алімпійскі
сход, на якім і быў абраны новы кіраўнік і склад выканкама нашай арганізацыі,
адбыўся пры ўдзеле ўсёй спартыўнай грамадскасці краіны — чэмпіёнаў і прызёраў
гульняў, дзеючых спартсменаў, трэнераў, кіраўнікоў спартыўных арганізацый — выключна ў адпаведнасці са Статутам НАК Беларусі і дзеючым заканадаўствам
Рэспублікі Беларусь.
Перакананыя, што дадзенае рашэнне носіць выключна палітычны
характар, тым самым парушаючы прынцып "спорт па-за палітыкай". Дзеянні
Міжнароднага алімпійскага камітэта не маюць пад сабой доказнай базы, заснаваныя
на суб'ектывізме і палітыцы "падвойных стандартаў", наносячы тым самым шкоду
рэпутацыі алімпійскага руху на міжнароднай спартыўнай арэне.
Заява МАК не з'яўляецца падставай для спынення паўнамоцтваў
прэзідэнта НАК Беларусі Віктара Лукашэнкі і сябра выканкама Дзмітрыя Баскава.
Пры гэтым указанне МАК на тое, што папярэдняе кіраўніцтва
НАК не змагло ў поўнай меры выканаць першы пункт рашэння МАК ад 7 снежня 2020
года ў частцы незабеспячэння належнай абароны беларускіх спартсменаў ад
палітычнай дыскрымінацыі ўнутры Нацыянальнага алімпійскага камітэта, федэрацый
па відах спорту, усяго спартыўнага руху, выглядае прадузятым і заснаваным на
павярхоўным разуменні комплекснай працы НАК па выкананні сваіх функцый, а
таксама рэкамендацый Міжнароднага алімпійскага камітэта.
Усе спартсмены незалежна ад іх палітычных поглядаў працягваюць падрыхтоўку да галоўных стартаў чатырохгоддзя і знаходзяцца ў роўных умовах, удзельнічаюць у кваліфікацыйных Алімпійскіх турнірах згодна з выкананымі нарматывамі, па выніках якіх лепшыя з іх будуць уключаны ў склад нацыянальнай алімпійскай зборнай выключна на падставе спартыўнага выніку.
У чарговы раз заяўляем аб гатоўнасці да канструктыўных перамоў з кіраўніцтвам Міжнароднага алімпійскага камітэта.
НАК Беларусі па-ранейшаму адкрыта запрашае прадстаўнікоў МАК
у Мінск для комплекснага і ўсебаковага вывучэння сітуацыі і прамога дыялогу
з беларускай спартыўнай супольнасцю. У сваю чаргу, у выпадку захавання
дыскрымінацыйнага падыходу ў дачыненні да беларускага алімпійскага руху, мы
пакідаем за сабой права абскардзіць гэтае рашэнне ў адпаведнасці з міжнародным
спартыўным заканадаўствам».