КДБ прыйшоў у клінінгавую кампанію, затрыманыя кіраўніца і некалькі супрацоўнікаў
КДБ пачаў крымінальную справу на клінінгавую кампанію за нявыплату падаткаў у буйным памеры. Як паведамляе «Н*ша Ніва» са спасылкай на прапагандысцкі тэлеканал «Беларусь 1», ужо затрыманыя пяць чалавек, якія нібыта «даюць прызнальныя паказанні».
Паводле звестак
дзяржаўнага тэлеканала, «нейкая грамадзянка Ціханава» заснавала клінінгавую
кампанію і скарысталася льготамі. Заканадаўства дазваляе працадаўцу адлічваць у
Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва 5% ад прыбытку, калі ў кампаніі працуюць
не менш за траціну людзей з інваліднасцю. У кампаніі Ціханавай, як
паведамляецца, былі аформленыя на працу шэсць чалавек, чатыры з якіх маюць
інваліднасць.
«Пры гэтым працу,
якая прыносіць прыбытак прадпрыемству, выконвалі 900 чалавек, якія не
з'яўляюцца інвалідамі і якія сістэматычна прыцягваліся па дамове падраду», —
заявіў намеснік начальніка следчага ўпраўлення КДБ Беларусі Канстанцін Бычак.
Акрамя таго,
Алену Ціханаву, якая таксама кіруе грамадскім аб'яднаннем «Сонечны круг»,
абвінавацілі ў сувязі ў амерыканскімі фондамі і МУС Славакіі. Як доказ
тэлеканал дэманструе выдадзены Ціханавай сертыфікат ад USAID аб праходжанні
праграмы прафесійна-культурнага абмену, звязаным з выкарыстаннем вопыту ЗША ў
сферы падтрымкі ўразлівых груп насельніцтва. Які ў гэтым крымінал, не ўдакладняецца.
На БТ паказалі
момант затрымання жанчыны. Мяркуючы па кадрах, яе затрымалі падчас прагулкі з
сабакам.