Ва Украіне распавялі пра здачу ў палон агента беларускага КДБ, які быў укаранёны ў ПВК Вагнера

Лукашэнка не верыць Пуціну і засылае сваіх агентаў у расійскае войска. Украінскія спецслужбы затрымалі найміта прыватнай ваеннай кампаніі Вагнера, які прызнаўся, што працуе на беларускі КДБ, гаворыцца ў матэрыяле «ТСН».

3f2034eb6cdef3f85aac581f81909e9e.jpeg

Паведамляецца, што беларус здаўся ў палон УСУ падчас украінскага контрнаступу ў Харкаўскай вобласці і цяпер дае паказанні СБУ. Падобна на тое, што спецслужбы Расіі і Беларусі працуюць адна супраць адной, выказваюць здагадку журналісты.

У адным са шпіталяў, дзе лечаць ваеннапалонных, найміт прызнаецца, што ён агент беларускіх спецслужбаў, і менавіта таму апынуўся ў шэрагах расійскага войска. «Усё маё кіраўніцтва ведала, дзе размешчаны склады, інжынерныя пабудовы, колькасць людзей, увесь асабісты склад, некаторыя імянныя спісы, перамяшчэнне калон, усе тапаграфічныя абазначэнні, дзе размешчаны аэрадромы, якія мэты і задачы. Карткі мінных палёў», — паведаміў ён.

Яго ўзялі ў палон украінскія вайскоўцы падчас контрнаступлення ў Харкаўскай вобласці. Кажа, пайшоў здавацца, таму што зразумеў, што рускія яго выкрылі, гэтак жа, як і групу, у якой ён працаваў. Хто не паспеў здацца, тых рускія забілі. «Службы Расіі пра гэта даведаліся, і ўжо было некалькі фактаў забойства маіх калег з расійскага боку. Вось цяпер, калі вярнуўся, пра нас, мабыць, даведаліся, і калі мы ўцякалі ў бок УСУ, нас падстрэльваў камандзір групы, які быў вагнераўцам», — дадае ён.

Словы ваеннапалоннага яшчэ раз пацвярджаюць тое, пра што даўно кажуць украінскія эксперты: на якім бы кручку ў Пуціна ні быў Лукашэнка, ён дагэтуль шукае шляхі, як з таго кручка саскочыць. «Лукашэнка  знаходзіцца ва ўладзе цягам 28 гадоў — гэта ў яго нейкія сталыя арэлі: то ён бліжэй да Расіі, то ён аддаляецца. Ён знаходзіцца ў такой сітуацыі, калі шукае магчымасць адносін з Кітаем», – запэўнівае палітычны эксперт Яўген Магда.

«Ён хітры — гэта факт. Тое, што ён, напрыклад, хоча дамовіцца і з Захадам, і з Кітаем, і з Пуціным і не патрапіць на дадатковыя санкцыі — таксама факт», — дадае палітычны эксперт Барыс Тызенгаўзен.

Але Беларусь — пляцоўка для наступу расійскага войска на Украіну. Эксперты ўпэўненыя, што, нягледзячы на пагрозы, Лукашэнка не адправіць сваё войска ва Украіну. «У яго войска 45 тысяч, ён параноік. Значыць, тысяч 20 ён пакіне ўнутры краіны, каб не расхістаць сітуацыю. Гэта значыць, ён можа даць 20 тысяч — гэта канец. Таму я не думаю, што ён будзе паўнавартасна ўступаць у вайну. Той перыяд, калі ён мог гэта зрабіць, прайшоў», — перакананы Тызенгаўзен.

Так што дагэтуль Лукашэнка шукае варыянты, як канчаткова не замазацца крывёю ў гэтай маштабнай вайне Расіі супраць Украіны. Таму і высылае сваіх агентаў у войска расійцаў, мяркуюць эксперты.

«У Лукашэнкі няма даверу да Пуціна, а ў Пуціна да Лукашэнкі. Проста ўзнікае пытанне, хто цяпер прапануе Лукашэнку што-небудзь, каб ён сышоў ад Пуціна палітычна», — адзначае Магда.

Дадамо, што словы меркаванага агента КДБ могуць быць ілжывымі. Украінскія рэпарцёры, якія рэгулярна бяруць інтэрв'ю ў палонных расійцаў, прызнаюцца, што, паводле іх ацэнках, большасць з паланёных хлусяць пра вайну, каб спадабацца ўкраінскаму боку і не панесці належнага пакарання. Вядомы выпадкі, калі пасля абмену, зноў апынуўшыся на расійскім баку, яны вярталіся да рыторыкі «рускага свету».