Літаратурную прэмію імя Францішка Аляхновіча сёлета ўручаць ня будуць
Сёньня, 15 лістапада, у сьвеце адзначаецца Дзень зьняволенага пісьменьніка і звычайна абвяшчаюцца ляўрэаты прэміі імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны ў зьняволеньні. Сёлета заснавальнікі прэміі, «Р*дыё Свабода» і Беларускі ПЭН, вырашылі перанесьці цырымонію ўзнагароды на 2023 год.
Як патлумачыла «Св*бода», няспынныя рэпрэсіі, арышты аўтараў і выдаўцоў цягам мінулага году зрабілі амаль немагчымым публічнае зьяўленьне твораў, напісаных у зьняволеньні. Цяпер за кратамі 11 ляўрэатаў прэміі: Ігар Аліневіч, Аляксандар Фядута, Павал Севярынец, Зьміцер Дашкевіч, Алесь Бяляцкі, Мікола Дзядок, Алесь Пушкін, Андрэй Аляксандраў, Максім Знак, Мікола Папека, Андрэй Скурко.
Беларускі ПЭН адсочвае і фіксуе храналёгію Людзей Слова —
літаратараў, перакладнікаў і дасьледнікаў літаратуры, публіцыстаў,
інтэлектуалаў, а таксама тых, хто стварае і пашырае культуру, бароніць слова і
яго майстроў, якія цяпер за кратамі.
Зь лістоў з турмаў і калёніяў, са зьвестак ад родных і
сяброў дакладна вядома, што рэпрэсіі не спынілі творчую актыўнасьць. Беларускі
ПЭН і «Радыё Свабода» выказваюць упэўненасьць, што творы абавязкова дойдуць да
чытачоў, а іх аўтары атрымаюць вядомасьць і прызнаньне.
Прысуджэньне прэміі імя Францішка Аляхновіча пераносіцца на
Дзень зьняволенага пісьменьніка налета. На разгляд будуць прымацца творы,
апублікаваныя цалкам ці часткова ў пэрыяд зь лістапада 2021-га па лістапад 2023 года.
Арганізатары просяць сваякоў, сяброў зьняволеных зьбіраць і захоўваць творчасьць з-за кратаў, перадаць вязьням запросіны ўдзельнічаць у стварэньні літаратуры памяці і пажаданьні хуткай свабоды.