Затрымлівалі віцебскую журналістку Жанну Жалевіч. Цяпер яна на волі (абноўлена)
Пра затрыманне віцебскай журналісткі Жанны Жалевіч паведамілі праваабаронцы. 15 лістапада яе праз тэлефон выклікалі на гутарку ў райаддзел Першамайскага раёна. На пытанне, ці браць з сабой нейкія рэчы, міліцыянт параіў: «Вазьміце на ўсялякі выпадак».
З гэтага Жанна Жалевіч яшчэ напярэдадні зрабіла выснову, што пасля
візіту на волі яна можа апынуцца не
адразу. З тэлефоннай размовы
жанчыне стала зразумелым, што ў яе сацыяльных сетках знайшлі допісы «са сцягам» і «з надпісамі» — так
патлумачыў супрацоўнік міліцыі.
Праз тры гадзіны
знаходжання ў РАУС Жанна Жалевіч не выйшла з будынка, яе тэлефон не адказвае. Найверагодней, што яна затрыманая паводле абвінавачання ў несанкцыянаваным пікетаванні паводле артыкула 24.23
КаАП. Дата суду над жанчынай невядомая.
У апошнія гады
Жанна Жалевіч у якасці журналісткі супрацоўнічае з выданнем «Витебский курьер», у асноўным піша пра культурніцкія падзеі Віцебска. Апрача таго, што жанчына цікавіцца мастацкім
жыццём роднага гораду, яна вядомая ў Віцебску зоаабаронца, пра гэта сведчаць яе
шматлікія допісы ў Фэйсбуку.
Пасля падзей 2020 года ўлады распачалі сапраўднае паляванне на незалежную журналістыку. Большасць недзяржаўных медыя альбо заблакаваныя, альбо разгромленыя. Сотні нашых калег і цэлых рэдакцый былі вымушаны выехаць з краіны. Паводле дадзеных БАЖ, за кратамі зараз знаходзяцца 33 журналісты. Жанна Жалевіч можа стаць 34-й.
UPD. Пазней стала вядома, што Жанну Жалевіч выпусцілі на волю да суда.
«Мяне не ўзялі ў турму! Звазілі. Потым зноў прывезлі ў «Першамайку». І адпусцілі да суда. Суд у пятніцу ў 11.00. Баюся, што гэта адтэрміноўка. Але прыемна ўсё роўна. І смешнае. [Затрымлівалі за] пасты 2020 года ў «інсце» і «Аднакласніках»! Ні тым, ні тым з 2020-га амаль не карыстаюся. Выдалю зараз акаўнты. І вам раю», — напісала журналістка на сваёй старонцы ў фэйсбуку.Паводле якога артыкула яе будуць судзіць, пакуль невядома. Выглядае, што на Жанну Жалевіч склалі адміністрацыйны артыкул за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».