Суд над былым следчым Яўгенам Юшкевічам зрабілі закрытым
У Мінскім гарадскім судзе 15 лістапада распачаўся суд над былым следчым і ініцыятарам праекта ByChange Яўгенам Юшкевічам.
Праваабаронцы нагадваюць, што палітвязня абвінавачваюць адразу па шасці крымінальных артыкулах: ч. 1 арт. 342 («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»); ч. 1 арт. 293 («Арганізацыя масавых беспарадкаў»); ч. 1 арт. 368 («Абраза Лукашэнкі»); ч. 1 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»); арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»); арт. 364 («Пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка ўнутраных органаў»).
Артыкул 289 («Акт тэрарызму»), паводле якога яго першапачаткова затрымалі, у справе не фігуруе. Суд першапачаткова быў адкрыты, але амаль адразу суддзя Алена Ананіч зрабіла працэс закрытым. За кратамі палітвязень знаходзіцца больш за год — суд сёння адмовіў яму ў хадайніцтве змяніць меру стрымання на не звязаную з пазбаўленнем волі.
Яўген Юшкевіч — былы следчы СК і ініцыятар праекта bychange.me. У 2017 годзе ён звольніўся з пасады
старшага следчага аддзела па расследаванні эканамічных злачынстваў Упраўлення
Следчага камітэта па Мінску, а ў 2020-м стаў распрацоўшчыкам і ініцыятарам
праекта bychange.me, які дапамагаў у
навучанні, перападрыхтоўцы сілавікоў, дзяржслужачых і людзей, якія сышлі з
працы праз сумленне ці якіх звольнілі.
Першы раз Яўген быў затрыманы ўвечары 24 лістапада 2020 года
ў Мінску. Тады Яўгену інкрымінавалі ч.1 арт. 342 КК. Праз 10 сутак яго вызвалілі са следчага ізалятара
№ 1.
Другі раз Яўгена Юшкевіча затрымалі 19 красавіка 2021 года па
падазрэнні паводле арт. 289 КК. Дома ў яго
правялі ператрус, а яго самога змясцілі ў СІЗА КДБ, куды доўгі час не пускалі
адваката. За месяц да затрымання ў машыне, якая належыць яго бацьку, невядомыя
ўсталёўвалі праслушку — адпаведнае відэа з рэгістратара Яўген размясціў у
фэйсбуку.
У Яўгена ўзялі падпіску аб неразгалошванні матэрыялаў
справы, каб ён нават сваім сукамернікам не мог распавесці, у чым яго канкрэтна
абвінавачваюць. Сам палітвязень расцэньваў у лістах на волю свой пераслед і
затрыманне як помсту за выкладзенае відэа з устаноўкай праслушкі ў машыне яго
бацькі, на якой ён прыехаў 17 сакавіка на допыт у Следчы камітэт.
8
кастрычніка 2021 года Яўгена дапыталі ў якасці сведкі на судзе над іншым былым
следчым Ягорам Вяршыніным. Яго прывезлі на суд у кайданках. Падчас допыту па
баках ад Яўгена стаялі два канваіры, а побач сядзела яго адвакатка. Юшкевіча дапытвалі па гэтай справе, таму што, паводле абвінавачвання, Вяршынін браў удзел у Маршах
менавіта з ім — сваім лепшым сябрам.
З
паказанняў Яўгена стала вядома, што яму прад’яўлена абвінавачванне па арт. 342
КК за ўдзел у Маршы 16 жніўня. За ўдзел у масавых мерапрыемствах 23 і 30 жніўня
ён праходзіць у якасці сведкі. На судзе
Юшкевіч распавёў, што 23 жніўня сустрэўся з Вяршыніным, каб абмеркаваць спорт.
У астатнім ён паўтарыў, што казаў Ягор. Паводле яго слоў, яны не выкрыквалі ніякіх
лозунгаў, не паказвалі знакаў, не памятае, каб была нейкая сімволіка з сабой.
Кажа, што не было матыву ўдзельнічаць у Маршах, але было цікава паглядзець, колькі чалавек выйдзе. Юшкевіч сказаў, што без Вяршыніна далучаўся да Маршу
толькі 16 жніўня, а з сябрам толькі 23 і 30 жніўня. Адзначае, што закон добра
ведае, на Маршах яны ўдвух назіралі таксама за парадкам.
Юшкевіч
адзначыў, што ісці па перакрытай дарозе законам не забаронена. Казаў, выглядала ўсё так, што дарогу спецыяльна перакрылі, каб людзі маглі пайсці па ёй.
Яўген
адразу ўтрымліваўся ў СІЗА КДБ, а потым яго перавялі ў СІЗА-1. Вядома, што ў
СІЗА палітвязень перахварэў на COVID-19. Таксама на працягу ўсяго тэрміну зняволення ў яго
назіраюцца праблемы з ліставаннем — яму не аддаюць лісты.
«Усякія
дробязі зусім па-іншаму тут ацэньваюцца. Першы час слёзы наварочваліся ад
кожнай перадачы, цяпер ужо прывык да іх. Але часам, калі глядзіш на нейкую
дробязь накшталт двух пачкаў цыгарэт, думаеш: "Гэта ж 7 рублёў, гэта амаль
1/100 зарплаты маёй мамы, ды яшчэ і час выдаткаваны на куплю гэтых пачкаў".
Акуратна складваеш і захоўваеш гэтыя 40 цыгарэт, таму што родныя табе іх
куплялі», — пісаў ён у лістах да дзяўчыны, Валерыі Эйсмант.
4 траўня
Юшкевіч быў пазбаўлены звання старшага лейтэнанта юстыцыі запасу.