Хронікі рэпрэсій у Беларусі за 15 лістапада

15 лістапада — Міжнародны дзень пісьменніка ў няволі, які адзначаецца з 1981 года. Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў пашырыўся і сёння — дадаліся тэлеграм-каналы, стыкеры, Youtube-канал «Жыве Беларусь» і Facebook-суполка «Пинск – это Родина». З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед беларусаў 15 лістапада.

_cihi_pratest___sakavik_2021__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__5__logo_1.jpg

Прызначана дата суда над журналістам Андрэем Пачобутам.

Справу гродзенскага журналіста і сябра «Саюзу палякаў» у Беларусі пачнуць разглядаць у Гродзенскім абласным судзе 28 лістапада. Суддзя — Дзмітрый Бубенчык. Андрэя абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 130 КК (здзяйсненне групай асоб наўмысных дзеянняў, накіраваных на распальванне нацыянальнай, рэлігійнай варожасці і варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасці, і здзяйснення наўмысных дзеянняў па рэабілітацыі нацызму) і ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы).

Палітвязня затрымалі 25 сакавіка 2021 года ў Гродне. Увосень 2021 года Пачобут адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. 4 кастрычніка КДБ дадаў журналіста ў спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.

* * *

Журналіст-расследавальнік Новага Часу Дзяніс Івашын 10 дзён знаходзіцца ў карцары.

Палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына 4 лістапада змясцілі ў карцар на 7 сутак за чарговае «парушэнне правілаў унутранага распарадку». Але праз тыдзень яго так і не выпусцілі. Гэта значыць, што яму дадалі чарговыя «суткі».

Нагадаем, 15 жніўня ў Гродзенскім абласным судзе ў закрытым рэжыме распачаўся разгляд справы журналіста. Праз месяц суд прызнаў Івашына вінаватым паводле арт. 365 (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў) і ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве) і асудзіў яго да 13 гадоў і 1 месяца калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

* * *

Затрымалі віцебскую журналістку Жанну Жалевіч, але пазней адпусцілі да суда.

У апошнія гады Жанна Жалевіч супрацоўнічала з выданнем «Витебский курьер», у асноўным піша пра культурніцкія падзеі Віцебска. Таксама яна вядомая ў Віцебску зоаабаронца.

Пра затрыманне віцебскай журналісткі Жанны Жалевіч сёння паведамілі праваабаронцы. 15 лістапада яе праз тэлефон выклікалі на гутарку ў райаддзел Першамайскага раёна. На пытанне, ці браць з сабой нейкія рэчы, міліцыянт параіў: «Вазьміце на ўсялякі выпадак».


ГУБАЗіК затрымаў адміністратара telegram-чата «ГОБК».

Паводле сілавікоў, 38-гадовы Дзмітрый Сцяпанаў адміністраваў чат «ГОБК», «які з'яўляўся структурным падраздзяленнем экстрэмісцкага фармавання "dzechat"».

Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць, што ў чаце нібыта неаднаразова публікаваліся заклікі здзяйсняць гвалтоўныя дзеянні над супрацоўнікамі праваахоўных органаў.

* * *

Супраць пяці затрыманых удзельнікаў «Саюза Беларускага Нацыянальнага Шчыта» распачалі крымінальную справу.

Як паведамляе МУС, супраць пяцярых маладых людзей ва ўзросце ад 16 да 26 гадоў распачата крымінальная справа за стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім (арт. 361-1 КК).

Пра затрыманне хлопцаў стала вядома лістапада. Тады ГУБАЗіК паведамляў, што затрыманыя «вялі актыўную экстрэмісцкую дзейнасць у кожным рэгіёне, абмяркоўвалі і планавалі дыверсіі і тэракты, у тым ліку на чыгуначнай дарозе і з выкарыстаннем "кактэйляў Молатава"».


* * *

Валерыя Тумілевіча з Ліды асудзілі на паўтара года калоніі за абразу Лукашэнкі.

Суд Лідскага раёна 27 верасня разгледзеў крымінальную справу палітвязня Валерыя Тумілевіча, абвінавачанага ў абразах Лукашэнкі (ч. 1 арт 368 Крымінальнага кодэкса). Справу разглядаў суддзя Аляксандр Мішуроў.

Валерыя Тумілевіча затрымалі 17 ліпеня, асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту па арт. 19.11 КаАП, але на волю ён так і не выйшаў. На яго была заведзена крымінальная справа за абразу Лукашэнкі — нібыта Валерый абразіў таго, калі знаходзіўся за мяжой. Тумілевіч працяглы час знаходзіўся ў Польшчы, а калі вяртаўся, папросту на мяжы быў затрыманы.

* * *

Суд над былым следчым Яўгенам Юшкевічам зрабілі закрытым амаль адразу пасля пачатку працэсу.

У Мінскім гарадскім судзе распачаўся суд над былым следчым і ініцыятарам праекта ByChange Яўгенам Юшкевічам. Яго абвінавачваюць адразу па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса, але артыкула «тэрарызм», па якім яго першапачаткова затрымалі, няма.

Суд першапачаткова быў адкрыты, але амаль адразу суддзя Алена Ананіч закрыла працэс.


Пачаўся суд над былым следчым, які адмовіўся весці справу збітага пратэстоўца і звольніўся на знак пратэсту.

У Мінскім гарадскім судзе сёння пачалі судзіць былога следчага Мікіту Старажэнку. Яго абвінавачваюць у «зліве» кантактаў сілавікоў «пратэсным каналам». Мікіту цяпер судзяць за «распальванне іншай сацыяльнай варожасці» паводле ч. 3 арт. 130 КК, а таксама за «незаконны збор і распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцці» (ч. 1 арт. 179 КК). Справу вядзе Анжэла Касцюкевіч.

З 2017 года Мікіта Старажэнка працаваў следчым у райаддзеле сталічнага Следчага камітэта. Са словаў былога сукамерніка палітвязня, менавіта Старажэнка быў прызначаны ў 2020 годзе весці справу супраць 16-гадовага збітага сілавікамі хлопца (верагодна, гаворка ідзе пра Цімура Міцкевіча) — тады Мікіта звольніўся са следчых органаў.

* * *

У палітвязня Яўгена Афнагеля ў зняволенні сапсаваўся зрок.

Палітзняволенага актывіста «Еўрапейскай Беларусі», якога асудзілі да сямі гадоў калоніі, утрымліваюць за кратамі амаль 26 месяцаў. Ён адбываў тэрмін у наваполацкай калоніі № 1, а потым яму ўзмацнілі рэжым і перавялі ў магілёўскую турму № 4.

За час зняволення ў Яўгена сапсаваўся зрок, таму цяпер ён вымушаны насіць акуляры. За кратамі ён шмат чытае і малюе. Званкі яму дазволены толькі раз на месяц.


* * *

За выступ перад работнікамі «Беларуськалія» прафсаюзнага лідара асудзілі на 2,5 гады калоніі.

У Мінскім абласным судзе асудзілі палітзняволенага Аляксандра Мішука паводле ч. 1 арт. 361 (Заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных нанесці шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) КК. Справу разглядала суддзя Вікторыя Паляшчук.

Пракуратура паставіла ў віну Аляксандру яго выступ перад работнікамі ААТ «Беларуськалій» з «мэтай стварэння страйкавага камітэту». У сваю чаргу, Аляксандр тлумачыў свой выступ як эмацыйны, паколькі ў той час усе знаходзіліся пад уздзеяннем эмоцый з-за масавага гвалту з боку сілавікоў.

* * *

«Рэйкавага партызана» ў Лідзе пакаралі трыма гадамі калоніі.

Суд Лідскага раёна вынес прысуд Дзмітрыю Мядзведскаму, якога абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, псаванні шляхоў зносін і абразе Лукашэнкі.

Судовы працэс вяла суддзя Наталля Лобан, якая зусім нядаўна, 26 верасня, была прызначана суддзёй на 5 гадоў.

6 верасня з'явілася «пакаяльнае» відэа з затрыманнем Дзмітрыя, у якім ён паведамляе, што ў 2020 годзе знаходзіўся ў чаце Ліда 97%», дзе актыўна пісаў паведамленні. Таксама ён нібыта пісаў аб сваіх дзеяннях у план «Перамога». Паводле версіі сілавікоў, мужчына таксама заклікаў да страйку, пратэстаў, а таксама прапаноўваў ладзіць дыверсіі на чыгунцы.



* * *

Прафсаюзнай актывістцы прызначылі 1,5 года калоніі паводле «народнага» артыкула

У судзе Маскоўскага раёна Мінска вынеслі прысуд палітзняволенай актывістцы Свабоднага прафсаюзу металістаў Яніне Малаш. Яе абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і прызначылі адзін год і шэсць месяцаў калоніі. Пад вартай актывістка знаходзіцца ўжо сем месяцаў.

Раней Яніна працавала на Мінскім электратэхнічным заводзе імя Казлова зборшчыцай дэталяў для электратрансфарматараў, адкуль яе звольнілі праз палітычныя прычыны ў лістападзе 2020 года. Да затрымання яна была сябрай незалежнага прафсаюза.

Крымінальную справу супраць Малаш пачалі разглядаць 14 лістапада, а сёння — на наступны дзень працэсу — суддзя Сяргей Кацар вынес ёй прысуд. На волі Яніну чакае дачка.

* * *

Затрымалі мужа з жонкай — сілавікі кажуць, што па справе «Чорнай кнігі Беларусі».

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне Паўла Белікава, дырэктара вялікай рэкламнай студыі «Легалітбай», і ягонай жонкі.

Спачатку, нібыта, затрымалі жанчыну за налепку на машыне, а пасля атрымалі доступ да тэлефона яе мужа.

* * *

«Аб'яднаў выяву Лукашэнкі і свастыку»: вынесены прысуд жыхару Баранавіч Каспаровічу.

У судзе Баранавіцкага раёна і Баранавічы завяршыўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Андрэя Каспаровіча, які абвінавачваўся ў абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) і здзеку з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК).

Па матэрыялах абвінавачання, Каспаровіч на сваёй старонцы ў «Аднакласніках» размясціў выяву Лукашэнкі ў ваенным мундзіры на пярэднім плане, а на заднім — выяву свастыкі. Таксама ён пакінуў надпіс аб тым, што «ўлада карыстаецца нацысцкай ідэалогіяй і не з'яўляецца дэмакратычнай краінай».

Акрамя таго, мужчына на сваёй старонцы размясціў малюнак дзяржсцяга ўнутры свастыкі, выкананай у форме крыжа.

У выніку, суддзя Мікалай Кміта прысудзіў Каспаровічу два гады «хіміі».

* * *

У Мазыры затрыманы інжынер-энергетык Антон Хаткевіч.

Падставай для затрымання сталі размешчаныя ім каментары ў інтэрнэце. На «пакаяльным» відэа ён гаворыць, што ў лютым напісаў антываенны пост і нейкую інфармацыю пра Лукашэнку, якую праз злепку кавалка відэа хлопец называе хлуслівай.

Паводле сілавікоў, Хаткевіч увайшоў у шэраг «экстрэмісцкіх фармаванняў» і распальваў варажнечу ды абражаў Лукашэнку. Падчас затрымання ён нібыта спрабаваў уцячы і зламаць тэлефон.

Цяпер мужчыну пагражае цэлы стос артыкулаў Крымінальнага кодэкса — гэта распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці, абраза Лукашэнкі і паклёп на яго, а таксама стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім.

* * *

Заснавальніка Symbal.bу Павел Белавус ужо роўна год утрымліваюць за кратамі.

Культурніцкі менеджар Павел Белавус быў затрыманы 15 лістапада 2021 года пасля выкліку ў міліцыю. Пасля гэтага Паўла тройчы асудзілі па адміністрацыйных справах, а пасля ўжо па крымінальнай справе перавялі ў СІЗА.

Цяпер палітвязня абвінавачваюць паводле трох крымінальных артыкулаў: арт. 342 КК (Удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), арт. 361-1 КК (Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання) і арт. 356 КК (Здрада дзяржаве). За кратамі палітвязень піша вершы, якія можна знайсці пад хэштэгам #вершыбелавуса.