«Ва ўсяго ёсць мяжа. У цярпення таксама». Выкрадзенага з Расіі палітвязня катуюць у СІЗА
Юры Касцюк — не Віктар Бабарыка, не Святлана Ціханоўская і не Раман Пратасевіч. Убачыўшы гэтае імя, вы не адразу адкрыеце навіну. Юры Касцюк — малады беларускі хлопец, чыё жыццё зламаў рэжым Лукашэнкі. Ён не ведае, ці вытрымае гэтыя пакуты, а рычагоў уплыву на падзеі ў яго не шмат. Мы паразмаўлялі з маці Юрыя і даведаліся пра нешматлікія, але вельмі трывожныя навіны з жыцця палітвязня, якія прабіваюцца праз краты.
6 студзеня 2022 года 25-гадовы Юры Касцюк выйшаў на волю пасля таго, як цалкам адбыў пакаранне за «здзек з дзяржаўных сімвалаў». З лёгкай рукі суддзі Ленінскага раёна Аляксандра Семянчука малады чалавек правёў у папраўчай установе адкрытага тыпу (ПУАТ № 24) год, а затым, пасля замены пакарання на больш строгае, яшчэ 1 месяц і 16 дзён у турме.
Пасля вызвалення пакуты Юрыя не скончыліся. 15 лютага 2022 года яго зноў затрымалі. За дзень да затрымання беларускія ўлады прызналі экстрэмісцкім фармаваннем чат, звязаны з валейболам. Спачатку Юры Касцюк атрымаў адміністрацыйны арышт, падчас якога супрацоўнікі КДБ моцна збілі маладзёна, было нават падазрэнне на зламаныя рэбры.
На Юрыя завялі крымінальную справу па арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання ці ўдзел у ім). Ён паспеў з’ехаць з Беларусі. Юры быў аб'яўлены ў міжнародны вышук і 15 траўня 2022 года затрыманы ў аэрапорце Сочы, адкуль хлопец намагаўся рушыць далей у Еўропу. Тры месяцы Юры Касцюк правёў у СІЗА горада Армавір Краснадарскага краю. Генпракуратура Расіі вынесла рашэнне аб адмове ў выдачы Юрыя беларускім уладам, але ж яго таемна вывезлі ў Беларусь.
Па дарозе ў аэрапорт Сочы хлопца моцна збівалі. У аэрапорце Юра парэзаў сабе жывот, каб спыніць незаконную экстрадыцыю. Як паведамляюць праваабаронцы, яго вярнулі ў цэнтр часовага ўтрымання замежных грамадзян, дзе беларус зняў пабоі. Але праз тры дні, 16 кастрычніка, Юрыя Касцюка ўсё ж выкралі — незаконна вывезлі ў Беларусь і змясцілі ў ІЧУ Пружанаў, а пазней перавялі ў баранавіцкі СІЗА-6.
— Лісты яму аніякія не даходзяць, хаця я ведаю, што шмат хто піша, — распавядае Наталля. — Кнігі таксама не перадаюць. У Армавіры з кнігамі таксама было складана, але ж неяк перадавалі, а тут — ніяк.
Сувязь з маці ў Юрыя вельмі абмежаваная. Лісты ад яе не перадаюць. Мяркуючы па ўсім, не перадаюць нават тэлеграмы. Але ж лісты з-за кратаў ад Юры раз-пораз прабіваюцца, праўда, падчышчаныя пільным цэнзарам.
Вось як малады чалавек апісваў свой побыт у СІЗА ў лісце ад 30 кастрычніка:
«Ад таго, што рабіць няма чаго, [закрэслена цэнзарам], лісты не даходзілі яшчэ — дні цягнуцца вельмі доўга, [закрэслена цэнзарам]. Сканворды ў такім выпадку хутка сканчваюцца. А аднаму ў камеры сядзець — жах суцэльны. З глузду з’ехаць можна».
— Добрага распавесці няма чаго, — піша Юры ў адным з нешматлікіх лістоў, якія дабраліся да мамы.
— Я так разумею, ён зноў нешта з сабой рабіў. Напэўна, яго пасадзілі ў карцар, — кажа Наталля, прачытаўшы ліст ад сына. — Піша, што асаблівыя адносіны да яго. Проста ламаюць чалавека. Ён ужо гатовы і са следствам працаваць, каб спыніць гэтыя катаванні, але мы супраць, таму што пад адзін артыкул падцягнуць яшчэ пяць іншых.
— Сын застаўся без рэчаў, з адным пашпартам. Усе дакументы яго ў Расіі. Кажу ж, яго проста скралі! — падкрэслівае маці палітвязня.
Наталля распавяла, што суд у Сочы адмовіў заводзіць справу пра выкраданне чалавека, але ж адвакатка, якая абараняла Юрыя ў Расіі, напісала следчаму заяву, зараз яна разглядаецца.
На пытанне пра тое, чаму супрацоўнікі праяўляюць такую нечалавечую жорсткасць у адносінах да Юры, яго маці адказвае адназначна:
— Бо палітычны, вы ж разумееце. Гэта ж не тое, што ён адзін. Гэта ж колькі людзей разам з ім пакутуюць. Як кажуць, лес рубяць — трэскі ляцяць.
Акрамя як праз адваката, больш ніякіх спосабаў дагрукацца да сына ў Наталлі няма.
— Нават не ведаю, што рабіць, проста не ўяўляю, — прызнаецца жанчына. — Прасіла спаткання ў следчага, але ён сказаў: «Не, пакуль я не адпрацую па ім. А там — паглядзім».
Адзінае прывітанне ад маці, якое прабіваецца да Юрыя, — пасылкі.
— Можна перадаваць 30 кг у месяц. Я сабрала пасылку, падаецца, нічога не паклала — кілаграм цукру, парашок, яблыкаў кілаграм, памідоры… Атрымалася больш за 15 кг. То-бок ужо на паўмесяцы, — падлічыла Наталля. — Да таго ж высылала яму рэчы, куртку з дома. Бо прыехаў ён у сланцах.
— Аўсянка з перадачы — смачная, — піша Юра маме. — І перадавай дзякуй усім, хто дапамагае. А то, напэўна, не паспяваеш праз працу пабегаць па крамах, набыць усё, сабраць мяне нармальна.
Юры сканчвае ліст з-за кратаў прывітаннямі родным і зваротам да маці:
Далейшыя радкі зноў жа закрэсленыя фірмовым цэнзарскім прыёмам. Але напрыканцы, вялікімі літарамі Юра пакінуў шматзначнае: «Злосць і нянавісць — не лепшы сродак ад адзіноцтва».
Днямі Юрыя павінны наведаць адвакат. Працягваем сачыць за падзеямі.