Кантралююць, але ці тое, што трэба?

Узмоцнім кантроль, спынім бардак, вінаватых пакараем — гэтую любімую рыторыку ўлады ўключаюць штораз, калі здараецца нешта надзвычайнае.

www.b17.ru

www.b17.ru

Так і гэтым разам, на наступны дзень пасля трагедыі ў Стаўбцоўскай школе Аляксандр Лукашэнка, нават не выказаўшы спачуванні сем’ям загінулых, адразу пайшоў у атаку з абвінавачваннямі ў бардаку ды адсутнасці жалезнай дысцыпліны, а міністэрства адукацыі абвясціла, што меры бяспекі ў школах узмоцняцца. Але, прабачце, што там яшчэ можна ўзмацніць? Цяпер у школы чужы чалавек і так фактычна не патрапіць — гэта пацвердзілі і бацькі навучэнцаў са Стоўбцаў.

У кожнай школе — камеры відэаназірання ды баявыя вахцёры, якія не прапускаюць нават бацькоў школьнікаў, пакуль не запішуць прозвішча і не выпытаюць, да каго канкрэтна наведнік ідзе. Паставіць рамкі ці выдаць вахцёрам металашукальнікі? Малаверагодна, улічваючы агромністую плынь людзей штораніцы і штовечар. Дый сэнс? Хто хоча забіць — заб’е не ў школе, дык каля школы. Не каля школы, дык ля дома — магчымасць знойдзе. Так што папулісцкія заявы чыноўнікаў — чарговая спроба залагодзіць публіку. Але, падаецца, гэтым пустым словам ужо ніхто не верыць, і простыя чалавечыя спачуванні пацярпелым выглядалі значна б больш дарэчна.

А вось дзе відавочна трэба ўзмацняць і дысцыпліну, і кантроль, і ўсё, што можна, — гэта ў дзіцячых інтэрнатах. Пракурор Гродзенскай вобласці на прэс-канферэнцыі распавёў шакуючую гісторыю дзесяцігадовай дзяўчынкі, якую два месяцы гвалтавалі старэйшыя выхаванцы дзіцячага прытулку. Дзяўчынку часова забралі з сям’і, чакаючы, пакуль яе бацькі «стануць на шлях выпраўлення». Гвалтаўнікоў нават судзіць не могуць, бо яны не дасягнулі ўзросту наступлення крымінальнай адказнасці — у такіх злачынствах гэта 14 гадоў.

Што ж там адбывалася, калі 12–13-гадовыя дзеці два месяцы здзекаваліся з дзяўчынкі? Куды глядзелі выхавацелі, і ці самі не прымалі ў гэтым удзелу? Чаму сама гісторыя адбылася яшчэ ў 2016 годзе, але стала вядомай толькі цяпер? Што цяпер з дзяўчынкай і хто панясе адказнасць за тое, што здарылася? На гэтыя пытанні на прэс-канферэнцыі адказаў атрымана не было. Пракурор сціпла абмежаваўся думкай, што, мажліва, і ў іншых прытулках адбываецца нешта падобнае, і таму было б няблага паставіць камеры відэаназірання.

Ад такога цынізму перахоплівае дух — разумеючы, што, магчыма, у гэты момант недзе можа адбывацца падобны гвалт, пракуроры не б’юць ва ўсе званы, не праводзяць масавыя праверкі і не патрабуюць тэрміновага вылучэння сродкаў хаця б на сістэмы відэаназірання. Закрытых установаў шмат — гэта не толькі дзіцячыя прытулкі, але і дамы састарэлых, і псіхіятрычныя лякарні, і інтэрнаты для людзей з асаблівасцямі развіцця ды інваліднасцю. Гэта самыя неабароненыя групы, за якімі даглядаюць не заўжды сумленныя ды добрыя людзі, а значыць, неабходны дадатковы кантроль з боку грамадства і дзяржавы.

У пракуратуры Мінскай вобласці таксама заяўляюць, што за ўсім сочаць — у тым ліку за сітуацыяй з пашкоджанай «лавай Клінтана», якую з пачатку лютага нявечылі двойчы — спачатку разбілі на 4 кавалкі, пасля — на 14. Цяпер лаву вывезлі ў майстэрню на рэстаўрацыю, а па выпадках вандалізму завялі дзве крымінальныя справы. Сітуацыя ў Курапатах з боку дзяржаўных органаў кантралюецца, відаць, толькі на паперы, бо ніякіх канкрэтных захадаў па пошуку вінаватых зроблена не было.

У адрозненне ад грамадскіх актывістаў, якія ўчынілі засаду на вандала і практычна яго злавілі. І хоць ён паспеў ускочыць у машыну і з’ехаць, нумар машыны запісалі і перадалі ў міліцыю для разбіральніцтва. Праўда, нешта падказвае, што адказ з міліцыі прыйдзе ў стылі «асобу парушальніка высветліць не ўдалося», як было ў трынаццаці папярэдніх выпадках, калі апаганьвалі лаву.

Яшчэ адны гора-кантралёры, як высветлілася, засядаюць у лідскім райвыканкаме. Рыбакі выклалі ў сеціва відэа вадаёма ў Лідскім раёне, дзе пачаўся мор, і некалькі тон рыбы загінула. Праверка паказала, што ў райвыканкаме пра магчымы мор ведалі яшчэ ў сярэдзіне студзеня, і было прынята рашэнне зладзіць прэвентыўныя меры — зрабіць лункі, каб павысіць колькасць кіслароду ў вадзе. Як гэтае рашэнне было выкананае, зразумела з кадраў відэазапісу, дзе бачны горы мёртвых шчупакоў, акунёў ды іншых рыбаў.

Аматары рыбалкі актыўна абмяркоўваюць здарэнне — хтосьці жартуе, што рыбакі справіліся б сітуацыяй лепш за прыродаахоўныя структуры, нехта сароміць мясцовых жыхароў, якія замест таго, каб тэрмінова паведаміць куды-небудзь пра здарэнне, пачалі цішком вывазіць рыбу машынамі і санямі. Іншыя прадказваюць, як пакараюць чыноўнікаў, і ці прысудзяць ім штрафы за гібель тонаў рыбы, як прысуджаюць рыбакам, калі тыя вылавілі больш за дазволенае.

Пакуль рыбакі спрабуюць прыцягнуць дзяржслужачых хоць да нейкай адказнасці, галоўныя лыжнікі краіны з ліку чыноўнікаў паехалі на горналыжны курорт у Сочы. Сярод іх — Аляксандр Лукашэнка, у якога запланаваны тры дні перамоваў з расійскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным. Пачатак перамоваў выглядае неблагім — кіраўнікі дзяржаваў публічна пахвалілі адзін аднаго, і нават разам пакаталіся на лыжах. Абодва прызналі наяўнасць пэўных «шурпатасцяў», але ацанілі іх як «вырашальныя».

Праўда, слова «браты» пакуль што ні разу не прагучала — Пуцін назваў беларускі бок «сябрамі», Лукашэнка пайшоў трохі далей і выказаўся пра Сочы, як пра «родны дом». Як пойдуць перамовы далей і якімі будуць іх вынікі — спрагназаваць цяжка. Але можна меркаваць дакладна, перамовы з Пуціным — не тая сфера, пра якую кіраўнік беларускай дзяржавы можа сказаць, што ён трымае ўсё на кантролі. Адзін неакуратны крок — і галоўны кантралёр становіцца падкантрольным.