Яраслаў Раманчук: Камітэт дзяржкантролю прапануе знішчыць індывідуальных прадпрымальнікаў як клас

Навіну пра жорсткія змены ў падаткаабкладанні «іпэшнікаў» працягваюць каментаваць спецыялісты і шэраговыя карыстальнікі сацсетак. Выказаўся на тэму і вядомы беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук. 

1200_romanchuk_ekonomist.jpg

— Фінальная стадыя аперацыі «паціснуць руку апошняму прадпрымальніку», або як пакінуць без сродкаў да існавання каля 700 тысяч беларусаў, — піша ў фэйсбуку Яраслаў Раманчук. — Камітэт дзяржаўнага кантролю (КДК) прапануе знішчыць індывідуальных прадпрымальнікаў. Знішчыць, як клас, як асаблівую арганізацыйна-прававую форму. Менавіта так можна інтэрпрэтаваць прапановы КДК у лісце Мінфіну № 03/01-975 ад 01.02.2021 г.

Гэта вайна. Сацыяльна-эканамічны генацыд. Вайна кантрольна-сілавых войскаў супраць прадпрымальнікаў, іх наёмных работнікаў і членаў іх сем'яў. Рэгулятарны, падатковы залп напалмам супраць ІП накіраваны на радыкальнае скарачэнне/поўнае знішчэнне крыніцы даходу для прыблізна 700 тысяч чалавек.

Прапановы КДК — гэта помста індывідуальным прадпрымальнікам за грамадзянскую пазіцыю, за патрабаванні быць сумленным, выконваць Канстытуцыю (роўнасць умоў гаспадарання), за тое, што яны настойваюць на элементарнай павазе дзяржавы да сябе, на выканання базавага прынцыпу вяршэнства права.

Прапановы КДК — гэта яскравы прыклад таго, як цэрберы выслужваюцца перад сваім начальнікам, як яны бягуць наперадзе паравоза, як кантрольна-сілавыя структуры імкнуцца выйграць ўнутраную барацьбу за пернікі ад галоўнага. Яны сфармуляваны не як прапановы па падтрымцы людзей у крызіс. У іх няма здаровага сэнсу. КДК не сябруе з эканамічнай навукай. Кантралёрам чужая салідарнасць з тымі, хто многія гады на свой страх і рызыку, на свае грошы корміць свае сем'і, стварае працоўныя месцы, плаціць падаткі і задавальняе спажыўца. Лукашэнка крыкнуў КДК: «Фас!», Камітэт дзяржкантролю адказаў: «Ёсць!»

Прапановы КДК у сваёй сукупнасці — гэта, як кінуць атамную бомбу на сотні тысяч эканамічна актыўных беларусаў:

1) адмена адзінага падатку, замена яго ССП;

2) павышэнне падатку па ССП да 16% на юрыдычныя, бухгалтарскія, маркетынгавыя, кансультацыйныя і іншыя паслугі з «нязначнымі выдаткамі»;

3) увядзенне для індывідуальных прадпрымальнікаў платы ў 13% за зняцце наяўных звыш BYN3000 у месяц (варыянт: звыш 3-х сярэдніх ЗП па краіне);

4) павелічэнне плацяжоў у ФСАН;

5) узмацненне крымінальнай адказнасці за правапарушэнні ў падатковай сферы, увядзенне крымінальнай адказнасці за выплаты ў канвертах і нявыплату ў ФСАН.

Рэзкае павышэнне падатковай, рэгулятарнай, кантрольнай нагрузкі — гэта смяротны ўдар пад дых і без таго слабых ІП. За рэдкім выключэннем людзям (ІП) для выратавання сваёй сям'і, сваіх матэрыяльных актываў і рэзерваў застаецца адзінае выйсце — зачыніцца, распрадаць усё, што ёсць, заціхарыцца або з'ехаць. Або ўсімі магчымымі сродкамі адстойваць сваё права чалавекам звацца.

Нешматлікія адважацца перайсці пад «дах» наменклатурна-сілавых, кантрольных схематознікаў. Нешматлікія будуць рызыкаваць, парушаючы новыя патрабаванні ў надзеі, што пранясе. Здаровы сэнс, стан АМАПа-права і АМАПа-эканомікі, а таксама элементарны эканамічны разлік падштурхоўвае ІП да адзінага рашэння —зачыніцца.

Любое іншае рашэнне — гэта выбар рознай хуткасці спусташэння. Гэта выбар калянасці вяроўкі, на якой цябе павесяць. Гэта бязлітаснае самаахвяраванне — каб што? Па сутнасці справы, КДК прапануе Мінфіну, а таксама ўсяму ўраду аналаг бальшавіцкай продразвёрсткі ў галодныя часы.

На вайне, як на вайне. Усе двух- і трохлітарныя арганізацыі (МВФ, КДБ, СБ, СК, КДК), верагодна, супраць ІП. Зараз крытычна важная пазіцыя Міністэрства фінансаў, Савета Міністраў, а таксама мясцовых органаў улады. Яшчэ важней пазіцыя саміх індывідуальных прадпрымальнікаў. РГА «Перспектыва» на чале з лідарам Анатолем Шумчанкам ужо амаль 20 гадоў актыўна прапануе ІП аб'ядноўвацца для абароны і прадстаўлення сваіх правоў. Актыўнымі з'яўляюцца 2-3% ІП. Гэтага відавочна недастаткова для таго, каб прапановы КДК памерлі ў гэтым жа ведамстве.

Калі наменклатурна-сілавыя начальнікі, бюракраты розных узроўняў, а таксама сам Лукашэнка не ўбачыць масавасці, цвёрдасці і салідарнасці ІП і ўсёй дзелавой супольнасці, у тым ліку ўсіх бізнессаюзаў і асацыяцый, быць вялікай сацыяльнай, эканамічнай і гуманітарнай бядзе.

Адседзецца ў акопах не атрымаецца. Альбо прадпрымальнікі — не толькі ІП, іх работнікі, чальцы іх сем'яў — абароняць свае канстытуцыйныя правы, альбо яны пойдуць у парабкі. Прыйшоў час «Ч». У краіне больш за 80 бізнес-асацыяцый, саюзаў, цэнтраў падтрымкі і т. д. У краіне шмат выдатных, аўтарытэтных інвестараў, бізнесменаў, менеджэраў, фінансістаў, маркетолагаў, бухгалтараў і HR-спецыялістаў. Настаў час усіх вас, сябры. Час, калі крытычна важная падтрымка ІП, малога бізнэсу, каб пазбегнуць сюжэту «закатаць у асфальт» для ўсіх астатніх.

Усе думалі, як жа яшчэ ўлады могуць падліць алею ў агонь. Вось КДК прыдумала. Калі Саўмін, Адміністрацыя прэзідэнта і ўсе тыя больш за 60 арганізацый, якія ставяць свае подпісы пры ўзгадненні нарматыўна-прававых актаў прымуць пазіцыю Камітэта дзяржкантролю, гарачая вясна/лета/восень Беларусі гарантаваная. Да поўнай і канчатковай перамогі аднаго з бакоў.