Хронікі рэпрэсій за 10 верасня: Вярхоўны суд адхіліў апеляцыю Вячоркі на 20 гадоў зняволення

Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў: у яго трапілі Telegram канал «Solar Cross», старонка ў «УКантакце» «Страна для жизни», Youtube-канал «Страна для жизни 4-BY», а таксама TikTok-старонкі «slava», «сонiк», «Беларус», «Andrei Bardukhayeu-Arol», «Zmahar», «Dynama Miensk».

hroniki_represij2_logo.png_logo_1.webp
  • Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыю на завочны прысуд Франаку Вячорку

Як паведамляецца на сайце суда, судовая калегія вырашыла прысуд пакінуць без зменаў, а апеляцыйную скаргу — без задавальнення.

Нагадаем, у чэрвені Франаку было прызначана 20 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем тэрміну ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама штраф у памеры 1500 базавых велічыняў, што складае 60 тысяч рублёў.

Вячорку былі інкрымінаваныя 9 артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Акрамя таго, яму прад'явілі пазоў «у інтарэсах дзяржавы» аб пакрыцці маёмаснай шкоды ў суме больш за 30,9 млн рублёў, «прычыненай супрацьпраўнымі дзеяннямі».

  • Пачалі судзіць гісторыка Ігара Мельнікава 

Судовы працэс над гісторыкам праходзіць у Мінгарсудзе. Ігара Мельнікава абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК). 

Судзіць Мельнікава будзе суддзя Міхаіл Макарэвіч.

Нагадаем, Ігар спецыялізаваўся на гісторыі Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы ды ваеннай гісторыі, выдаў паўтара дзясятка кніг па тэме. У Мельнікава была неадназначная рэпутацыя ў прафесійных колах. Ён пачынаў з заходнерусізму, адтуль пераскочыў у паланафільства, але ўрэшце прыйшоў у падкрэсленую беларускасць, хоць і там не затрымаўся

Апошняя актыўнасць Мельнікава ў інстаграм датуецца 21 студзеня, акурат напярэдадні рэйду на салідарных з палітвязнямі, які адбыўся з 23 па 24 студзеня — праўда, невядома, ці патрапіў ён у рэйд або так супала. Сутнасць абвінавачання невядомая.

Глядзіце таксама

  • Палітвязня Андрэя Будая будуць судзіць па новай крымінальнай справе

Андрэй — фігурант па гучнай справе ініцыятывы "Буслы ляцяць", якую прызналі тэрарыстычнай. Яго прызналі вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Суддзя Анастасія Папко 28 верасня 2022 года прысудзіла яму 15 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у 500 базавых велічынь.

Спачатку палітвязень адбываў тэрмін у віцебскай калоніі № 3, а пазней быў пераведзены ў бабруйскую калонію № 2. Вядома, што палітвязня рэгулярна змяшчаюць у ШІЗА. 

Стала вядома, што 23 верасня ў Бабруйску Андрэя будуць судзіць паводле ч. 2 арт. 411 КК за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі". Справу будзе разглядаць суддзя Павел Карцінін. 

  • Кіраўніцу аддзела маркетынгу пяцізоркавага гатэля будуць судзіць за пратэсты і дапамогу палітвязням
maryna_aliseenka.jpg

Марыне Алісеенка 40 гадоў. Яна з Мінска, скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт у 2008 годзе. Пасля гэтага працавала перакладчыкам, але ў 2012 годзе ўладкавалася ў пяцізоркавы мінскі гатэль Crowne Plaza. За два гады яна з асістэнта менеджара па продажах стала кіраўніком аддзела продажу і маркетынгу.

Падобна, што цяпер Алісеенка за кратамі. Яе сацсеткі не абнаўляюцца з 22 студзеня 2024 года, апошняя актыўнасць была за два дні да аблавы КДБ на тых, хто дапамагаў палітвязням.

Суд над Марынай пачнецца 2 кастрычніка ў Мінскім гарадскім судзе. Яе вінавацяць па двух артыкулах — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК) і «ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК). Судзіць яе будзе Сяргей Хрыпач.

  • Хапун у Бярозе
hapun_u_bjaroze.jpg

Сілавікі адсправаздачыліся аб хапуне ў Бярозе — затрымалі як мінімум 10 чалавек

Усіх іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту.

Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць, што «астатнім 14 прыцягнутым асобам, абраная мера стрымання не звязаная з пазбаўленнем волі».


Глядзіце таксама

  • У Баранавічах затрымалі двух братоў за ўдзел у пратэстах

На «палонным відэа» адзін мужчына гаворыць, што падчас мітынгаў у 2020 годзе яны былі ў цэнтры горада, а ягоны брат — што яны выязджалі і ў Мінск. У гэты момант паказваюць сэлфі аднаго з іх з Паўлам Латушкам.

Як піша «Медыязона», у сацыяльных сетках браты падпісаныя як Вадзім і Алег Хільчук.

Трэці затрыманы гаворыць, што 9 жніўня 2020 года знаходзіўся ў двары вуліцы Камуністычнай, 18, але на гукі сірэны і крыкаў вырашыў схадзіць у цэнтр горада.

  • Намесніка дырэктара кампаніі па юрыдычных кансультацыях затрымалі за ўдзел у пратэстах

На «палонным відэа» мужчына кажа, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у несанкцыянаваных мітынгах, сфатаграфаваўся з Марыяй Калеснікавай, а таксама рабіў рэпосты з «экстрэмісцкіх» каналаў.