«Гульня працягваецца». Андрэй Гнёт падзяліўся навінамі праз два тыдні пасля апошняга апеляцыйнага суда
Канчатковае рашэнне суда павінна быць прынятае цягам 30 дзён. «Аднак, як сказалі мне сербскія адвакаты, суд можа павялічыць тэрміны да трох месяцаў», — кажа Гнёт.
Праз два тыдні пасля апошняга апеляцыйнага суда ў Бялградзе (Сербія) Андрэй Гнёт распавёў у Instagram, што ўсё яшчэ знаходзіцца пад хатнім арыштам.
«Я хацеў бы падзяліцца з вамі навінамі. Навінаў няма. Зусім, — кажа актывіст. — Няма ніякай інфармацыі пра тое, чаму так доўга думае суд і што ён сабе думае. Ведаць мы гэтага не можам».
Андрэй Гнёт нагадаў, што ў суда ёсць не больш за 30 дзён на прыняцце рашэння.
«Аднак, як сказалі мне сербскія адвакаты, суд можа павялічыць гэтыя тэрміны да трох месяцаў, — паведаміў беларус. — Таму сёння я магу сказаць толькі адно: гульня працягваецца».
Гнёт падкрэсліў, што рашэнне суда, «якім бы яно не было», павінна падпісаць, альбо не падпісаць, міністарка юстыцыі Сербіі Мая Паповіч.
«Адзін чалавек, па сутнасці, вырашае, каго пакараць, каго памілаваць. Гэта даволі дзіўна для Еўропы XXI стагоддзя, але факт застаецца фактам», — каментуе беларус.
«Я адчуваю сябе нармальна. Я ў добрым настроі. Маё здароўе дастаткова моцнае, каб працягваць барацьбу», — кажа Андрэй Гнёт.
Таксама беларус падзякаваў усім за вялізную хвалю падтрымкі і салідарнасці.
«Я не магу, не хачу і не буду здавацца. Я прашу вас, калі ласка, не здавайцеся. Мы павінны перамагчы, бо на нашым баку дабро і праўда. Не здадзіцеся вы — не здамся і я. Жыве Беларусь!» — сказаў спадар Гнёт у фінале прамовы.
Нагадаем, у кастрычніку 2023 года Андрэй Гнёт быў затрыманы ў аэрапорце Бялграда, куды прыляцеў на працу. Затрымалі мужчыну па «чырвоным апавяшчэнні» Інтэрпол, на запыт беларускіх уладаў. 7 месяцаў беларускі актывіст правёў у цэнтральнай турме Бялграда. 6 чэрвеня 2024 года ён быў пераведзены пад хатні арышт. Сербскі суд намагаецца выдаць беларуса рэжыму, нягледзячы на тое, што на радзіме яму пагражае палітычны пераслед і катаванні. 27 жніўня 2024 года адбыўся апошні апеляцыйны суд па справе Гнёта.
Напярэдадні апеляцыйнага суда Андрэй Гнёт казаў у інтэрв'ю «Новаму Часу»: «Я зараджаны на бескампраміснае змаганне і хачу, каб усе гэта разумелі. Я збіраюся ратаваць сваё жыццё. Бо гэта ратаванне не толькі майго жыцця.
Калі я буду выдадзены беларускай дыктатуры, гэта зламае ўсе нашыя мары пра тое, што мы калі-небудзь пабудуем новую краіну.
Можа, не канчаткова зламае, але моцна падарве. Гэта падарве давер людзей у тое, што дабро можа перамагчы зло. Вось гэта для мяне істотна. Калі ты перажываеш усё гэта, калі утрымліваешся ў турме, калі праходзіш праз усе ступені адчаю – перастаеш думаць толькі пра сябе і пачынаеш думаць глабальна. І я думаю: а што, калі экстрадуюць? Бо на самой справе я зараз у маленькім кроку ад гэтай бездані».