Беларус аб'явіў галадоўку ў лагеры для бежанцаў у Літве. Што адбываецца?
Беларус Руслан, які чакае разгляду сваёй заяўкі на бежанства ў Літве і жыве ў Цэнтры рэгістрацыі замежных асоб у прымежным горадзе Пабрадзе, заявіў, што пачаў галадоўку. Мужчына лічыць, што яго несправядліва абмяжоўваюць у перамяшчэнні, а таксама скардзіцца на ўмовы ўтрымання. Разам з ім да журналістаў звярнуліся яшчэ двое беларусаў, незадаволеных умовамі ў цэнтры.
Каб высветліць усе падрабязнасці, «Люстэрка» паразмаўляла з суайчыннікамі, а таксама кіраўніцтвам Цэнтра рэгістрацыі замежнікаў.
«Ніхто на маю галадоўку не рэагуе»
Руслану 37 гадоў. У Літву ён прыехаў у красавіку 2023-га і адразу папрасіў уцякацтва. Па словах мужчыны, у 2020 годзе ён з былой жонкай удзельнічаў у пратэстах. Прычынай ад'езду з Беларусі, расказвае ён, стала тое, што ім зацікавіліся супрацоўнікі КДБ. Як кажа Руслан, яны «прыязджалі, білі, хацелі, каб супрацоўнічаў з імі» (пацвярджэнне гэтага суразмоўца не прадставіў. — Заўв. рэд.).
— Праз дзень пасля таго як прыехаў (у Літву), пачалі разглядаць пытанне аб прадастаўленні прытулку, — распавядае мужчына. — Я жыў у лагеры, усё было нармальна.
Пазней, прызнаецца Руслан, ён пачаў неафіцыйна падпрацоўваць у таксі пад чужым імем. (Гэта парушэнне закона: каб працаўладкавацца ў Літве, замежніку неабходна атрымаць дазвол на працу, які выдае Служба занятасці. Сама па сабе падача хадайніцтва аб прадастаўленні прытулку не дае права працаваць. — Заўв. рэд.)
— У жніўні 2023-га ў мяне была замова, дзяўчынка папрасіла завесці па паказаным адрасе на пахаванне. Я не ведаў, куды еду, і патрапіў у Латвію (мужчына, хутчэй за ўсё, хітруе — кіроўцы таксі карыстаюцца навігатарамі, і ў такім выпадку складана не заўважыць, што вы апынуліся ў іншай краіне. — Заўв. рэд.). Бачыў, што далёка, але браў заказы любой адлегласці, толькі каб была магчымасць вярнуцца своечасова (мінімальная адлегласць ад Пабрадзе да латвійскай мяжы — больш за 130 км. — Заўв. рэд.). На зваротным шляху ўбачыў людзей каля дарогі (тады было дрэннае надвор'е, ішоў дождж), прапанаваў падвезці. А калі ехалі, машына паляцела ў кювет і адзін з пасажыраў атрымаў сур'ёзныя траўмы. Пачалі разбірацца — аказалася, гэта бежанцы. Я не ведаў, што трэба было прасіць дакументы, а потым пускаць людзей у машыну. У выніку мяне там асудзілі за перавозку мігрантаў.
Знаходзячыся ў зняволенні, Руслан даведаўся, што разгляд яго заяўкі аб бежанстве ў Літве спынілі. Тады вырашыў запытаць абарону ў Латвіі, каб не экстрадавалі ў Беларусь, кажа мужчына. Але калі ён расказаў прадстаўнікам міграцыйнай службы, што ўжо запытваў бежанства ў іншай краіне, тыя звязаліся з Літвой. Літоўскі бок пагадзіўся прыняць Руслана назад. Так у жніўні 2024 года ён зноў апынуўся ў цэнтры ў Пабрадзе, а разгляд заяўкі пачаўся па новай.
— Я падаў усе паперы, напісаў, што не збіраўся ўцякаць. Але пазней суд прыняў рашэнне аб альтэрнатыўным затрыманні, палічыўшы: ёсць пагроза, што я пакіну тэрыторыю краіны другі раз. Цяпер я магу знаходзіцца на ўсёй тэрыторыі цэнтра і з дазволу начальніка выходзіць у горад і вырашаць свае справы. Але мы пішам просьбы аб гэтым, а нам адмаўляюць. Прычым па тэрыторыі свабодна хадзіць таксама не можам, у нас як у затрыманых ёсць толькі маленькі дворык нашага корпуса. З-за ўсяго гэтага я аб'явіў галадоўку яшчэ на мінулым тыдні. Восьмы дзень ужо не ім (мы размаўлялі з Русланам 9 верасня. — Заўв. рэд.). Асноўнае патрабаванне — каб нас выпускалі, мы маглі наведваць царкву і краму. Ніхто на маю галадоўку не рэагуе, ходзяць: "Ты нічога не даб'ешся". А я сябе ўжо дрэнна адчуваю.
Акрамя адсутнасці магчымасці выходзіць за межы тэрыторыі, Руслан і яшчэ двое беларусаў паскардзіліся на тое, што ім "не аказваецца ніякай медыцынскай дапамогі". Па словах суразмоўцы, раніцай 9 верасня яго адвезлі на прыём да лекара, але перад уваходам у лякарню пачалі абшукваць. Мужчына ад ператрусу адмовіўся, таму яго вярнулі ў лягер, а прыём да доктара перанесьлі.
Яшчэ адзін беларус, Пётр, жыве ў лагеры для бежанцаў з лістапада 2022 года. Прычыну свайго прыезду ў Літву агучвае без падрабязнасьцяў: "Аналагічная гісторыя як ва ўсіх". Як і Руслан, суразмоўца скардзіцца, што не можа свабодна перамяшчацца па тэрыторыі лагера, выходзіць за яго межы. Праўда, у ягоным выпадку таксама не абышлося без нюансаў: мужчына прызнаецца, што парушыў правілы ўнутранага распарадку і не прыйшоў адзначацца (гэта трэба рабіць раз у суткі). З-за гэтага перамяшчэнні яму абмежавалі па рашэнні суда, палічыўшы, што ён можа пакінуць краіну. Акрамя таго, мужчына скардзіцца, што не можа схадзіць да стаматолага, не задавальняе яго ў Пабрадзе таксама якасць ежы і вады.
— Дапусцім, я не ем мяса, а ежа накладваецца з агульнага катла, з жывёльнымі тлушчамі. Ад такога харчавання ўвесь час спіш. І вада з крана каламутная, яе не тое што піць, мыцца немагчыма, — заяўляе ён.
«У сваім сектары маюць поўную магчымасць 24/7 выходзіць з будынка»
За каментаром наконт сітуацыі «Люстэрка» звярнулася да кіраўніка ўстановы Аляксандраса Кісловаса. Суразмоўца пацвярджае: у Цэнтры рэгістрацыі замежных грамадзянаў сапраўды ёсць беларус, які абвясціў галадоўку. І зважае на нюансы гісторыі Руслана.
— Гэты замежнік ужо быў у Літоўскай Рэспубліцы. Прыехаў, папрасіў прытулак і, скарыстаўшыся свабодным перамяшчэннем, уцёк у Еўропу, — расказвае Александрас. — Яго адтуль удала вярнулі па Дублінскім рэгламенце (частка права Еўрапейскага саюза, якая вызначае, якая дзяржава — член ЕС нясе адказнасць за разгляд хадайніцтва просьбітаў бежанства. — Заўв. рэд.). Паколькі ён парушыў працэдуру [прадастаўлення міжнароднай абароны], па рашэнні суда яму прызначылі альтэрнатыўнае затрыманне. Гэта значыць яго пасялілі ў цэнтр рэгістрацыі замежнікаў, абавязаўшы не пакідаць тэрыторыю без дазволу начальніка. Але магчымасць атрымаць дазвол існуе. Ёсць унутраны распарадак цэнтра, унутраныя правілы, якія пацверджаны генералам Службы памежнай аховы. І там падрабязна апісваюцца ўсе дэталі: за колькі дзён павінна быць дадзена прашэнне, якія фактары рызыкі ўлічваюцца.
Для супрацоўнікаў цэнтра рэгістрацыі замежнікаў галадоўка людзей, якія пражываюць там, сітуацыя не новая, кажа суразмоўца. Ва ўстановы ёсць правілы, дзе прапісана, што трэба рабіць у такой сітуацыі, прычым яны заснаваны на Еўрапейскім заканадаўстве.
— Гэты чалавек пачаў галадоўку, напісаўшы заяву і паказаўшы прычыну і матывы. Ён лічыў, што абмежавана яго свабода перамяшчэння. Але ў дадзеным выпадку мы выконваем рашэнне суда і лічым, што нашы дзеянні правамерныя, — распавядае кіраўнік цэнтра. — Па правілах замежнік у дадзеным выпадку пасяляецца асобна, яго аглядаюць у кабінеце сямейнага лекара (аналаг тэрапеўта ў Літве. — Заўвага. рэд.), паведамляюць аб клінічных наступствах і тым, што ён мае права выбраць доктара, які будзе прысутнічаць падчас галадоўкі. Увесь гэты час чалавеку прыносяць ежу ў пэўны час, пакідаюць на дзве гадзіны і потым забіраюць. Усе дзеянні запісваюцца ў часопіс. І я магу сказаць, што гэты грамадзянін Беларусі ў пятніцу, 6 верасьня, прымаў ежу. Пісьмова ён ад галадоўкі не адмаўляўся і на сёньня некалькі сутак зноў не прымае ежы. У дадзеным выпадку можам канстатаваць факт, што гэты чалавек працягвае галадоўку.
Аляксандрас Кісловас таксама падкрэслівае, што казаць аб поўнай забароне на перамяшчэнне падобным да Руслана няправільна.
— Да кожнай катэгорыі асоб, якія паселены ў пэўным будынку, прымяняецца пэўны рэжым, які прапісаны ў законе, — тлумачыць ён. — Затрыманыя асобы знаходзяцца ў сектарах, з якіх яны выпускаюцца толькі на прагулку ў пэўны час. Але ў сваім сектары яны маюць магчымасць 24/7 выходзіць з будынку і хадзіць па тэрыторыі. Напэўна, будзе крыху дзіўна, калі замежнік выкажа жаданне схадзіць, напрыклад, у корпус, у якім змешчаныя жанчыны з дзецьмі. І я магу запэўніць, што гэтыя людзі перасоўваюцца па тэрыторыі, якая адносіцца да іх месца пражывання.
«Мае права абскарджваць у судзе, як у нармальным дэмакратычным грамадстве»
Руслан таксама скардзіўся на немагчымасць наведваць царкву і набываць прадукты. І ў першым, і ў другім выпадку, кажа Кісловас, для гэтага няма неабходнасці пакідаць лагер. У замежнікаў ёсць магчымасць глядзець царкоўныя службы анлайн, а раз у тыдзень да іх прыходзіць святар. З набыццём тавараў першай неабходнасці дапамагаюць сацработнікі.
— Калі будуць патрэбныя нейкія паслугі, якія не прадастаўляюцца ў цэнтры, мы будзем ацэньваць фактар рызыкі. Магу сказаць, што ў яго выпадку, бо ён ужо адзін раз уцёк і парушыў працэдуру, рызыка ўцёкаў дастаткова вялікая. Рашэнне аб тым, адпусціць чалавека ці не, прымаецца не на падставе майго настрою ці пары года. Ёсць канкрэтныя правілы, якім мы кіруемся. Калі ён з гэтым рашэньнем ня згодны, то мае права яго абскардзіць у судзе, як у нармальным дэмакратычным грамадзтве. Таму мне больш за дзіўна бачыць такія метады (галадоўка. — Заўв. рэд.), я іх расцэньваю больш як спосабы ціску на адміністрацыю цэнтра.
Што да доступу да медпаслуг, то ў цэнтры ёсць кабінет сямейнага ўрача, да якога можна аператыўна запісацца. У выпадку неабходнасці чалавеку прызначаюць прыём у вузкага спецыяліста, кажа Аляксандрас Кісловас.
— Магу сказаць дакладна, што гэта адбываецца хутчэй, чым, дапусцім, у мяне. Калі я іду да свайго лекара і атрымліваю накіраванне, звычайна трапляю на прыём праз месяц. У дадзеным выпадку, напрыклад, замежнік, аб якім мы казалі, пападае на паўторны прыём праз 20 дзён. Мне здаецца, гэта дастаткова кароткі тэрмін. Да нас прыязджаюць прадстаўнікі Чырвонага Крыжа, ААН, якія пішуць справаздачы аб умовах прыёму грамадзян. Не буду казаць, што яны не пакідаюць рэкамендацый [як нам палепшыць сваю працу], але яны не настолькі крытычныя, наколькі пішуць гэтыя мужчыны.
Прэтэнзіі па вадзе і ежы кіраўнік цэнтра таксама лічыць неабгрунтаванымі. Паводле яго слоў, вада ў лагеры ідзе з уласнай свідравіны, а яе якасць правяраюць кожныя паўгода. Што да дыеты, кажа суразмоўца, то тут на выбар ёсць вегетарыянскае, традыцыйнае і альтэрнатыўнае меню (у апошнім няма прадуктаў са свініны).
— Ёсць адпаведная норма, пацверджаная міністрам аховы здароўя, наконт рэкамендаванай энергетычнай каштоўнасці ежы. У нас замежнікі атрымліваюць каля 2400 калорый у сярэднім, а столькі есць дарослы мужчына, які працуе на будоўлі. Прыёмы ежы тры разы на дзень, чатыры ў дзяцей. Магу сказаць, што з ежай у нас праблем няма, яна дастаткова якасная, — запэўніў Кісловас.