Дзяржпамежкамітэт: Абвінавачванні ў спрыянні патоку бежанцаў беспадстаўныя
Абвінавачванні на адрас беларускіх памежнікаў, нібыта яны садзейнічаюць патоку бежанцаў, не маюць пад сабой ніякіх падстаў. Пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік Дзяржпамежкамітэта Анатоль Бычкоўскі.
Антон Бычкоўскі распавеў таксама пра тое, што мігрантаў, якія імкнуліся прарвацца
ў Польшчу, Літву ды Латвію, насамрэч было не так шмат, іх проста суседнія краіны кепска
лічаць:
— Статыстыка расце не рэальная, а штучная. Напрыклад, латвійскія памежнікі прывезлі на мяжу групу з 20 чалавек, а потым забралі назад. Аднак у статыстыцы гэтых людзей запісалі як новыя факты затрыманняў. І так некалькі разоў.
На пытанне пра тое, чаму не было заведзена ніводнай справы на мігрантаў, якія не раз відавочна парушалі заканадаўства — секлі на мяжы дрэвы, ламалі агароджу, разбіралі брукаванку і г. д. — прадстаўнік Дзяржпамежкамітэта сказаў наступнае:
— Прымаючы пад увагу сітуацыю, якая склалася, і ўразлівае становішча бежанцаў, нязначнасць учыненых імі дзеянняў, а таксама той факт, што большасць падзей, звязаных са спробамі падачы хадайніцтваў аб прадастаўленні прытулку, адбываюцца на замежнай тэрыторыі, у дачыненні да ўразлівай катэгорыі асоб не пачынаўся адміністрацыйны альбо крымінальны працэс.
У 2021 годзе рэзка вырасла колькасць спробаў незаконна перасячы межы Беларусі з ЕС — рост адбыўся ў 10 разоў. Еўрапейцы сцвярджаюць, што за мінулы год у краіны ЕС праз Беларусь трапілі не менш за 20 тысяч чалавек. З іх 11 тысяч — незаконна трапілі ў Германію.