Insider: «Украінскі дрон-выведнік», збіты ў Беларусі, аказаўся расійскім

Учора, 3 лютага, з’явілася інфармацыя, нібы на беларускай тэрыторыі знойдзены ўкраінскі дрон. Мінск заявіў Кіеву афіцыйны пратэст з нагоды запуску разведвальнага беспілотніка, паведаміла прэс-служба беларускага МЗС. Пасол Украіны Ігар Кізім быў выкліканы ў беларускі МЗС.

zbity_dron.jpg

Беларускі бок распавёў, што 24 студзеня ўкраінскі беспілотнік перасёк беларускую мяжу, пасля чаго вайскоўцы прымусова яго пасадзілі: «На аснове аналізу даных бартавой апаратуры дакладна ўстаноўлена, што ён быў запушчаны з тэрыторыі Украіны ў мэтах правядзення нелегальнай разведвальнай дзейнасці над ваенным палігонам "Брэсцкі"».

Ва ўкраінскім МЗС заяву Беларусі назвалі «чарговай правакацыяй».

Тэлеканал «Беларусь 1» паказаў відэафрагмент са збітым беспілотнікам. «Insider» паведамляе, што ў гэтым дроне не цяжка пазнаць «Арлан-10» расійскай вытворчасці.

БПЛА «Арлан-10»

БПЛА «Арлан-10»

Пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім, адмаўляючы запуск беспілотніка украінскімі сілавікамі, заўважыў: «Наколькі вядома, гаворка ідзе пра беспілотнік "Арлан", такія ёсць толькі на ўзбраенні Расіі і Беларусі».

Ігар Кізім, аднак, тут не зусім дакладны: «Арланы» пастаўляюцца таксама ў Казахстан, Кыргызстан, М'янму і Узбекістан. Але пры цяперашнім стане расійска-ўкраінскіх адносін сапраўды было б вельмі дзіўна, калі б Украіна купляла выведвальныя дроны ў Расіі.

Беларускія вайскоўцы сцвярджаюць, што збілі не «Арлан», а «Spectator M1» украінскай вытворчасці.

Spectator M1

Spectator M1

Але формай галаўной часткі прадэманстраваны беларускім бокам дрон падобны менавіта да «Арлана»; акрамя таго, крылы «Spectator» маюць аэрадынамічныя законцоўкі-вінглеты, чаго няма ў «Арлана».

Паводле «Insider»