Другі дзень ІV Міжнароднага Кангрэсу даследчыкаў Беларусі
Экспазіцыя «Кузня беларускага духу», прысвечаная Віленскай беларускай гімназіі, працуе ў час Кангрэсу даследчыкаў Беларусі ў Коўне.
Унікальныя фотаздымкі навучэнцаў гімназіі, сярод якіх былі Максім Танк, Наталля Арсеннева, Хведар Ілляшэвіч ды іншыя вядомыя беларусы, сшыткі і падручнікі, дакументы і лісты – гэта няпоўны пералік таго, што сабрана найперш намаганнямі Людвікі Кардзіс з фондаў Віленскага беларускага музея.
Паводле яе, кожны з прадстаўленых у Коўне экспанатаў – каштоўны, бо дзеля некаторых з гэтых прадметаў у свой час людзі рызыкавалі сваім жыццём:
— Але з усіх гэтых экспанатаў найбольш шчымлівы для мяне і блізкі – гэта вышыванка «Поўнач», якую выканала Зоя Аляксандраўна Каўшанка. Яна выканала гэтую вышыванку ў час зняволення ў сталінскіх лагерах, а асновай для вышыванкі стала старая лагерная кашулька. Ніткі яна распорвала таксама са старых кашулек і вышывала. І Зоя Аляксандраўна расказвала, што вышыванне было ў лагеры небяспечнае для жыцця, бо ў сталінскім лагеры нельга было мець пры сабе голкі, таму ёй даводзілася ўвесь час хаваць сваю працу.
Віленская беларуская гімназія была заснаваная 95 гадоў таму. Да яе заснавання спрычыніўся беларускі культурны дзеяч Іван Луцкевіч. Гімназія дзейнічала да 1944 году, пакуль не была зачыненая. За 25 гадоў свайго існавання яна стала сапраўднай «Кузняй беларускага духу». У ёй, між іншымі, выкладалі ксёндз Адам Станкевіч і драматург Францішак Аляхновіч.
Большасць вучняў і выкладчыкаў гімназіі ў савецкія часы былі рэпрэсаваныя і трапілі ў сталінскія лагеры. Частка працягнула беларускую дзейнасць у эміграцыі.
На выставе прадстаўленыя экспанаты са збораў Віленскага беларускага музея.
* * *
Беларускі даследчык Кірыл Касцян, які цяпер жыве ў Нямеччыне, прадстаўляе на Кангрэсе даследчыкаў Беларусі ў Коўне часопіс Belarusian Review.
Гэта найстарэйшае англамоўнае выданне, прысвечанае Беларусі, якое было заснаваны ў канцы 80-х гадоў у Амерыцы прадстаўнікамі беларускай дыяспары.
Тэму свайго дакладу на кангрэсе Кірыл Касцян прысвяціў расейска-беларускай інтэграцыі. На яго думку, у гэтым пытанні вельмі важна ўлічваць фармат цяперашняй рыторыкі, а таксама нарматыўны фармат таго, з чым мы зараз маем дачыненне:
— Зразумела, што расейская дзяржава і расейская праваслаўная царква з’яўляюцца галоўнымі акторамі ў гэтым працэсе. Яны спрабуюць распаўсюдзіць канцэпцыю «рускага міру» на іншыя краіны, у тым ліку на Беларусь. У гэтай канцэпцыі Беларусі адведзена толькі роля суб’екта, нягледзячы на ўсе заявы пра роўнасць і, як кажуць, блізкасць. У свой час цяперашнія расейскія прэзідэнт і патрыярх гэта яскрава агучвалі на розных мерапрыемствах, іх цытаты сталі канцэптуальнымі ў вызначэнні далейшай палітыкі расейскай дзяржавы.
Пры гэтым Кірыл Касцян звяртае ўвагу на той факт, што беларуская Канстытуцыя, якая гаворыць пра шматвекавое развіццё беларускай дзяржаўнасці, паказвае, што з пункту гледжання нарматыўнага канцэпцыя, якая прапануецца Расеяй, не адпавядае канстытуцыйным прынцыпам беларускай дзяржаўнасці.
Ён адзначае, што ёсць шмат экспертаў і навукоўцаў, якія глядзяць на Беларусь праз прызму так званага «рускага міру», і яны кажуць пра культурніцкія перадумовы беларуска-расейскай інтэграцыі. Але цяперашняя сітуацыя і паводзіны беларускіх уладаў паказваюць іншае – тое, што яны гуляюць у сваю гульню, спрабуючы знайсці рэалізацыю сваіх уласных палітычных, эканамічных ды іншых інтарэсаў, у тым ліку асабістых. Кірыл Касцян падкрэслівае, што такія ідэі пра культурныя перадумовы інтэграцыі не належным чынам адбіваюцца на ўспрыняцці Беларусі:
— Бо, па-першае, краіна, якая разглядаецца як суб’ект паміж Еўропай і Расеяй, яна апрыёры не магла б мець незалежнай знешняй палітыкі, але Беларусь не ёсць такой. Таксама важна разумець, што беларускія палітычныя эліты, як украінскія ці расейскія, паходзяць збольшага з той палітычнай культуры, якая фармавалася яшчэ за савецкім часам, то бок яны паходзяць з той палітычнай культуры, калі знаходзяцца нейкія кропкі судакранання без якіх-небудзь пасярэднікаў.
— Апошнім часам ідэя гэтак званага «рускага міра» пачынае пэўным чынам трансфармавацца, у прыватнасці, моўнае пытанне змяняецца, бо расейскамоўны чалавек ужо перастае разглядацца як той, які апрыёры належыць да «рускага міру».
— Абсалютна так. Калі глядзець з расейскага пункту гледжання, то да «рускага міру» належаць усе людзі, незалежна ад нацыянальнасці, якія адчуваюць сябе ў межах гэтай рускай культуры, якая ўключае моўны і рэлігійны чыннікі. Пры гэтым, зразумела, Расея спрабуе сябе паказваць як цэнтр прыцягнення людзей з такім светапоглядам і такой культурай. Аднак, хоць нехта кажа пра нейкі моўны падзел ва Ўкраіне або рэлігійны падзел, варта нагадаць, што на тым жа Майдане стаялі людзі, якія размаўлялі і па-расейску, і па-ўкраінску. На Майдане таксама стаялі людзі розных рэлігійных поглядаў. І заявы пра абарону расейскамоўных на ўсходзе Украіны – гэта не больш, чым палітычныя заявы і спробы апраўдаць тыя ці іншыя дзеянні бакоў гэтага канфлікту.
«Іншая справа, як гэта трактуецца звонку, таму што мы бачым розныя падыходы і розныя спробы транслявання гэтага на замежную супольнасць, дзе проста часам выглядае, што існуюць два або і тры паралельныя светы», – дадае Кірыл Касцян.