Былы палітвязень Зміцер Фурманаў ажаніўся ў Вільні (фота)
На вяселле пад бел-чырвона-белымі сцягамі завітала і Святлана Ціханоўская.
29 траўня 2020 года Зміцер быў затрыманы ў Горадні на пікеце па зборы подпісаў за кандыдатку ў прэзідэнты Святлану Ціханоўскую, пазней асуджаны да двух гадоў калоніі (арт. 342. 1 — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Увесь час зняволення тады яшчэ дзяўчына Змітра — Вольга Каракіна змагалася за яго: пікетавала, трымала галадоўку, а пасля вызвалення дапамагала выехаць з Беларусі.
Падчас апошняга слова Зміцер Фурманаў сказаў: «Відавочна, што ўсяму дрэннаму прыходзіць скананне. Так і гэты антыграмадскі рэжым пераменіцца, і на яго месца прыйдуць файныя беларусы, якія пачнуць адраджаць нацыянальныя каштоўнасці, павышэнне ўзроўню жыцця грамадзян Рэспублікі Беларусь. Гэта будзе новы час, калі мы зноў будзем ганарыцца сваёй дзяржавай, міліцыяй, следчымі органамі, пракуратурай, судовымі ўстановамі, прафесійнымі хаўрусамі ды, нарэшце, сваёй беларускай мовай, гімнам, сцягам, гербам. Таму, якое бы ні было прынята рашэнне ў дачыненні да мяне і маіх сяброў, я ўпэўнены, што ў нас ва ўсіх усё абавязкова будзе добра».
У зняволенні вязень правёў агулам каля паўтара месяца ў карцары.
На волю вязень выйшаў толькі 21 кастрычніка 2021 года, адбыўшы ўвесь тэрмін. А напачатку 2022 года зрабіў прапанову сваёй дзяўчыне.
Сёння пара спраўляе вяселле ў нацыянальных колерах, перадае Радыё Св*бода. Сярод гасцей — і дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская.