Беларусы скінуліся на дапамогу сям’і з Лоева, у якой забралі 3-месячнага першынца
Жыхарка Лоева Алеся Фаміных чакае вяртання свайго 3-месячнага сына, якога забрала ў прытулак дзяржава — праз беднасць бацькоў. Пасля артыкула на Свабодзе неабыякавыя арганізацыі і беларусы дапамаглі бацькам.
Хто і як дапамог?
Юрыдычна. Праваабаронца Леанід Судаленка дапамог Алесі Фаміных скласці скаргу на імя старшыні Лоеўскага райвыканкаму Веранікі Байковай — на дзеянні камісіі па справах непаўналетніх.
«Справа ідзе аб неканстытуцыйным адабранні дзіцяці з сям’і. Такое адабранне магчымае толькі па судовай санкцыі. Тут суд не дазваляў забіраць 3-месячнага хлопчыка, а чыноўнікі скарысталіся Дэкрэтам № 18. Ён супярэчыць Канстытуцыі», — кажа праваабаронца.
У скарзе маладая маці просіць райвыканкам адмяніць рашэнне і вярнуць Максіма, а таксама зняць з бацькоў статус «абавязаных асобаў».
Леанід Судаленка нагадаў, што міжнароднае права забараняе ўсе віды дыскрымінацыі, у тым ліку па маёмаснай прыкмеце. Менавіта праз беднасць чыноўнікі адабралі дзіця.
Маладую сям’ю ўжо наведалі судовыя выканаўцы, якія абавязалі Алесю і Андрэя выплаціць сумарна дзяржаве 280 рублёў за ўтрыманне іх сына ў Доме дзіцяці.
Маральна.«Мне тэлефанавалі шмат людзей, выказвалі падтрымку, абураліся дзеяннямі чыноўнікаў, абяцалі дапамагчы грашамі і рэчамі», — зазначыла Алеся.
Матэрыяльна. Многія людзі адгукнуліся на патрэбы маладой сям’і і пералічылі грошы на рахунак Алесі. Мясцовая ўлада запатрабавала, каб сям’я палепшыла жыллёвыя ўмовы, змяніла газавую пліту, правяла водаправод. Алеся і яе грамадзянскі муж Андрэй зрабілі сціплы рамонт, адрамантавалі печку і комін, набылі калыску, вазок, дзіцячыя рэчы, новую пліту. На водаправод не хапіла грошай, таму што дзяржава абавязала бацькоў аддаваць грошы на ўтрыманне Максіма ў Доме дзіцяці.
На правядзенне водаправоду 21 жніўня сродкі пералічыла Дабрачынная каталіцкая місія «Карытас-Міласэрнасць».
Rotary Club Minsk Сity цяпер займаецца зборам гуманітарнай дапамогі для сям’і — прадуктаў, цёплых рэчаў дзіцяці і маці, абутку, гігіенічных сродкаў.
«Да верасня мы прывязём дапамогу сям’і. Таксама мы будзем непасрэдна размаўляць з органамі апекі на тэму, як можна сістэмна падыйсці да вырашэння пытання „стварыць усе неабходныя ўмовы для знаходжання кожнага дзіцяці з маці“», — сказала старшыня Rotary Club Minsk Сity Алена Бандарэнка.
Мясцовыя чыноўнікі наведалі сям’ю з чарговай камісіяй
21 жніўня дом Алесі і Андрэя зноў наведала камісія з выканкаму. Паводле Алесі, чыноўнікі абяцалі, што як толькі да дому будзе падведзена вада — Максіма аддадуць. Мясцовыя камунальныя службы абяцаюць, што заўтра, 22 жніўня, пачнуць працы па правядзенні вадаправоду.
На пытанне Свабоды, ці аддадуць Алесі Фаміных дзіця, калі ў дом правядуць вадапраправод, намесніца старшыні камісіі па справах непаўнагадовых Лоеўскага райвыканкаму Людміла Жураўская адказала, што ніякіх каментароў даваць не будзе.
«Гэта тычыцца прыватнага жыцця канкрэтнай сям’і, таму я нічога казаць не буду. Усе мы на працоўных месцах», — заўважыла чыноўніца.
Да цяжарнасці Алеся працавала прыбіральшчыцай, атрымлівала 200 рублёў. Яе грамадзянскі муж Андрэй не працаваў, стаяў на ўліку ў цэнтры занятасці. На новай працы, куды малады чалавек уладкаваўся рабочым, ён мае заробак каля 200 рублёў. З гэтых грошай павінен цяпер аддаваць 70% на ўтрыманне сына.
Чыноўнікі наракалі на «запушчаны агарод». У Алесі была складаная цяжарнасць, яна шмат разоў ляжала ў бальніцы. Пасля ў нованароджанага выявілі парок сэрца — таму маці з сынам больш за два месяцы правялі ў бальніцы. Потым Максіма забралі ў Дом дзіцяці. Цяпер маладой маці дазваляюць бачыць малога толькі паўгадзіны ў дзень.
Максім па рашэнні Лоеўскага райвыканкаму зрабіўся «непаўналетнім, які мае патрэбу ў дзяржаўнай абароне», сям’я — «сацыяльна-праблемнай», бацькі — «абавязанымі асобамі».