Анатоля Лябедзьку чакае суд

На лідара Аб`яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзька, затрыманага сёння раніцай у Мінску, складзены адміністрацыйны пратакол за парушэнне парадку правядзення масавых акцый. Пра гэта палітык напісаў на сваёй старонцы ў "Фейсбуку".



lebedko2_245.jpg

Ён паведаміў, што знаходзіцца ў апорным пункце міліцыі Савецкага раёна Мінска, што па зав. Якуба Коласа, 15, корп. 2. За правядзенне 5 студзеня ў Мінску збору подпісаў за адмену аўтапошліны на яго складзены пратакол на падставе п. 3 артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў). Санкцыі гэтага артыкула цягнуць накладанне штрафу ад дваццаці да пяцідзесяці базавых велічынь ці адміністрацыйны арышт.

Лябедзька таксама паведамляе, што суд над ім прызначаны на 14 студзеня ў судзе Савецкага раёна. 


Нагадаем, лідар АГП быў затрыманы ў Мінску сёння раніцай. Ён выйшаў з дома і накіраваўся ў гаражны кааператыў па машыну, пасля чаго раздаўся званок па дамафоне і мужчынскі голас паведаміў жонцы Лябедзькі пра яго затрыманне. 


Cёння ў 12 гадзін каля сталічнага Камароўскага рынку Лябедзька планаваў зноў збіраць подпісы ў падтрымку адмены аўтапошліны і адстаўку ўрада. Тыдзень таму Лябедзька, а таксама сустаршыня кампаніі "За справядлівыя выбары" Віктар Карняенка таксама каля Камароўскага рынку збіралі подпісы. Пры гэтым за іх дзеяннямі назірала беспрэцэдэнтная колькасць супрацоўнікаў міліцыі і спецслужбаў, якія, аднак, не перашкаджалі падзеям. Не менш як дзесяць чалавек у цывільным увесь час суправаджалі Лябедзьку і Карняенку, частка з іх бесперапынна вяла відэаздымку, а на прылеглых вуліцах дзяжурылі машыны ДАІ і знаходзілася некалькі міліцэйскіх аўтобусаў. 


Першапачаткова палітыкі планавалі 5 студзеня аўтапрабег па праспекце Незалежнасці супраць увядзення аўтапошліны, аднак Мінгарвыканкам адмовіў у яго правядзенні. У сувязі з забаронай аўтапрабегу і было вырашана арганізаваць збор подпісаў.

Рашэнне ўвесці з 2014 года пошліну за допуск аўтамабіляў да ўдзелу ў дарожным руху было прынята парламентам у снежні і ўхвалена прэзідэнтам. Памер пошліны складае ад 3 да 25 базавых велічынь (цяпер ад 390 тыс. да 3 млн. 250 тыс. рублёў), у тым ліку для фізічных асоб на легкавыя аўтамабілі — ад 3 да 10 базавых велічынь (ад 390 тыс. да 1,3 млн.). Прадугледжана самастойная выплата пошліны да моманту праходжання тэхагляду.

belapan.com