Праходзіць суд над Анатолем Лябедзькам
У судзе Савецкага раёна Мінска сёння раніцай пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні да лідара Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоля Лябедзькі. Палітык абвінавачваецца ў парушэнні парадку правядзення масавых акцый.
Лябедзька быў затрыманы раніцай 12 студзеня ў цэнтры Мінска і правёў у міліцыі больш за шэсць гадзін. Яго абвінавачваюць у правядзенні несанкцыянаванай акцыі 5 студзеня, калі лідар АГП з
сустаршынёй кампаніі "За справядлівыя выбары" Віктарам Карняенкам збіралі подпісы за адмену аўтапошліны і адстаўку ўрада. Лідару АГП пагражае штраф у памеры ад 20 да 50 базавых
велічынь або адміністрацыйны арышт.
У пачатку судовага працэсу Лябедзька заявіў адвод суддзі Кірылу Палулеху. "У Беларусі няма незалежнай судовай сістэмы. Гэты факт зафіксаваны ў шэрагу міжнародных дакументаў, прынятых Саветам
Еўропы, АБСЕ, а таксама парламенцкімі асамблеямі гэтых арганізацый. У адпаведнасці з Канстытуцыяй, міжнародныя пагадненні з'яўляюцца прыярытэтнымі ў дачыненні да законаў. Таму я не давяраю
цяперашняму суддзі", — заявіў палітык.
Пасля гэтага на судовым пасяджэнні быў аб'яўлены перапынак для разгляду хадайніцтва.
Як паведамляў БелаПАН, раніцай 12 студзеня Анатоль Лябедзька выйшаў з дому і накіраваўся ў гаражны кааператыў за машынай, пасля чаго раздаўся званок па дамафоне і мужчынскі голас паведаміў жонцы
палітыка аб яго затрыманні.
Апоўдні каля сталічнага Камароўскага рынку Лябедзька меў намер збіраць подпісы ў падтрымку адмены аўтапошліны і адстаўкі ўрада. За тыдзень да гэтага ён збіраў подпісы разам з сустаршынёй кампаніі
"За справядлівыя выбары" Віктарам Карняенкам таксама каля Камароўскага рынку. Пры гэтым за іх дзеяннямі назірала беспрэцэдэнтная колькасць супрацоўнікаў міліцыі і спецслужб, якія,
аднак, не перашкаджалі збору подпісаў. Не менш чым 10 чалавек у цывільным пастаянна суправаджалі Лябедзьку і Карняенку, частка з іх бесперапынна вяла відэаздымку, а на сумежных вуліцах дзяжурылі
машыны ДАІ і знаходзілася некалькі міліцэйскіх аўтобусаў.
Спачатку палітыкі планавалі 5 студзеня аўтапрабег па праспекце Незаежнасці супраць увядзення аўтапошліны, аднак Мінгарвыканкам адмовіў у яго правядзенні. У сувязі з забаронай аўтапрабегу і было
вырашана арганізаваць збор подпісаў.
Рашэнне ўвесці з 2014 года пошліну за допуск аўтамабіляў да ўдзелу ў дарожным руху было прынята парламентам у снежні і ўхвалена прэзідэнтам. Памер пошліны складае ад 3 да 25 базавых велічынь (цяпер
ад 390 тыс. да 3 млн. 250 тыс. рублёў), у тым ліку для фізічных асоб на легкавыя аўтамабілі — ад 3 да 10 базавых велічынь (ад 390 тыс. да 1,3 млн.). Прадугледжана самастойная выплата пошліны
да моманту праходжання тэхагляду.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН