Брэст: абласны суд пакінуў скаргу ў справе Віталя Каўша без задавальнення

10 студзеня ўступіў у сілу прысуд у дачыненні да жыхара Брэсцкага раёна Віталя Каўша, які раней быў пакараны да чатырох гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці за арганізацыю незаконнай міграцыі, аднак  сапраўдных доказаў віны Віталя Каўша няма.



koush_vital.jpg

Віталь Коўш

В. Коўш быў абвінавачваны ў тым, што ў змове з іншай асобай спрыяў таму, каб з Расіі ў Беларусь у траўні 2012 года трапілі восем грамадзян Індыі, якім пасля нібыта арганізавалі незаконнае перасячэнне беларуска-польскай мяжы з дапамогай каната. Індусаў затрымалі, і нейкі час яны знаходзіліся ў ізалятары часовага ўтрымання на тэрыторыі Брэсцкай памежнай групы. Пасля дэпартацыі гэтых грамадзян Індыі за межы Беларусі ў інтэрнэце з’явіўся зварот, дзе яны распавялі, што падчас знаходжання ў ізалятары іх прымушалі рабіць хлуслівыя сведчанні ў адносінах да асобы, якую асабіста не ведалі (гаворка ідзе пра Віталя Каўша).

У сакавіку 2013 года суд Брэсцкага раёна прызнаў Каўша вінаватым і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе 4 гадоў турмы, аднак пасля абскарджвання гэтага рашэння абласны суд адмяніў прысуд і накіраваў матэрыялы справы на новы разгляд. Пазней той жа суд Брэсцкага раёна ў новым складзе пацвердзіў ранейшы прысуд і скарга на яго пакінутая без задавальнення.

Як лічыць праваабаронца Раман Кісляк, сапраўдных доказаў віны Віталя Каўша няма, а грамадзян Індыі адмовіліся запрашаць у Беларусь, каб яны выступілі ў судзе ў якасці сведкаў. Такім чынам, на думку праваабаронцы, адбываецца пераслед Каўша за ягоную грамадскую дзейнасць, бо раней Віталь браў удзел у шэрагу палітычных кампаній у Брэсце, быў затрыманы падчас акцыі салідарнасці з палітвязнямі і працаваў назіральнікам на прэзідэнцкіх выбарах у 2010 годзе.

spring96.org