«А раптам Ён ёсць?» Як два дыктатары піярацца на рэлігіі
У час апошняй сустрэчы ў Расіі Лукашэнка і Пуцін не толькі правялі перамовы, але і распачалі «турнэ па святых месцах». Яшчэ ў першы дзень, у нядзелю, наведалі стаўрапігіяльны Нікольскі марскі сабор у Кранштаце, а ў панядзелак зладзілі паездку на востраў Валаам. Паслухалі валаамскі хор, палюбаваліся роспісамі, пакланіліся мошчам, патрымалі свечкі, пастаялі з задуменным поглядам уверх, які, мабыць, у нашых дыктатараў азначае няслабыя рэлігійныя пачуцці.
На мінулым тыдні Лукашэнка прапанаваў прытулак у Беларусі манахам Кіева-Пячэрскай лаўры, ад якіх украінская ўлада патрабуе пакінуць месца, адзначае BG.Media.
Як патлумачыла рэлігіязнаўца Наталля Васілевіч, гэтая прапанова, па-першае, нерэалістычная — у Беларусі і блізка няма манастыроў такога маштабу, а для манахаў з Лаўры пытанне складаецца ў захаванні братэрства і асаблівага месца, а не ў тым, дзе жыць. Па-другое, такая «апека» ад дыктатара-суагрэсара толькі пагаршае становішча манахаў Кіева-Пячэрскай лаўры ўнутры Украіны. Па-трэцяе, украінская праваслаўная царква дапамагае УСУ, моліцца за абаронцаў Украіны, у саміх манахаў ёсць блізкія людзі ва ўкраінскім войску, яны ўвесь час пакутуюць ад абстрэлаў Кіева, і вельмі дзіўна запрашаць іх у краіну, адкуль у свой час здзяйсняліся гэтыя ж абстрэлы, дзе відавочна гаспадараць расійскія вайскоўцы, а грамадзяне, у тым ліку тыя ж праваслаўныя святары, падвяргаюцца ганенням за мінімальную салідарнасць з Украінай.
Мяркуем, што тыя з манахаў, якія пачулі прапанову Лукашэнкі, адчулі нядобразычлівыя пачуцці. А некаторыя, можа быць, і выказаліся нядобразычлівымі словамі.
Аднак літаральна ў наступныя дні два «абаронцы праваслаўнай веры» вырашылі паказаць майстар-клас новага ўзроўню. Зусім як у справе аб незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей: не паспеў Лукашэнка атрымаць «квіток у Гаагу», як беларуская сістэма прадэманстравала, што здольная на большае.
Ноччу на нядзелю расійскія войскі абстралялі Адэсу, у выніку чаго моцна пацярпеў галоўны праваслаўны храм горада — кафедральны Свята-Праабражэнскі сабор Украінскай праваслаўнай царквы. Фота разбурэнняў у выдатным храме абляцелі Інтэрнэт.
Следам Пуцін і Лукашэнка адправіліся фатаграфавацца на фоне царкоўных антуражаў. Прычым, як прымеціў тэлеграм-канал «Нік і Майк», на востраве Валаам абодва кіраўнікі наведалі Спаса-Праабражэнскі сабор — храм з такой жа назвай, што і разбомблены ў Адэсе. Дарэчы, аўтары канала сумняваюцца, што на Валааме быў сапраўдны Пуцін:
«Мяркуючы па пацалунках з натоўпам і пакланенні мошчам — наўрад ці. Крамлёўскі пул стаяў перад выбарам: паказваць арыгінал у пустаце або копію ў асяроддзі паствы. Абодва варыянты дрэнныя. Падобна на тое, на публіцы сіняпаламу прыйшлося здавольвацца копіяй, што ніяк не дадае настрою».
Паводзіны Лукашэнкі «Нік і Майк» апісвае вельмі коратка і дакладна: «Спалоханы погляд уверх: “А раптам Ён ёсць?!”»
Адзначылі аўтары канала і тое, што ў мінулы раз Пуцін вазіў Лукашэнку на Валаам перад тым, што павінна было стаць пачаткам транзіту ўлады — электаральнай кампаніяй у Беларусі. Калі дакладней, тая паездка адбылася ў ліпені 2019 года. Тады госцю ўдалося саскочыць. Цяпер, на думку аўтараў, далі зразумець, што саскочыць не атрымаецца: ужо пачалі «адпяваць і хаваць».
Назіральнікі, дарэчы, заўважылі, што Лукашэнка, у адрозненне ад Пуціна (або яго двайніка, што ў палітычным сэнсе не так ужо важна) не перахрысціўся падчас набажэнства і пасля пакланення мошчам прападобных Сергія і Германа. У другім выпадку ён проста прыклаў руку да грудзей. Напэўна, менавіта так выглядаюць абрады ў праваслаўным атэізме.
Паспрабуйце здагадацца, якая малітва прагучала падчас наведвання храма двума дыктатарамі, вінаватымі ў поўнамаштабнай вайне на еўрапейскім кантыненце? Вядома ж, «аб дараванні перамогі хрысталюбным правадырам і войску нашаму над супастатам».
Пра перамогу застаецца толькі маліцца — дасягнуць яе больш зямнымі сродкамі аказалася немагчыма. Дый падобна, што нябесная канцылярыя не на баку «хрысталюбнага войска»: то гусі самалёты збіваюць, то зіма ў Еўропе, якую толькі сабраліся замарозіць, аказваецца незвычайна цёплай.
«Рэлігійнасць» такіх людзей, як Пуцін і Лукашэнка, нават у атэістаў выклікае абурэнне сваім блюзнерствам. Казаць пра яе без сарказму складана. Адзінае, што можна сказаць з сур'ёзным тварам: самае страшнае, што можа зрабіць зло — прыкрыцца рэлігіяй.