Юрый Дракахруст: Заявы Лукашэнкі і Пуціна пра пагрозу з боку Польшчы — гэта наступ у інфармацыйнай вайне
У святле поўнамаштабнай вайны Расіі з Украінай ужо падзабыўся тэрмін «гібрыдная вайна». Бо ва Украіне яна зараз не гібрыдная. Але гэта не азначае, што яшчэ адзін фронт гэтай вайны не можа быць гібрыдным. Палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст разважае, што стаіць за заявамі Лукашэнкі пра «стрымліванне «Вагнера» ад экскурсіі ў Польшчу».
Адной з галоўных (калі не галоўнай) тэмаў чарговай сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным стала абмеркаваньне магчымых ваенных дзеяньняў з Польшчай. Заявы, зробленыя на гэтай сустрэчы, былі працягам інвэктываў Пуціна, якія ён агучыў на Радзе бясьпекі РФ некалькі дзён таму — наконт таго, што Польшча нібыта мае намер захапіць частку тэрыторыі як Украіны, гэтак і Беларусі.
Лукашэнка прыняў пас. Паведамляецца, што на сустрэчу з прэзыдэнтам РФ ён прывёз мапу перадысьлякацыі да межаў Беларусі дзьвюх польскіх брыгадаў. Адразу ж прыгадваецца заява Лукашэнкі, зробленая неўзабаве пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны з Украінай, якая стала мемам: «Я вам пакажу на мапе, адкуль рыхтаваўся напад». Цяпер таксама дэманструецца мапа пагрозаў, цяпер ужо — польскіх.
Лукашэнка ў Санкт-Пецярбургу заявіў, што «адрыў Заходняй Украіны, расчляненьне Ўкраіны і перадача земляў Польшчы непрымальная». Практычнае расчляненьне Ўкраіны насамрэч спрабуе зладзіць піцерскі суразмоўца Лукашэнкі. І гэта ён непрымальным ня лічыць.
Пры гэтым ні ён, ні Пуцін не прыводзяць ніякіх доказаў наяўнасьці дзеяньняў і нават плянаў ці намераў з боку Варшавы дзеля тэрытарыяльных захопаў. Аднак пры гэтым Лукашэнка гатовы абараніць ад гэтай уяўнай пагрозы насельніцтва Заходняй Украіны.
Гэтае абяцаньне пераклікаецца з афіцыйнай мэтай расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым летась — абарона насельніцтва. Тады — Данбасу, цяпер — Заходняй Украіны, маўляў, мы не агрэсары, мы абаронцы.
У рэчышчы гэтых пагрозаў, а мо і падрыхтоўкі пашырэньня тэатру ваенных дзеяньняў, і расповед Лукашэнкі пра паводзіны «вагнэраўцаў» у Беларусі.
«Але скажу, што нас пачалі «напружваць» «вагнэраўцы». Просяцца на Захад: “Дазвольце нам!” Я кажу: “Вам навошта на Захад туды?” Ну і ўціхую... Мы ж кантралюем, што адбываецца. — “Ну, сходзім на экскурсію ў Варшаву і Жэшуў”. А Жэшуў для іх непрымальны. Калі яны ваявалі пад Арцёмаўскам (савецкая назва Бахмуту, якую ўжываюць у Расеі), яны ж ведаюць, адкуль ішла вайсковая тэхніка. У іх вось гэта ўнутры сядзіць: Жэшуў — гэта бяда. Вядома, я трымаю іх у цэнтры Беларусі, як дамовіліся», — паведаміў Лукашэнка.
З таго моманту, калі было абвешчана аб перадысьлякацыі «Вагнэра» ў Беларусь, стала зразумела, што сытуацыя будзе разьвівацца паводле ўкраінскай прымаўкі «Бачили очі, що купували».
Хаця ня выключана, што ступень «напругі», якую дастаўляюць Лукашэнку «дарагія госьці», крыху перабольшаная і насамрэч навідавоку гульня ў «добрага і злога сьледчага». Ён — «добры сьледчы», трымае «вагнэраўцаў» падалей ад заходняй мяжы, стрымлівае іх, угаворвае не рабіць рэзкіх рухаў, хаця і разумее іх матывацыю. А Пуцін... у адказ маўчыць.
Ня Пуцін і не Яўген Прыгожын распавядае пра намеры «вагнэраўцаў» у Беларусі, — гэта робіць Лукашэнка, «напружаны» такімі намерамі. Але пасланьне агучанае. І пасланьне гэтае насамрэч Пуціна. І яно цалкам упісваецца ў дыскурс і Пуціна, і Лукашэнкі пра пагрозы з боку Польшчы. Сёньня, маўляў, Лукашэнка з апошніх сілаў стрымлівае «вагнэраўцаў», а заўтра... Можа ж і не стрымаць.
Дарэчы, пасьля заяваў Прыгожына, зробленых напярэдадні чэрвеньскага мяцяжу, некаторым падалося, што гаспадар «Вагнэра» ледзь не ператварыўся ў антываеннага актывіста, маўляў, кажа ж, што ні на каго Ўкраіна не нападала ў 2022 годзе і не зьбіралася. Але варта прыгадаць і ягоныя іншыя заявы. У лютым сёлета ён казаў, што «спэцыяльная ваенная апэрацыя» можа дайсьці да праліву Ля-Манш. Ён тады заяўляў, што «неабходна будзе аддаць Украіне такія краіны, як Францыя, Італія, Баўгарыя».
Так што пацыфіст з Прыгожына ўмоўны, вельмі мякка кажучы. І ў лютым сёлета, і падчас мяцяжу, і цяпер. А з байцоў яго ПВК — тым больш.
І, мяркуючы па ўсім, іх знаходжаньне ў Беларусі і іх намеры — па-ранейшаму частка стратэгіі Крамля. У дадзеным выпадку стратэгіі як мінімум псыхалягічнага ціску на краіны NATO, а магчыма, і нейкіх практычных рашучых дзеяньняў кшталту дывэрсіяў.
У сьвятле поўнамаштабнай вайны Расеі з Украінай ужо падзабыўся тэрмін «гібрыдная вайна». Бо ва Ўкраіне яна зараз не гібрыдная. Але гэта не азначае, што яшчэ адзін фронт гэтай вайны ня можа быць гібрыдным. Наўрад ці Крэмль зараз гатовы да поўнамаштабнай вайны з NATO. Але дывэрсіі, «экскурсіі», рэйды з наступным адыходам — чаму не? Гэта ж будзе не Расея, гэта ж« вагнэраўцы» (паводле Пуціна, юрыдычна няісныя), гэта ж мяцежнікі (паводле таго ж Пуціна), яны ж не з Расеі нападуць, а ад Лукашэнкі, зь Беларусі.«»
Наўрад ці гэтую гульню нехта на Захадзе прыме за чыстую манэту. Нават абмежаваны рэйд вагнэраўцаў на тэрыторыю Польшчы і Варшавы NATO ў цэлым будуць успрымаць як напад Пуціна на Альянс.
Пра гэта, дарэчы, сьведчыць і заява міністра абароны Нямеччыны Барыса Пісторыюса, зробленая два дні таму. Ён сказаў, што Нямеччына падтрымае Польшчу, свайго саюзьніка па NATO, у выпадку, калі Варшава сутыкнецца з патэнцыйнай пагрозай нападу ПВК «Вагнэр» з тэрыторыі суседняй Беларусі. «Калі нашы польскія сябры запатрабуюць дапамогі, калі здарыцца горшае з горшага — яны атрымаюць яе», — заявіў нямецкі міністар.
Гэтая заява — сьведчаньне як рашучасьці Бэрліну выконваць саюзьніцкія абавязацельствы, гэтак і канстатацыя, што любая «экскурсія» «вагнэраўцаў» будзе расцэненая як «горшае з горшага» — як трыгер для ўступленьня ў дзеяньне 5 артыкулу статуту NATO.
Таму падаецца, што і заявы Лукашэнкі і Пуціна пра пагрозу з боку Польшчы, і расповеды Лукашэнкі пра намеры «вагнэраўцаў» — гэта хутчэй наступ у інфармацыйнай вайне, а не пралёг пашырэньня тэатру ваенных дзеяньняў, не пачатак поўнамаштабнай вайны Беларусі і Расеі з Польшчай, а фактычна — з NATO.
Але можна прыгадаць, што дакладна гэта ж гаварылася ў студзені-лютым 2022 году наконт канцэнтрацыі расейскіх войскаў на мяжы з Украінай і вучэньняў «Саюзная рашучасьць» у Беларусі. Гэта ціск, гэта інфармацыйная вайна, гэта такі своеасаблівы палітычны гандаль — гаварылася тады. Раніца 24 лютага 2022 году пахавала гэтыя трактоўкі і гіпотэзы. І неўзабаве Лукашэнкам было сказана: «Я вам пакажу, адкуль рыхтаваўся напад...».
Захаваны правапіс арыгіналу