Час экскурсіяў: двое самотных і «Вагнер»
Цішыня і лагода спусціліся на землі Беларусі. Можа, і не дарма Лукашэнка маліўся на Валааме? Маліўся ён, праўда, пра іншае, але ў Сінявокай на гэтым тыдні ўсё ішло сваім шляхам. «Вагнер» ехаў, Лукашэнка лётаў, падступны Захад падступнічаў. І толькі вось некаторыя асобы з Расіі папсавалі карцінку стабільнасці. Але пра ўсё па парадку.
Чаго Лукашэнка лётаў да Пуціна? Канечне, па звычцы яны паспрабавалі напужаць Захад — гэтым разам «нічыйнымі» «вагнераўцамі», якія нібыта захацелі на экскурсію ў Варшаву і Жэшуў, паразважалі над агромністымі «стратамі УСУ» на ўкраінскім фронце (праўда, яны разважалі пра разгром УСУ столькі, што ва Украіны ўжо даўно павінны былі скончыцца салдаты), Лукашэнка прывёз Пуціну новую карту — гэтым разам перамяшчэння нейкіх польскіх батальёнаў… Потым яны паехалі па цэрквах.
Ведаеце, што мне гэта нагадвае? Гэта нагадвае сустрэчу двух сяброў, якім сумна. І таму адзін другому кажа: «Ты глядзі, якая ў мяне прышпільная карта ёсць!». А другі адказвае: «Фігня гэта ўсё. Дарэчы, у цябе там мой “Вагнер” сябе як паводзіць? Не думаеш назад аддаць?». А той яму: «Ім таксама сумна, але я яшчэ не нагуляўся… Дарэчы, вось было б прыкольна, каб мы гэты “Вагнер” (паказвае на карце) кінулі сюды і сюды…». Ну і ўсё далей у такім духу. А потым, памалоўшы языкамі: «Слухай, у мяне ідэя! Тут усё роўна няма чаго рабіць, давай на Валаам ірванем? — А давай!».
А потым прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў кажа: «Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна была для «зверкі гадзіннікаў», для абмену думкамі. Пералік асноўных тэм на парадку дня акрэслілі самі кіраўнікі дзяржаў… Не было мэты дасягнуць якіх-небудзь дамоўленасцяў, менавіта ў рамках вельмі цесных і рэгулярных адносін прэзідэнты сінхранізуюць сваю пазіцыю, звяраюць гадзіннікі».
Так што, з аднаго боку, можна парадавацца, што «не сталеюць душой ветэраны». А з іншага боку, таксама можна парадавацца, што гэтыя дні ў Расіі Лукашэнка не стаяў над душой у беларускіх аграрыяў, якія зацята б’юцца за ўраджай.
Цікавая сітуацыя і з «Вагнерам». З аднаго боку, яны едуць і едуць у Беларусь, чаму бязмерна радуюцца беларускія генералы. Ух, яны ўжо і пужаюць Захад беларускай боегатоўнасцю, якая ўсё расце і расце! А з іншага боку, з’явіліся звесткі, што яны не ў меншай колькасці — але не так арганізавана, — пакідаюць краіну. Прынамсі, расійскія паблікі пішуць, што найміты ПВК атрымліваюць заробак, які прыкметна знізіўся, і адпачынкі. І едуць дадому, у Расію, па шляху бухаючы на беларускіх вакзалах.
І зразумела цяпер, чаму «Вагнер» абраў сваёй базай вёску Цэль пад Асіповічамі. Таму што Асіповічы — гэта буйны чыгуначны вузел, адтуль зручна дабірацца да Гомеля ці Магілёва, адкуль два крокі да мяжы з Расіяй. Лягчэй было, канечне, адправіць «вагнераўцаў» у адпачынкі з Растова, але туды Прыгожын і яго каманда ўжо, падаецца, «неўяздныя». І, каб не нарабіць залішняга вэрхалу, іх адпускаюць дадому з Сінявокай.
Падаецца, дарэчы, што гэтыя адпачынкі могуць быць вымушанымі і бестэрміновымі, паколькі здарылася тое, пра што мы казалі ад самага пачатку прыгожынскага мяцяжу — у «пана атамана заканчваецца залаты запас». Гэта бачна і па зніжаных на траціну заробках для наймітаў (ім плацяць цяпер 150 тысяч расійскіх рублёў замест 240 тысяч раней), і па размовах «вагнераўцаў» далёка за межамі. Адзін з «мяцежнікаў» вярнуўся ў Цэнтральна-Афрыканскую рэспубліку, дзе і развязаў язык перад мясцовым блогерам. У выніку мы дазналіся, што Прыгожын аплачвае перабыванне «вагнераўцаў» у Беларусі «са сваіх», што Мінабароны Расіі адмовіла «Вагнеру» ў самалётах, каб дабірацца да Афрыкі, таму «дырэктар купіў свае», і што Прыгожыну нават давялося прадаць бізнес на базе ПВК у Судане, каб разлічыцца з баевікамі.
Так што радасць беларускіх генералаў з нагоды «Вагнера» заўчасная. Падаецца, ніхто з іх не збіраецца прасіць сталы від на жыхарства ў Беларусі.
Захад не вельмі напужаўся з нагоды «экскурсіі ў Жэшуў», але на ўсялякі выпадак вырашыў адказаць. Як напісаў абазнаны ў гэтых справах карэспандэнт «Радыё Свабода» ў Бруселі Рыкард Ёзвяк, амбасадары ЕС у сераду ўхвалілі новыя санкцыі ў дачыненні да Беларусі.
Раней казалася пра тое, што ЕС збіраўся гэтымі санкцыямі сінхранізаваць рэжым санкцый супраць Беларусі з санкцыямі супраць Расіі, не робячы выключэнняў для беларускіх угнаенняў.
Цяпер будзе запушчана пісьмовая працэдура, у выніку якой санкцыі могуць быць уведзеныя цягам некалькіх дзён. Спіс забароненых для паставак Мінску тавараў павінен стаць цалкам ідэнтычным расійскаму.
А яшчэ раней, 19 ліпеня, праходзіла інфармацыя, што тыя ж амбасадары ЕС узгаднялі яшчэ адзін пакет санкцый адносна Беларусі. «Мы ўвялі сектаральныя санкцыі, у тым ліку ў дачыненні да прадукцыі ваеннага прызначэння, узбраення, боепрыпасаў, вырабаў падвойнага прызначэння, авіяцыйных тэхналогій і прадуктаў. Пад санкцыі трапілі і ўсе датычныя да прысуду Анджэю Пачобуту», — казаў тады амбасадар Польшчы ў ЕС Анджэй Садось.
Вось цікава, санкцыйны пакет ад 26 ліпеня, і ад 19 ліпеня — гэта адзін санкцыйны пакет, альбо розныя? У любым выпадку, сінхранізацыя санкцый для Беларусі з расійскімі не нясе ў сабе нічога добрага. Напрыклад, літаральна днямі санкцыі адключылі па ўсім свеце расійскую сетку пераводу грошай «Юністрым».
А яшчэ беларускім уладам падклаў маленькую свінню шчыры, падавалася б, сябра дыктатараў, кіраўнік Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах. Па яго словах, Беларусь і Расія не атрымаюць афіцыйнае запрашэнне на Алімпіяду ў Парыжы. У нашую пачэсную кампанію зацясалася яшчэ і Гватэмала, чый НАК быў дыскваліфікаваны за ўмяшанне ўладаў у яго працу.
Ну і непрыемнасцяў дадалі навіны з Масквы. Там Маскоўскі гарадскі суд прыняў да разгляду першы пазоў расійскага інвестара да беларускага Міністэрства фінансаў, які тычыцца спагнання запазычанасці па беларускіх еўрааблігацыях. У суд звярнуўся сумленны інвестар, перадало РБК.
Нагадаем, пасля саўдзелу Беларусі ў вайне з Расіяй наш Мінфін вырашыў выплачваць дывідэнды па еўрааблігацыях у беларускіх рублях на рахунак у «Беларусбанку». Але працэдура гэтых выплатаў такая, што трымальнікі беларускіх еўрааблігацый, у тым ліку з Расіі, грошы атрымаць не маглі. Атрымалася, што мы «кінулі на грошы» так званых «добрасумленных інвестараў». Нават тых, хто цалкам выканаў патрабаванні беларускага Мінфіну аб належным пацвярджэнні валодання паперамі і адкрыцці рахунку ў беларускім банку.
Сума цяперашняга пазову адносна невялікая — 200 тысяч долараў. Аднак, паводле ацэнкі «Коммерсанта», расійскія трымальнікі валодаюць аблігацыямі на суму 500 млн долараў. І калі першы пазоў пройдзе, то некаму давядзецца залазіць у кубышку і аддаваць палову мільярда.
Таму што справы трэба весці сумленна, а не ў стылі «ліхіх 90-х». Гэта ўжо не пракатвае.