Вырак па справе Віктара Чэравухіна зноў не вынесены
12 студзеня ў Магілёўскім Кастрычніцкім судзе зноўку намагаліся разабрацца ў справе пацярпелага Віктара Чэравухіна — распаўсюджвальніка газеты “Новы Час” у Магілёве.
Віктар Чэравухін
Абвінавачванне прад’яўлена ахоўніку крамы “777” Дзмітрыю Прохараву, які, па словах пацярпелага, назваў Чэравухіна “фашыстам”, а газету — “фашысцкай”, пасля чаго ахоўнік выпіхнуў пацярпелага на вуліцу. Міліцыя ў дзеяннях Прохарава разгледзела абразу і перадала заяву Віктара Чэравухіна ў суд. Першае пасяджэнне не прынесла ніякіх вынікаў, бо сведкі, якія маглі б пацвердзіць баталію двух мужчын, у суд не з’явіліся.
Другое пасяджэнне па гэтай справе пачалося з гучных рэплік падсуднага Дзмітрыя Прохарава ў бок журналістаў: “Калі “гэтыя” будуць сядзець тут, я наогул нічога не буду казаць. Адразу ж бачна, што яны з БНФ!”
Тым часам у залю суда прыйшоў невядомы, які прадставіўся “вялікім начальнікам на чыгунцы”. Ён адкрыў папку з нейкімі сваімі дакументамі і прамовіў: “А вашая газетка-та “Новы Час” пакрывае фашысцкіх злачынцаў”. Вы так добра напісалі пра фашысцкую лідарку Ларысу Геніюш!” Потым ён дэманстратыўна перацягнуў стул да падсуднага і на працягу ўсяго пасяджэння нешта пісаў, маляваў на паперы і падсоўваў ахоўніку, нібы той забыў адказ на пытанне настаўніка. Зрэшты, сам Прохараў не вытрымаў і звярнуўся да невядомага са словамі: “А што вы прычапіліся да мяне?”, тым самы выставіўшы невядомага чужым не толькі сярод “чужых”, але і пасярод “сваіх”.
Прохарава абвінавачваюць па трох артыкулах, сярод якіх — “Хуліганства” і “Абраза”. 75-гадовы Чэравухін сцвярджае, што з боку ахоўніка мела месца і незаконная фізічная сіла, якая прыцягнула за сабой лёгкія цялесныя пашкоджанні. Таксама пацярпелы хадайнічаў аб далучэнні да матэрыялаў справы свайго выступу на дадзеным пасяджэнні і відэазапісу з камеры назірання ў краме. Пацярпелы склаў і спіс пытанняў, які ўжо пачаў задаваць падсуднаму, як апошні вырашыў зрабіць заяву: “Ні на адно пытанне я адказваць не буду, пакуль “гэтыя” (ён кіўнуў на журналістаў”) знаходзяцца тут. Яны ў свае газеты пішуць тое, што захочуць, пераварочваючы ўсё, што толькі можна. Я прашу, каб нікога з іх тут не было. Я не буду адказваць на пытанні, бо яны тут сядзяць. Вунь, яны усміхаюцца і пішуць сабе ўсялякую ахінею. Гэты (кіўнуў на Невядомага) ходзіць туды-сюды па зале і падсоўвае мне нейкія свае паперы, каб я прачытаў… Наогул, ёсць пэўныя людзі-асведамляльнікі, якія працуюць на органы. Ад іх я даведаўся, што гэта поўнасцю арганізаваныя акцыя і піяр, таму я не збіраюся нічога казаць”.
Але, да жалю Дзмітрыя Прохарава, суддзя адхіліла яго хадайніцтва аб правядзенні пасяджэння ў закрытым рэжыме.
Віктар Чэравухін казаў у сваім выступе: “Апошнюю газету “Новы Час” я прыносіў у краму 29 лістапада. Прыносіў, бо ахоўнікі бралі яе. Я заўжды прыношу “Новы Час” па суботах, бо менавіта ў гэты дзень яна прыходзіць з Мінску да нас у Магілёў. Газету перадаваў ахоўнікам праз працаўнікоў. Інцыдэнт адбыўся 5 снежня — гэта была пятніца, і ніякіх газет у мяне не было. Я проста купіў прадукты і збіраўся ўжо сыходзіць дадому. У гэты час са службовага памяшкання выйшаў ахоўнік і крыкнуў мне: “Чуеш, мужык, не прынось больш у краму фашысцкія газеты”. Я абурыўся, бо хацеў даказаць, што “Новы Час” — гэта ніякая не фашысцкая газета. Пачалася сварка, у выніку якой ахоўнік выштурхаў мяне на вуліцу, пашкодзіўшы мне нагу і падрапаўшы руку”.
Дарэчы, Прохараў на мінулым паседжанні адмаўляў той факт, што ён назваў Віктара Чэравухіна “фашыстам”, але ў той жа час не змяніў меркавання пра “фашысцкую” газету. Аднак сведкі, якія ў гэтым раз прыйшлі ў залю суда, расказалі пра іншы пачатак разгортвання баталій паміж распаўсюджвальнікам “НЧ” і ахоўнікам крамы “777”.
Святлана Астроўская, касірка, пачула за спіной наступны вокліч ахоўніка: “Дзядуля, тут распаўсюджваць ніякую літаратуру нельга”. Людміла Драздова, прадавачка ў гэтай жа краме, распавяла суду пра наступны пачатак дзеянняў: “Дзядуля, не распаўсюджвайце ў нас газеты!”.
Віктар Чэравухін доўга не мог зразумець, пра якія газеты ішла гутарка, бо ён сцвярджаў, што быў абсалютна без аніякай прэсы. Сведкі таксама не маглі сказаць, ці былі ў руках пацярпелага пэўныя выданні. Напрыканцы паседжання Дзмітрый Прохараў праясніў сітуацыю: “Дзядуля, я ж вам тлумачу, я вас запомніў з мінулага разу, таму і хацеў папярэдзіць, бо наш уладальнік забараняе і фатаграфаваць у краме, і распаўсюджваць прэсу”.
Абедзве сведкі чулі пачатак размовы і бачылі яе канец — як ахоўнік валок Чэравухіна на выйсце. Людміла Драздова разгледзела ў дзеяннях пацярпелага гвалт: “Дзядуля замахнуўся на Прохарава кошыкам з-пад прадуктаў, пасля чаго яго і выпіхнулі з крамы”. На пытанне Віктара Чэравухіна: “А ці бачылі вы, як мае прадукты былі раскіданыя па падлозе ў выніку сваркі?”, прадавачка адмоўна пахістала галавой — усё што бачыла, яна ўжо расказала.
Святло на прысутных павінен быў праліць запіс з відэакамеры, які суддзі давялося праглядаць двойчы, бо… Віктар Чэравухін проста не пазнаў сябе. На відэазапісу быў бачны толькі той фрагмент, калі ахоўнік выводзіць пацярпелага з крамы. Усхваляваны Віктар Чэравухін пачаў паясняць: “Вось зараз ахоўнік вернецца ў краму, а праз момант вярнуся і я, каб падняць з падлогі прадукты”. Сапраўды, Прохараў вярнуўся з вуліцы, пасля чаго відэазапіс абарваўся”. Суддзя запытала ў Дзмітрыя Прохарава: “Вы пазнаяце сябе на гэтым відэа?” Падсудны кінуў: “Канешне! Я ж сваімі рукамі яго капіраваў”.
Пасля разгляду ўсіх фактаў і доказаў, суддзя абвясціла: “Пасяджэнне пераносіцца на 15 студзеня”. Праваабаронца Барыс Бухель, які прысутнічаў на судзе, выказаў сваё меркаванне наконт Чэрговага пераносу паседжання: “На маю думку, суддзя проста не ведала, які вырак вынесці, таму вырашыла параіцца. Аднак па законе мы маем добры шанец на перамогу”.
Нагадаем, гэта будзе ўжо трэцяе пасяджэнне па дадзенай справе.