Суд стаў на бок ахоўніка, які назваў НЧ фашысцкай газетай
Суддзя Кастрычніцкага раёна Магілёва Таццяна Міхайлава 15 студзеня вынесла апраўдальны вердыкт у адносінах да ахоўніка крамы «777» Дзмітрыя Прохарава, які абразіў Віктара Чэравухіна, распаўсюджвальніка газеты «Новы Час».
Віктар Чэравухін
Суд палічыў, што доказаў віны ахоўніка прадстаўлена недастакова. Суд не стаў улічваць, што відэазапіс, які б пацвяржаў гэтую віну, быў наўмысна абрэзаны і скапіяваны самім Прохаравым, а сведкі з боку адказчыка па сутнасці нічога сказаць не маглі.
Гэта і не дзіва. Было б дзіўным, калі б суд стаў на бок сталага чалавека, якога публічна абразіў і зневажыў здаровы дзяцюк, які да таго ж знаходзіўся пры выкананнні службовых абавязкаў. А яшчэ
было б дзіўна, каб Дзмітрый Прохараў замест таго, каб выкручвацца і хлусіць, папрасіў бы прабачэння ў 75-гадовага Віктара Чэравухіна. А так — усё заканамерна.
Нагадаем, ахоўнік крамы «777» Дзмітрый Прохараў па словах пацярпелага, назваў Чэравухіна «фашыстам», а газету «Новы час» —
«фашысцкай», пасля чаго выпіхнуў сталага чалавека на вуліцу. Віктар Кірылавіч звярнуўся ў міліцыю, дзе на ахоўніка быў складзены пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні.
Прохарава абвінавачвалі па трох артыкулах, сярод якіх — «Хуліганства» і «Абраза». Чэравухін сцвярджў, што з боку ахоўніка мела месца і незаконная фізічная
сіла, якая пацягнула за сабой лёгкія цялесныя пашкоджанні.
Першае пасяджэнне 8 студзеня не прынесла ніякіх вынікаў, бо сведкі з боку адказчыка ў суд не з’явіліся.
Другое, 12 студзеня, пачалося з гучных рэплік Прохарава ў бок журналістаў: «Калі
«гэтыя» будуць сядзець тут, я наогул нічога не буду казаць. Адразу ж бачна, што яны з БНФ!»
Тым часам у залю суда прыйшоў невядомы, які прадставіўся «вялікім начальнікам на чыгунцы». Ён адкрыў папку з нейкімі сваімі дакументамі і прамовіў: «А вашая газетка-та
«Новы Час» пакрывае фашысцкіх злачынцаў. Вы так добра напісалі пра фашысцкую лідарку Ларысу Геніюш!» Потым ён дэманстратыўна перацягнуў крэсла да падсуднага і на працягу
ўсяго пасяджэння нешта пісаў, маляваў на паперы і падсоўваў ахоўніку. Зрэшты, сам Прохараў не вытрымаў і звярнуўся да невядомага са словамі: «А што вы прычапіліся да мяне?»
Чэравухін склаў спіс пытанняў, які ўжо пачаў задаваць падсуднаму, як апошні вырашыў зрабіць заяву: «Ні на адно пытанне я адказваць не буду, пакуль «гэтыя» (ён кіўнуў
на журналістаў») знаходзяцца тут. Яны ў сваіх газетах пішуць тое, што захочуць, пераварочваючы ўсё, што толькі можна. Я прашу, каб нікога з іх тут не было. Я не буду адказваць на пытанні, бо
яны тут сядзяць. Вунь, яны ўсміхаюцца і пішуць усялякую ахінею. Гэты (кіўнуў на Невядомага) ходзіць туды-сюды па зале і падсоўвае мне нейкія свае паперы, каб я прачытаў… Наогул, ёсць пэўныя
людзі-асведамляльнікі, якія працуюць на органы. Ад іх я даведаўся, што гэта поўнасцю арганізаваныя акцыя і піяр, таму я не збіраюся нічога казаць».
Але суддзя адхіліла хадайніцтва Прохарава аб правядзенні пасяджэння ў закрытым рэжыме.
«Апошнюю газету «Новы Час» я прыносіў у краму 29 лістапада, распавёў суду Віктар Чэравухін. — Прыносіў, бо ахоўнікі бралі яе. Я заўжды прыношу «Новы
Час» па суботах, бо менавіта ў гэты дзень яна прыходзіць з Мінску да нас у Магілёў. Інцыдэнт адбыўся 5 снежня — гэта была пятніца, і ніякіх газет у мяне не было. Я проста купіў
прадукты і збіраўся ўжо сыходзіць дадому. У гэты час са службовага памяшкання выйшаў ахоўнік і крыкнуў мне: «Чуеш, мужык, не прынось больш у краму фашысцкія газеты». Я абурыўся, бо
хацеў даказаць, што «Новы Час» — гэта ніякая не фашысцкая газета. Пачалася сварка, у выніку якой ахоўнік выштурхаў мяне на вуліцу, пашкодзіўшы мне нагу і падрапаўшы
руку».
Аднак версія сведкаў з боку адказчыка была іншай. Святлана Астроўская, касірка, пачула за спіной: «Дзядуля, тут распаўсюджваць ніякую літаратуру нельга». Людміла Драздова,
прадавачка ў гэтай жа краме, пачула: «Дзядуля, не распаўсюджвайце ў нас газеты!». Але сведкі не маглі сказаць, ці былі ў руках пацярпелага якія-небудзь газеты.
Святло на тое, што на самай справе адбылося ў краме, павінен быў праліць відэазапіс. Але на запісу быў бачны толькі той фрагмент, калі ахоўнік выводзіць пацярпелага з крамы. Усхваляваны
Чэравухін пачаў паясняць: «Вось зараз ахоўнік вернецца ў краму, а праз момант вярнуся і я, каб падняць з падлогі прадукты». Сапраўды, Прохараў вярнуўся з вуліцы, пасля чаго
відэазапіс абарваўся». Суддзя запытала Прохарава: «Вы пазнаяце сябе на гэтым відэа?» Той кінуў: «Канешне! Я ж сваімі рукамі яго капіраваў».
Нарэшце, на пасяджэнні 15 студзеня, выслухаўшы пацярпелага, суддзя прыняла рашэнне, што доказаў віны ахоўніка недастаткова.
Заява рэдакцыі «Новага часу»
У гісторыі паводзін ахоўніка крамы «777» Дзмітрыя Прохарава ў адносінах да распаўсюдніка газеты «Новы час» 75-гадовага Віктара Чэравухіна, што сталася
прадметам судовай справы, па сутнасці адлюстравалася грамадска-палітычная сітуацыя, якая гадамі складвалася ў Беларусі. І якая атрымала новыя істотныя адценні ў сувязі з падзеямі ва Украіне.
З усіх абставін справы і выказванняў Дзмітрыя Прохарава на судзе відавочна, што «Новы час» ён ніколі не чытаў і ацэнкі газеты як фашысцкай выводзіць выключна зыходзячы з
беларускай мовы і свайго адмоўнага ўспрыняцця журналістаў незалежных СМІ як «бэнээфаўцаў».
Гэтая ацэнка даецца ім не па аб’ектыўных крытэрах, вызначаных сусветнай супольнасцю на прыкладзе рэжымаў Гітлера і Мусаліні, а пад відавочным уплывам сучаснай расійскай прапаганды
адносна ўкраінскай дзяржавы ў яе змаганні з баевікамі так званых ДНР і ЛНР.
Мы цалкам падтрымлівалі Віктара Кірылавіча ў яго жаданні праз суд абараніць свае гонар і годнасць. Хаця і не спадзяваліся на тое, што суд прадэманструе сваю незалежнасць і
аб’ектыўнасць, выносячы рашэнне. Але нягледзячы на тое, што Дзмітрый Прохараў таксама публічна абразіў наша выданне, мы не будзем з ім судзіцца.
Па-першае, мы палічылі занадта дробнай справай пераконваць у відавочным аднаго чалавека марнуючы ў судзе сілы, нервы і час.
Па-другое, галоўная справа нашай газеты — гэта аб’ектыўнае інфармаванне і асвета насельніцтва, што само па сабе важней за ўсю калягазетную мітусню і правакацыі
звонку.
Па-трэцяе, за плячыма рэдакцыі шэраг пераследаў, у тым ліку судовых, з аналагічным гэтаму прадвызначаным вынікам.
Лепшым адказам Прохараву і ўсім, хто зневажае НЧ, ёсць нашы чытачы!
Дзякуй вам за адданасць!