Зарплата амаль у 40% работнікаў у Беларусі складае менш чым 500 долараў

Сярэдняя зарплата ў 12.087 арганізацыях складае менш чым 5 млн. беларускіх рублёў, сведчаць даныя афіцыйнай статыстыкі.



rubli_v_ruke_245.jpg

У гэтых арганізацыях працуе прыкладна 1,27 млн. чалавек. Спісачная колькасць работнікаў усіх юрыдычных асоб, улічаных афіцыйнай статыстыкай, складала ў жніўні 3,21 млн. чалавек. Такім чынам, зарплату менш чым 5 млн. беларускіх рублёў у жніўні атрымлівалі амаль 40% работнікаў. 


У жніўні сярэдняя зарплата ў Беларусі склала 6,36 млн. рублёў і ўпершыню знізілася ў 2014 годзе ў параўнанні з папярэднім месяцам. Зніжэнне зарплат у жніўні ў параўнанні з ліпенем адбылося ва ўсіх рэгіёнах: у Мінску і Брэсцкай вобласці — на 2,3%, у Гомельскай — на 1,8%, Магілёўскай — на 1,5%, Гродзенскай — на 0,6%, Віцебскай — на 0,3%, Мінскай — на 0,03%. 


Як паведамлялася раней, урад у канцы ліпеня прыняў пастанову № 744 "Аб аплаце працы работнікаў", паводле якога ўвязала павелічэнне зарплат на дзяржпрадпрыемствах з тэмпамі росту прадукцыйнасці працы. 


У лісце з растлумачэннямі прынятай пастановы, якое было накіравана дзяржпрадпрыемствам і тэкст якога мае БелаПАН, гаворыцца, што нормы дакумента распаўсюджваюцца пры разліку зарплат работнікаў пачынаючы са жніўня 2014 года. 


Паводле пастановы для дзяржаўных арганізацый устаноўлена, што рост сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў дапускаецца толькі пры ўмове апераджальнага росту прадукцыйнасці працы. Пры невыкананні гэтай умовы фонд заработнай платы за справаздачны месяц памяншаецца да памеру, які забяспечвае суадносіны росту прадукцыйнасці працы і заработнай платы не менш як на 1,0. 


У афіцыйным каментары да ўрадавай пастановы ўказана, што дакумент закліканы "скіраваць арганізацыі не толькі на вытворчасць прадукцыі, тавараў, работ, паслуг, але і на іх рэалізацыю, што будзе спрыяць зніжэнню складскіх запасаў і росту даходаў арганізацый". 


"У сувязі з гэтым у якасці паказчыка пры вызначэнні прадукцыйнасці працы ў арганізацыях вызначана выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг на аднаго сярэдняспісачнага работніка", — тлумачыла Міністэрства працы і сацыяльнай абароны нормы прынятай пастановы.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН