Што такое Дабро і Зло ў палітыцы?
Дэмакратызацыя заўсёды адбываецца пры дапамозе калектыўных дзеянняў, эфектыўнасць якіх наўпрост залежыць ад колькасці недзяржаўных арганізацый.
Паспрачаліся два джэнтльмены — менеджар турагенцтва Мікола і мерчэндайзер Васіль — наконт палітыка Пятра Пятровіча.
«Ён малайчына. Паважаю. Ён за два свае тэрміны і тое зрабіў, і гэта», — усхвалявана казаў Мікола ды загінаў пальцы. «Ён злачынец, — спакойна парыраваў Васіль, — ужо хаця б таму, што і тое, і гэта зрабіў».
Колькі б спрэчка джэнтльменаў ні доўжылася, кансэнсусам яна не завершыцца. І справа тут не ў стаўленні да Пятра Пятровіча. Справа ў адсутнасці агульных крытэраў. Прыгадаем сына-малечу з верша Уладзіміра Маякоўскага. Дзіця прыйшло да бацькі з пытаннем: «Што такое добра і што такое дрэнна?»
Малеча задаў самае фундаментальнае пытанне ў гісторыі чалавецтва — пра Дабро і Зло. Гэта пытанне бацьку не збянтэжыла, нягледзячы на тое, што дзіця ў сваім ментальным развіцці яшчэ не выйшла на стадыю фармальных аперацый (паводле швейцарскага псіхолага Жана Піяжэ), г. зн. малеча не была ў стане аперыраваць абстрактнымі катэгорыямі. А катэгорыі Дабра і Зла — не проста належаць да такіх, але ўзначальваюць іх спіс. Таму адказ бацькі звёўся да пераліку канкрэтных фактаў: сонца пасля дажджу — гэта добра, а бруд на тварыку — гэта дрэнна і г. д.
Ад застою да дынамікі
Адсутнасць агульных крытэраў робіць бессэнсоўнай любую спрэчку. Пры гэтым не варта забываць пра існаванне двух светаў: мікра- (бытавы ўзровень) і макра- (узровень культурна-гістарычных працэсаў).
У традыцыйную эпоху, наконт якой льюць кракадзілавы слёзы многія сучасныя палітыкі, аддзяліць Дабро ад Зла ў мікрасвеце ніякіх складанасцяў не ўяўляла: добра было ўсё тое, што адпавядала традыцыям, — і наадварот.
Напрыклад, шматжонства — гэта добра? У мусульманскім свеце (і не толькі) — добра. Памер асабістага гарэма пры гэтым наўпрост залежаў ад узроўню даходаў. Нічога з гэтым не зробіш! Ва ўсе эпохі — наша не з'яўляецца выключэннем — за задавальненне даводзілася плаціць.
У хрысціянскім жа свеце, усё роўна пра заходнюю або ўсходнюю яго галіны ідзе гаворка, шматжонства (зрэшты, як і распуста ва ўсіх яе праявах) стаіць у шэрагу грахоў. З гэтага, аднак, не вынікае — дый ніколі не вынікала, — што нормы, пра якія казалася з амбона храмаў, заўсёды і ўсімі выконваліся на практыцы. І тым не менш…
Традыцыйная эпоха не ведала развіцця. Змены, зразумела, мелі месца, але за жыццё аднаго пакалення ўгледзець іх атрымлівалася не заўсёды. Для пераходу да мадэрну спатрэбіўся новы сацыякультурны тып чалавека, для якога перамены — і, такім чынам, разрыў з традыцыямі — сталі б нормай жыцця.
На змену базаваму прынцыпу супольнага існавання грамадства, дзе «добра тое, што адпавядае традыцыям», прайшоў новы — «добра ўсё тое, што чалавек робіць за свой кошт, не ствараючы іншым праблем». Аднак гэта на мікраўзроўні.
23,6% супраць 61,4%
На макраўзроўні ў першым набліжэнні зменаў не адбылося. Як сто, так і дзвесце гадоў таму назад на пытанне «Што такое добра?» можна пачуць адказ: «Добра тое, што адпавядае мэйнстрыму».
Але пяройдзем ад першага набліжэння да другога. За апошнія дзесяцігоддзі прытрымліванне мэйнстрыму ў якасці крытэру для ацэнкі макрапрацэсаў не змянілася, але змяніўся сам мэйнстрым. Калі ў XX стагоддзі ён знаходзіўся ў пераходзе ад аграрнага грамадства да індустрыяльнага, то ў XXI стагоддзі — у пераходзе ад індустрыяльнага грамадства да грамадства постіндустрыяльнага.
Фармальным крытэрам папярэдняга пераходу варта лічыць перавышэнне колькасці гарадскога насельніцтва над сельскім. У БССР гэты пераход завяршыўся ў 1975 годзе. На ролю крытэру пераходу да постіндустрыяльнага грамадства прызначанае перавышэнне долі занятых у сферы паслуг над занятымі ў прамысловай вытворчасці.
Неразуменне гэтай азбукавай ісціны рэгулярна выяўляецца ў ганарлівых заявах з нагоды захавання ў Беларусі прамысловых прадпрыемстваў, якія дасталіся Рэспубліцы-партызанцы ў спадчыну ад савецкай індустрыялізацыі. На жаль, але аўтарам падобных заяў не зашкодзіла б перыядычна праглядаць афіцыйную статыстыку.
Высветліць дату пераходу да постіндустрыяльнага грамадства ў Беларусі, на жаль, не ўдалося. Але з вялікай доляй верагоднасці гэта падзея адбылася на мяжы тысячагоддзяў. З тых часоў шмат вады сплыло. У 2021 годзе ў прамысловасці было занята 23,6% працоўных рэсурсаў, у сферы паслуг — 61,4%. Адчуваеце розніцу?
Найважнейшы крытэр
Канцэнтрацыя рабочых на буйных прамысловых прадпрыемствах у перыяд індустрыялізацыі натхніла Маркса паглядзець на працоўны клас як на далакопа буржуазіі. Але тое, што было справядліва для адной эпохі, страціла сваю актуальнасць пры яе змене.
Для пошуку адказу на пытанне сына-малечы пра катэгорыі “добра” і “дрэнна” ў дачыненні да постіндустрыяльнай эпохі звернемся да кнігі амерыканскага сацыёлага Рональда Інглхарта і нямецкага палітолага Крысціяна Вельцэля «Мадэрнізацыя, культурныя змены і дэмакратыя».
Гэтая кніга — пра каштоўнасці, пра тое, што для трансфармацыі індустрыяльнага грамадства ў грамадства постіндустрыяльнае каштоўнасці самавыяўлення павінны прыйсці на змену каштоўнасцям выжывання.
Пры гэтым становіцца магчымым «пераход ад кантактаў, якія навязваюцца звонку праз механізмы сацыяльнага кантролю, да кантактаў, што ўстанаўліваюцца самімі людзьмі паводле ўласнай волі».
Так запускаецца ланцужок зменаў, важным звяном якога з'яўляецца адмова «ад удзелу ў палітычным жыцці пад кіраўніцтвам элітаў», што ў канчатковым выніку «спрыяе пабудове і развіццю дэмакратычных інстытутаў».
Каштоўнасці самавыяўлення матывуюць людзей да здабыцця грамадзянскіх і палітычных правоў. «Справа ў тым, — тлумачаць аўтары, — што гэтыя правы ўзаконьваюць магчымасці людзей дзейнічаць паводле ўласнага выбару ў прыватным і грамадскім жыцці».
Дэмакратызацыя заўсёды адбываецца пры дапамозе калектыўных дзеянняў, эфектыўнасць якіх наўпрост залежыць ад колькасці НДА (nongovernmental organization — недзяржаўныя арганізацыі).
Такім чынам, мы прыходзім да найважнейшага крытэру для ацэнкі дзейнасці палітыкаў: калі колькасць НДА расце — значыць, краіна рухаецца ў мэйнстрыме, калі не, то нібыта рак, адыходзіць-адпаўзае назад у архаіку.