«Позна». Фінансавы аналітык пра тое, ці варта забіраць банкаўскія ўклады
Старшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы паспрабаваў адказаць пытанне, што часта задаюць знаёмыя: ці трэба забіраць банкаўскія ўклады.
Паводле яго слоў, у апошнія дні яму часта задаюць пытанне: ці прыйшоў час забіраць уклады, у першую чаргу, валютныя.
«Я мог бы абысціся фірмовым: “Позна”. Самае страшнае, што гэта праўда. Рэжым загнаў укладчыкаў у цугцванг. Калі ўклады пакінуць у банку, няма гарантый іх захаванасці, незамарозкі і гэтак далей, калі натоўпам ламануцца за ўкладамі, банкі змогуць іх выдаць першым 10-15-20% тых, што дабеглі, і банкаўская сістэма гарантавана ляжа. Астатнія не атрымаюць нічога. Колькі ўжо дабегла, і як блізкая сістэма да калапсу, аператыўных дадзеных няма», — напісаў эксперт.
Ён прызнаўся, што не бачыць добрага і правільнага адказу на гэтае пытанне.
«Глабальны выхад — сыход рэжыму і адкрыццё доступу да сусветнай ліквіднасці. У адваротным выпадку добрых хадоў я не бачу» — рэзюмаваў эканаміст.
Другі тыдзень запар усе асноўныя замежныя валюты дадаюць у вазе.