Што будзе, калі ўлада ў Беларусі не зменіцца? Адказвае эканаміст

Рэйтынгавае агенцтва Fitch нядаўна ацаніла магчымыя рызыкі для Беларусі праз поствыбарную сітуацыю. Пра гэта на tut.by разважае супрацоўнік банка, эканаміст з 20-ці гадовым стажам, больш за дзесяць з якіх — у органах дзяржаўнага кіравання.

img_0170_1_logo_1.jpg

Спыненне доступу да міжнародных рынкаў капіталу, эрозія рэсурснай базы банкаў з-за зняцця дэпазітаў і ўнутраны адток капіталу праз куплю наяўнай могуць рэалізавацца ў поўнамаштабны банкаўскі крызіс, які для пачатку паралізуе працу рэальнага сектара. Падзенне даходаў бюджэту і немагчымасць рэфінансавання дзярждоўгу як на знешнім, так і на ўнутраным рынках верагодна запатрабуе манетызацыі дэфіцыту бюджэту, або, што больш зразумела, «запуску друкаванага станка».
Любая краіна перажывала і будзе перажываць эканамічныя крызісы. Усе яны калісьці заканчваюцца і тады ўзнікае пытанне: а што далей? І адказ на яго для Беларусі сёння значна важнейшы, чым бягучыя макраэканамічныя выклікі, якімі б яны не былі складанымі.
Што адбудзецца, калі адбудуцца новыя дэмакратычныя выбары, будзе шмат у чым залежаць ад таго, хто стане кіраўніком дзяржавы і якім чынам будзе пераразмяркоўвацца ўлада паміж яе галінамі. Але галоўнае, што гэта адкрывае цэлы спектр перспектыў, здолее ці не скарыстацца імі краіна — пакажа толькі час.
А вось што адбудзецца, калі ва ўладзе застануцца тыя ж людзі, спрагназаваць адчувальна лягчэй.
Закат ІТ-краіны. Непрыманне крайняга гвалту і зневажання грамадзянскіх свабод прывядзе да масавай міграцыі як спецыялістаў, так і кампаній цалкам за мяжу, пра што было публічна заяўлена ў адкрытым лісце рэзідэнтаў ПВТ. Наўрад ці ўлады пакінуць па-за ўвагай і асабістыя выказванні многіх кіраўнікоў кампаній, што толькі паскорыць працэс. Шэраг прадпрыемстваў галіны ўжо заявілі аб частковай рэлакацыі сваіх каманд.
У кароткатэрміновым перыядзе акрамя скарачэння ВУП, паступлення валютнай выручкі і падаткаў ад прамой работы кампаній, рэзка знізіцца ўнутраны попыт з-за змяншэння расходаў айцішнікаў ўнутры краіны. У даўжэйшай перспектыве — зніжэнне тэхналагічнасці краіны.
Зніжэнне даступнасці якаснай медыцыны. Рост незадаволенасці медыкаў пачаў фармавацца яшчэ ва ўмовах нарастання пандэміі каронавіруса, як непразрыстымі ўмовамі даплат, так афіцыйным інфармацыйным фонам аб маштабах праблемы. Шмат хто з медыкаў напрамую сутыкнуліся з траўмамі дэманстрантаў, непрыманне залімітавай жорсткасці ў адносінах да затрыманых вылілася ў хвалю абурэнняў. Аднак спроба выказаць сваю пазіцыю натыкнулася на фактычнае абвінавачванне з боку міністра ў ігнараванні пацыентаў, пагардзе сваімі прафесійнымі абавязкамі. У гэтых умовах шэраг вядомых лекараў ужо заявілі пра свае звальненні. Верагодна, працэс паскорыцца праз некаторы час, асабліва ўлічваючы попыт на кваліфікаваны медыцынскі персанал у суседніх краінах. Пры гэтым з'язджаць будуць у першую чаргу прафесіяналы, а тыя, пра якіх казаў тады яшчэ міністр Каранік, з большай верагоднасцю застануцца. З улікам ужо наяўнага дэфіцыту медыцынскага персаналу якасць медыцынскага абслугоўвання пагоршыцца.
Пагаршэнне якасці адукацыі. Шырокі ўдзел выкладчыцкага складу ў выбарчых камісіях прывёў да фарміравання ў грамадства стэрэатыпу аб масавай датычнасці настаўнікаў да фальсіфікацый, што, па сутнасці, азначае недавер да школы. Гэтая пазіцыя ўжо знайшла адлюстраванне ў знарочыстым вяртанні ганаровых грамат і дыпломаў выпускнікоў. У атмасферы недаверу, а магчыма і ганення, якасна выконваць сваю працу цяжка. Таму выкладчыкі, неабыякавыя да сваёй працы, пачнуць сыходзіць са школы. У частцы вышэйшай адукацыі можна чакаць «паляванне на ведзьмаў» з паступовым выдушваннем нязгодных выкладчыкаў.
У эканамічнай навуцы азначанае вышэй называецца эрозіяй чалавечага капіталу і па сутнасці азначае пагаршэнне глабальнай канкурэнтаздольнасці краіны ў перспектыве.
Крызіс даверу да сілавых міністэрстваў. Каментары пра прычыны залішнія. Напэўна, рана казаць пра магчымы рост злачыннасці ў кароткатэрміновай перспектыве. Аднак сфармаваўся вобраз міліцыі як асабліва карнага органа, што дазваляе прагназаваць рост супраціву патрабаванням органаў аховы правапарадку, у тым ліку і законным.
Пагаршэнне рэпутацыі судовай сістэмы. Масавыя пастановы пра штрафы і суткі за ўдзел у «несанкцыянаваных шэсцях» фактычна без суда не дазваляюць казаць пра яе бесстароннасць. Адпаведна гэтыя рашэнні будуць праецыявацца на ўсю судовую сістэму (у тым ліку і на гаспадарчыя суды), што ў сярэднетэрміновай перспектыве будзе адбівацца на якасці выканання кантрактаў.
Зніжэнне ўзроўню ўзаемадзеяння ўлады і грамадзянскай супольнасці. Адсутнасць канструктыўнага дыялогу паміж прадстаўнікамі ўсіх узроўняў выканаўчай улады, дэпутатамі з аднаго боку і пратэстоўцамі з другога сфармавала адчуванне, што ўлада цалкам грэбуе патрэбамі народа. А паколькі размаўляць з тымі, хто цябе не здольны зразумець, бессэнсоўна, колькасць грамадзянскіх ініцыятыў будзе скарачацца, а эфектыўнасць дзеючых (уключаючы, напрыклад, працу бізнес-асацыяцый) будзе зніжана.
Другі блок характарызуе дэградацыю інстытутаў у краіне, якія закліканы ствараць умовы для эфектыўнай работы эканомікі і спрыяць яе росту. Паколькі наладжванне працы інстытутаў заўсёды патрабуе доўгага часу, іх разбурэнне затармозіць развіццё краіны на шмат гадоў.
Няздольнасць улады фармаваць інфармацыйны фон. Адмова дзяржаўных СМІ ад асвятлення сітуацыі ў краіне на пачатковым этапе і далейшае звальненне супрацоўнікаў з іх у знак пратэсту прывялі да поўнай дыскрэдытацыі дзяржаўных тэлеканалаў і газет. Ключавая крыніца інфармацыі для насельніцтва — гэта некалькі недзяржаўных сайтаў і тэлеграм-каналаў. Аналіз расійскіх сайтаў паказвае, што асноўны кантэнт пры асвятленні сітуацыі ў Беларусі бярэцца не з дзяржаўных СМІ.
Страта камунікатыўнай функцыі ўрадам. У дадатак да вышэйсказанага істотна скарачаюцца магчымасці ўплыву на грамадскую думку альтэрнатыўнымі спосабамі. Публічныя масавыя заявы дзеячаў культуры і мастацтва, рознага роду селебрэтыз, як айчынных, так і замежных, фармуюць негатыўны вобраз улады. Адзін з найбольш балючых удараў — гэта выказванні топавых спартсменаў, што фактычна адбірае ў кіраўніка дзяржавы магчымасць казаць пра дасягненні ў галіне спорту. У выніку ўлада губляе магчымасць трансляваць карцінку паспяховасці.
Адсутнасць пазітыўнага парадку развіцця ва ўрада. Яшчэ ў пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу Лукашэнка трансляваў адмовы ад пераўтварэнняў. Поствыбарная рыторыка наогул становіцца негатыўнай з абвінавачваннем праціўнікаў улады ва ўсіх праблемах. Найбольш верагодна, што на фоне макраэканамічных пагроз урад вернецца да ручнога кіравання эканомікі як да найбольш знаёмага спосабу.
Абмежаванае поле для эканамічнага манеўру. Акрамя ўнутранага супраціву рэформам ёсць яшчэ некалькі фактараў, якія стрымліваюць магчымасці эканамічных пераўтварэнняў. Па-першае, гэта дэфіцыт прафесіяналаў. Адносна невысокія заработныя платы і абмежаваныя магчымасці для самарэалізацыі і да гэтага не стваралі перадумоў для захавання высокапрафесійных кадраў на дзяржслужбе. У бягучых умовах, калі многія супрацоўнікі пазначылі сваю грамадзянскую пазіцыю, сітуацыя стане яшчэ горшай. Па-другое, банальная адсутнасць даверу да ўлады. Большасць даследаванняў сведчыць, што поспех рэформаў шмат у чым залежыць ад узроўню падтрымкі іх насельніцтвам. Ва ўмовах фактычна выказанага вотуму недаверу можна чакаць, што любыя ініцыятывы ўрада будуць падвергнутыя крытыцы. Па-трэцяе, рэформы — рэч затратная. Пры гэтым унутраныя рэсурсы адсутнічаюць, а прыцягнуць замежную дапамогу для садзейнічання структурным рэформам бягучае кіраўніцтва, баюся, ужо не зможа ніколі.
Гэта толькі найбольш відавочныя фактары, якія прывядуць да пагаршэння дзяржаўнага кіравання, што негатыўна адаб'ецца, як на якасці прыманых рашэнняў, так і на здольнасці ўрада ажыццявіць іх у жыццё.
Калі да згаданых трох блокаў: эрозіі чалавечага капіталу, інстытуцыйнай дэградацыі, зніжэння якасці дзяржаўнага кіравання дадаць агульную фрустрацыю грамадства, то можна смела казаць, што краіна будзе адкінутая ў развіцці гадоў на 10 назад. Рэалізацыя гэтага сцэнара вельмі негатыўна паўплывае на ўзровень прадпрымальніцкіх ініцыятыў, што заганяе развіццё краіны ў заганны круг, вырвацца з якога будзе вельмі складана.
На сённяшні дзень не ясна, ці разумее бягучае кіраўніцтва, што ёсць рызыка страціць цэлае пакаленне, за кошт якога ёсць магчымасць вырвацца з пасткі сярэдніх даходаў.
Вядома, усё калісьці сканчаецца і патэнцыял людзей у краіне дазволіць перадужаць тыя наступствы, пра якія гаварылася вышэй. Але ў што абернецца для будучыні беларусаў спроба захавання ўлады, колькі гадоў давядзецца выдаткаваць, каб нагнаць упушчанае? Ацаніць гэта вельмі складана, зразумела толькі, што пры цяперашняй уладзе ноч будзе доўгай.