Мінтранс Літвы можа скараціць колькасць або адмовіцца ад пасажырскіх перавозак у Беларусь
На рашэнне літоўскага Мінтранса можа паўплываць заключэнне Дэпартамента дзяржбяспекі Літвы. Калі ДДБ палічыць, што перавозчыкам рызыкоўна ажыццяўляць такія перавозкі, Мінтранс «распачне пэўныя дзеянні ў дачыненні да скарачэння колькасці або адмовы ад пасажырскіх перавозак, якія ажыццяўляюцца дагэтуль».
Намеснік міністра транспарту і камунікацый Міндаўгас Тарнаўскас адзначыў, што працу літоўскіх перавозчыкаў «варта ацэньваць у кантэксце нацыянальнай бяспекі і магчымых пагроз», паведамляе «Позірк».
Прэзідэнт літоўскай асацыяцыі пасажырскіх перавозак Гінтарас Накуціс заявіў, што літоўскія перавозчыкі «не бачаць гэтых рызык». Паводле яго, «аўтобусы цяпер запоўнены».
Паводле звестак медыя, цяпер існуе 66 пасажырскіх аўтобусных маршрутаў, якія ідуць у Беларусь і праз яе тэрыторыю. Перавозкамі займаюцца 11 літоўскіх і 22 беларускія кампаніі.
Верагодна, увагу ДДБ прыцягнуў інцыдэнт, які здарыўся 7 ліпеня з аўтобусам кампаніі «PL Int», калі той ехаў з Вільні ў Мінск. Аўтобус спынілі на беларускай мяжы, пасажыраў пратрымалі некалькі гадзін. А пасля людзей высадзілі і прапанавалі дабірацца сваім ходам.
Нібыта беларускія памежнікі знайшлі ў салоне «кантрабанду» — так яны назвалі запчасткі, якія былі ў аўтобусе на выпадак паломкі.
У выніку літоўская кампанія вярнула пасажырам грошы за квіткі. З боку беларускіх памежнікаў прабачэнняў не дачакаліся.