«Людзі з дзецьмі проста ў лесе». Памежнікі не прапусцілі аўтобус з Вільні, пасажыраў высадзілі ноччу

«Ёсць проста жудасная гісторыя пра мяжу», — напісала ў рэдакцыю «Люстэрка» чытачка Кацярына (імя зменена). Яна распавяла пра сябра, які ўвечары 7 ліпеня ехаў з Вільні ў Мінск. Паездка прайшла з прыгодамі: аўтобус спынілі на беларускай мяжы, пасажыраў пратрымалі некалькі гадзін. А пасля людзей высадзілі і прапанавалі дабірацца сваім ходам.

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак

«Дзякуйце за гэта сваёй Літве»

Аўтобусы кампаніі «PL Int» ездзяць з Вільні ў Мінск і назад. 7 ліпеня аўтобус выехаў са сталіцы Літвы паводле раскладу а 17.00 і павінен быў быць у Мінску а 21.00. Але ўсё пайшло не па плане, пераказвае Кацярына гісторыю сябра.

— На літоўскай мяжы ўсё было добра, прапусцілі без праблем. На беларускай пачалося: супрацоўнікі сказалі чакаць, кудысьці сышлі, і ў выніку аўтобус прастаяў чатыры гадзіны! Потым яны вярнуліся і сказалі чакаць яшчэ, — тлумачыць дзяўчына.

Каля паўночы да пасажыраў падышоў памежнік і сказаў выходзіць разам з рэчамі. Пункт пропуску «Каменны Лог» не прызначаны для пераходу мяжы пешшу, але супрацоўнік прайшоў яго разам з пасажырамі.

— Як распавядаў сябар, памежнік сказаў, што аўтобус не прапускаюць, а людзі далей хай едуць як хочуць. І дадаў: «Дзякуйце за гэта сваёй Літве». І вось стаіць натоўп людзей, з дзецьмі, з рэчамі, проста ў лесе за пагранпунктам! Сяк-так людзі пачалі дамаўляцца і заказваць таксі, хтосьці тэлефанаваў сябрам, — адзначае Кацярына.

Паводле слоў дзяўчыны, прычынай спынення аўтобуса стала прэтэнзія памежнікаў да кіроўцы — той нібыта вёз кантрабанду. Хоць сам мужчына тлумачыў, што гэта стандартныя запчасткі на выпадак паломкі транспарту.

Яшчэ адна чытачка выдання Вольга (імя зменена) у тую ноч забірала свайго мужа з мяжы: ён таксама ехаў гэтым рэйсам.

— Памежнікі сказалі, што ўнутры аўтобуса была кантрабанда, — пацвярджае яна словы Кацярыны. — Што менавіта, я не ведаю. Усяго было 56 пасажыраў, і натуральна, усе абураліся. Цікавіліся, што рабіць. А людзей шмат, усе з рэчамі. У адказ ад начальніка змены пачулі толькі, маўляў, дабірайцеся самі, усе пытанні да перавозчыка. Кіроўцу аўтобуса пасажыры больш не бачылі.


Глядзіце таксама

Што сказалі ў кампаніі і на мяжы

У кампаніі «PL Int» распавялі, што такі інцыдэнт на мяжы сапраўды быў. Паводле слоў дырэктара, кіроўцу спынілі нібыта праз кантрабанду:

— Так, было такое затрыманне [аўтобуса]. У аўтобусе знайшлі нейкія рэчы, якія нельга было везці. Там былі запчасткі. Чаму праз гэта затрымалі... Недэклараванае, атрымліваецца, было. З кіроўцам нічога [не здарылася], яго вярнулі назад. Потым ён зноў паехаў у Беларусь, і больш праблем ніякіх не было. Такое з намі першы раз, але пасля гэтага інцыдэнту наступстваў ніякіх не было. У пасажыраў былі прэтэнзіі, але ўсё ўдалося вырашыць: вярнулі грошы.

Па каментар да прадстаўніка смаргонскай памежнай групы звярнуліся журналісты блога «Людзі».

— Была такая сітуацыя. У дачыненні да грамадзян праведзены памежны кантроль, людзі перасеклі мяжу. Пасля прапановы ім дапамогі па пасадцы ў аўтобусы сказалі, што едуць самастойна. З нагоды затрымкі аўтобуса звяртайцеся да супрацоўнікаў мытні, — параіў дзяжурны. — З боку памежнікаў людзям была прапанавана пасадка ў аўтобусы, якія ехалі праз дзяржаўную мяжу.

Атрымаць аператыўны каментар ад прадстаўніка мытнага кантролю ў пункце пропуску «Каменны Лог» у журналістаў не атрымалася.