«Вагнер» на мяжы з Польшчай, пасты кантролю на мяжы з РФ скасаваны: Галоўнае ў Беларусі за тыдзень паводле ВВС
ПВК «Вагнер» усё больш упэўнена асвойваецца ў Беларусі: найміты ўжо праводзяць сумесныя з беларускімі вайскоўцамі трэніроўкі, а Яўген Прыгожын абяцае зрабіць тут «другую армію свету». Улады без тлумачэнняў адмянілі кантроль на мяжы з Расіяй — гэтак жа, як без тлумачэнняў і ўвялі яго ў траўні гэтага года. За апазіцыйныя дзеянні цяпер пераследуюць каталіцкіх святароў.
ВВС распавядае пра галоўныя падзеі ў Беларусі за тыдзень — як іх бачаць з-за мяжы.
Найміты з «Вагнера» трэніруюць беларускіх вайскоўцаў
20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што вайскоўцы ўдзельнічаюць у сумесных трэніроўках з наймітамі з групы «Вагнер» на палігоне ў Брэсцкай вобласці — усяго за 30 кіламетраў ад беларуска-польскай мяжы.
З паведамлення Мінабароны вынікае, што войска краіны хоча пераняць досвед наймітаў «Вагнера», які яны атрымалі ва Украіне. Гаворка ідзе аб псіхалагічнай падрыхтоўцы, перасячэнні мясцовасці ва ўмовах моцнага агню, прымяненні беспілотнікаў і ўменні атакаваць БПЛА праціўніка.
Улады Польшчы заявілі, што назіраюць за сітуацыяй у памежных абласцях.
Такім чынам, ПВК «Вагнер» пасля бунту 24 чэрвеня ўсё больш упэўнена асвойваецца на тэрыторыі Беларусі.
Тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» (яго вядучыя манітораць перамяшчэнне ваеннай тэхнікі па тэрыторыі краіны) сцвярджае, што да вечара 19 ліпеня ў Беларусь з боку Расіі ўвайшлі дзевяць калон ваеннага і грузавога транспарту, яны маглі перавозіць каля 2 тысяч чалавек.
У гэты ж дзень, 19 ліпеня, звязаныя з Яўгенам Прыгожыным тэлеграм-каналы апублікавалі яго зварот да наймітаў.
Стваральнік групоўкі сказаў, што на расійска-ўкраінскім фронце адбываецца «ганьба, у якой не трэба ўдзельнічаць», і паабяцаў стварыць у Беларусі «другое войска свету» — яшчэ адна адсылка да таго, што канфлікт Прыгожына з расійскім генералітэтам далёка не вычарпаны.
З яго слоў можна зрабіць выснову, што наймітаў чакаюць новыя паездкі ў краіны Афрыкі, не выключыў ён і таго, што байцы яшчэ вернуцца ва Украіну, хоць і не ў хуткім часе.
20 ліпеня стала вядома, што найміты «Вагнера» праводзілі заняткі для «тэрытарыяльнай абароны» ў Салігорску (за 135 км на поўдзень ад Мінска) — пры поўным садзейнічанні абласных чыноўнікаў і вайскоўцаў.
КПП на аўтамабільнай мяжы з Расіяй больш няма
19 ліпеня выданне «Зеркало» паведаміла, што на аўтамабільнай мяжы з Расіяй з беларускага боку больш няма памежнага кантролю. Ён знік без афіцыйных тлумачэнняў.
КПП на мяжы з Расіяй зніклі не менш нечакана, чым з'явіліся.
Аб усталяванні КПП на аўтатрасах па шляху з Беларусі ў Расію стала вядома ў пачатку траўня 2023 года. Неўзабаве з'явіліся паведамленні спачатку пра чэргі, а затым і пра асабісты дагляд грамадзян, які нічым не адрозніваўся ад міліцэйскага ўнутры краіны. У людзей у тэлефонах шукалі падпіскі на забароненыя тэлеграм-каналы і апазіцыйныя выказванні ў асабістых перапісках.
Вядома некалькі выпадкаў, калі ў тэлефонах людзей, якія праходзілі мяжу, знаходзілі плацяжы для апазіцыйных арганізацый за межамі Беларусі. У гэтым выпадку грамадзян адпускалі, але з умовай: трэба было пералічыць такую ж суму, напрыклад, дзіцячаму дому, а плацежны дакумент аднесці ва ўпраўленне КДБ па месцы жыхарства.
Улады спачатку наогул не казалі, навошта патрэбны дагляд на мяжы з Расіяй, які скасавалі яшчэ ў 2011 годзе. Затым агучылі адразу некалькі версій таго, што адбываецца.
Па адной з іх (версія МУС Беларусі), гэта быў не кантроль, а толькі маніторынг сітуацыі, па другой (гэта версія КДБ), трэба было выявіць асоб, «якія выношваюць тэрарыстычныя і экстрэмісцкія планы» ў адносінах да Беларусі. Паводле трэцяй (так сказаў сенатар Алег Дзячэнка), трэба было спыніць нелегальныя пастаўкі зброі. Нарэшце, у Дзяржпамежкантролі казалі, што дагляды з'явіліся на час, пакуль Расія і Беларусь ратыфікуюць пагадненне аб адзіным прызнанні віз грамадзян трэціх краін.
Па стане на вечар 20 ліпеня тлумачэнняў таму, чаму дагляд знік, беларускія ўлады не давалі.
На служыцеляў каталіцкага сабора ў Мінску заводзяць крымінальныя і адміністрацыйныя справы
Беларускія сілавікі вядуць атаку на каталіцкіх святароў. Яна пачалася ў траўні, калі міліцыя затрымала Уладзіслава Беладзеда — семінарыста і выкладчыка катэхізіса ў мінскім Архікафедральным саборы Найсвяцейшай Панны Марыі. Ён атрымаў адміністрацыйны арышт за тое, што нібыта захоўваў «экстрэмісцкія матэрыялы». Арышт падаўжалі яшчэ двойчы, а цяпер супраць семінарыста распачата крымінальная справа — за распальванне варожасці.
Семінарыст Уладзіслаў Беладзед «прызнаўся», што служыцелі сабора нібыта папярэджвалі мітынгоўцаў у 2020 годзе аб з'яўленні міліцыі.
У «палонным» відэа, якое апублікаваў неафіцыйны тэлеграм-канал Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю МУС Беларусі (менавіта яно яшчэ з 2020 года пераследуе апазіцыянераў), Беладзед казаў, што служыцелі сабора падтрымлівалі пратэсты 2020 года і званілі ў званы, калі зверху бачылі, што сілавікі набліжаюцца да грамадзян, якія мітынгавалі.
На гэтым тыдні сілавікі правялі ператрус у саборы; архіепіскап Мінска-Магілёўскі Іосіф Станеўскі вырашыў зняць з пасады настаяцеля сабора, ксяндза Антонія Клімантовіча.
17 ліпеня суд арыштаваў ксяндза сабора Юрыя Жагарына на 555 беларускіх рублёў (амаль 200 еўра) за тое, што ў 2020 годзе той зрабіў рэпост запісу ад 2016 года ў сацсетках «Радыё Свабода» — у Расіі гэта медыя абвешчана «замежным агентам», а ў Беларусі наогул прызнана «экстрэмісцкім» і забаронена.