Беларусь зняла памежны кантроль на мяжы з Расіяй. Ці надоўга?
На беларуска-расійскай мяжы скасавалі памежны кантроль. На гэта звярнулі ўвагу карыстальнікі чатаў, дзе абмяркоўваецца перасячэнне мяжы.
«18.07 каля 21.00 кірунак з Масквы ў Мінск на легкавіку, Чырвоная Горка: толькі бегла прагледзелі пашпарты на расійскім баку, далей — нічога. Ніякага надгляду, з машыны выходзіць не прыйшлося. Усё як да травеньскіх, толькі даволі вялікая чарга з фур у правых палосах».
«Учора ўвечары праз Лабок ехалі, таксама за 5 хвілін прайшлі, правяралі толькі РФ памежнікі».
«З РБ на РФ правярае толькі Расія», — пішуць у чатах.
Журналістцы «Люстэрка», якая датэлефанавалася на гарачую лінію Дзяржпагранкамітэта, пацвердзілі, што памежны кантроль зняты.
«На сённяшні дзень пакуль знялі. А заўтра, можа, паставяць» — сказалі ў ДПК.
На пытанне, чаму кантроль прыбралі, у ведамстве адказалі: «Усё ў нас залежыць ад распараджэння ўрада Рэспублікі Беларусь. Будзе распараджэнне — будзем неяк вырашаць, што нам рабіць. Мы не самі прымаем рашэнне. Ёсць у нас прэзідэнт, урад, і яны прымаюць рашэнне».
Памежны кантроль на ўезд з Расіі ў Беларусь увялі ў пачатку траўня. У ДПК заявілі, што гэта рабілася да асаблівага распараджэння «ў рамках выканання ратыфікацыйнага пагаднення аб узаемным прызнанні віз з Расіяй».
Аднак узмацненне мер кантролю ў дачыненні да беларусаў пры пераходзе мяжы Беларусь — Расія вылілася ў звыклы беларускі «трэш». Мясцовыя выданні паведамілі, што людзі, непадобныя на памежнікаў, пад запіс на відэакамеру задавалі беларусам пытанні, звязаныя з пратэснымі тэмамі, і патрабавалі разблакіраваць тэлефоны для дагляду.
На размовах цікавіліся мэтамі візіту ў РФ або РБ — прычым пытанні пра мэту візіту ў Беларусь задавалі і тым, хто жыве ў Беларусі і проста вяртаецца з паездкі. Запытваліся, ці падпісаны чалавек на якія-небудзь каналы. Пыталіся, калі чалавек быў ва Украіне апошні раз і што ён там рабіў. І цікавіліся, ці затрымлівалі чалавека, за што і калі.
Таксама людзі пішуць, што на «размове» задавалі і адкрыта правакацыйныя пытанні. Да прыкладу, цікавіліся, навошта яны нешта фатаграфавалі на мяжы, хоць яны ніякіх фота не рабілі.
Практычна ўсе пісалі, што іх прасілі разблакіраваць тэлефон, паказаць фота/відэа ў галерэі, глядзелі сацсеткі, уважліва глядзелі пашпарты, правяралі па базах, па некаторых даных, таксама пры гэтым вялі відэазапіс гутаркі.
Акрамя таго, на мяжы РБ — РФ у Магілёўскай вобласці перакапалі/завалілі дрэвамі дробныя аб'язныя дарогі, якія ў асноўным выкарыстоўвалі мясцовыя жыхары.