Мінфін Беларусі скардзіцца ўсяму свету на «нестандартны час» і «генеральную лінію Захаду»

Міністэрства фінансаў Беларусі разрадзілася чарговым эмацыйным каментаром з нагоды прызнання міжнароднымі агенцтвамі дэфолту па айчынных еўрааблігацыях.

13402495.png


Нагадаем, Moody's наўпрост заявіла аб дэфолце пасля рублёвай выплаты купона па доларавых каштоўных паперах, S&P анансавала прызнанне невыканання абавязацельстваў па заканчэнні льготнага перыяду. Нарэшце, Fitch сёння панізіла рэйтынг Беларусі да абмежаванага дэфолту.

Міністэрства фінансаў Беларусі ў сваёй заяве выказвае перакананасць у тым, што ў нестандартны час міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы не павінны кіравацца звычайнымі практыкамі, а прызнаць намаганні ведамства па ўрэгуляванні праблемы плацяжоў, перадае REFORM.by.

«Міністэрства фінансаў перакананае, што ў нестандартны час немагчыма абмяжоўвацца стандартнымі практыкамі і метрыкамі, а меркаванні асобных рэйтынгавых агенцтваў аб дэфолце павінны быць дастасавальныя да заходняй інфраструктуры, якая відавочна прадэманстравала сваю індыферэнтнасць да інвестараў», — гаворыцца ў заяве міністэрства.

Таксама ведамства Юрыя Селіверстава абвінаваціла рэйтынгавыя агенцтвы ў тым, што яны не забяспечваюць у сваіх ацэнках «незалежнасць, аб'ектыўнасць, паўнавартасны ўлік усіх фактараў». Для большай пераканаўчасці ў паведамленні эпітэт «незалежны» ў дачыненні да міжнародных рэйтынгавых агенцтваў выкарыстоўваецца выключна ў двукоссях.


Мінфін таксама піша, што прымае актыўныя меры па ўрэгуляванні праблем з разлікамі.

«Рэспубліка Беларусь прымае актыўныя меры па нарматыўным урэгуляванні пытанняў аб правядзенні разлікаў па еўрааблігацыях, вымушана функцыянуючы ў беспрэцэдэнтных санкцыйных умовах. Асобнымі міжнароднымі рэйтынгавымі агенцтвамі прызнана, што 1) складанасці з выплатамі носяць тэхнічны характар, звязаныя з заходнімі санкцыямі супраць Беларусі, 2) беларускія ўлады прыкладаюць усе намаганні для ажыццяўлення выплат інвестарам, 3) краіна здольная і гатовая выконваць узятыя на сябе фінансавыя абавязацельствы ў поўным аб'ёме і ва ўстаноўленыя тэрміны», — напісалі ў Мінфіне.

Паводле інфармацыі ведамства, эмітэнт у асобе Мінфіна гатовы працаваць з уладальнікамі аблігацый наўпрост, каб выканаць свае абавязацельствы, нягледзячы на абмежаванні па правядзенні плацяжоў праз міжнародныя аплатныя сістэмы. У ведамстве сцвярджаюць, што ёсць і ўладальнікі еўрабондаў, якія «праяўляюць адкрытасць у працы з эмітэнтам па рэалізацыі сваіх правоў».

«Аднак ёсць і трэція асобы, дзеянні якіх відавочна нацэлены на выкарыстанне штучных дэфолтных з'яў, прытрымліваючыся генеральнай лініі Захаду», — не без крыўды пішуць у міністэрстве.

«Некаторым агенцтвам, відавочна, прасцей займаць пазіцыю, пры якой любыя дзеянні беларускага боку будуць прызнаныя як “неадпаведныя вызначаным умовам”» — паскардзіліся ў Мінфіне.