Чаму растуць цэны і каму гэта выгадна?
Рост цэн выгадны дзяржаве, піша калумніст Office Life Віталь Чуясаў.
Тэма росту цэн у апошні час не сыходзіць, як раней казалі, з газетных старонак. З інфляцыяй ніхто не можа даць рады, прадукты харчавання даражэюць прама на вачах, хатнія гаспадыні ў шоку… З апошніх навін яскравы прыклад: раскрыццё «змовы» ўладальнікаў баршчэвага набору — агароднінных баз, якія паднімаюць кошты на базавыя для харчавання беларусаў карняплоды. Я спецыяльна не выкарыстоўваю абарот «неабгрунтавана падымаюць», таму што «абгрунтаванні» ў той канфігурацыі эканомікі, якая склалася цяпер у свеце, могуць быць самыя камічныя. Прыкладаў тлумачэнняў росту цэн маса: ад крызісу сусветных лагістычных ланцужкоў і палітыкі раздачы практычна дарма грошай у ЗША бізнесу і насельніцтву да неўраджая грэчкі дзе-небудзь у сярэдняй паласе Расіі. Але тэма гэтай калонкі некалькі іншая — распавесці, каму выгадны рост цэн.
Адказ на паверхні: рост цэн выгадны дзяржаве. Гэта зусім не парадокс, як можа падацца з першага погляду. Так, мы прывыклі, што якраз дзяржава ў асобе розных яе прадстаўнікоў найбольш актыўна «змагаецца» з інфляцыяй. Але любыя статыстычныя даныя пакажуць, што ў гэтай «барацьбе» дзяржава часцей за ўсё прайграе з буйным лікам і цэны няўхільна растуць. Тлумачэнне вельмі простае, і яно звязана з асаблівасцю фарміравання бюджэтных даходаў — у прыватнасці, з удзелам у іх падатку на дабаўленую вартасць (ПДВ).
Цяпер для беларускага бюджэту ПДВ — галоўны сістэмаўтваральны падатак. На 2022 год, напрыклад, ён павінен забяспечыць прыкладна 53 працэнты даходаў рэспубліканскага бюджэту, або больш за трэць кансалідаванага (з улікам мясцовых бюджэтаў). Гэта значыць ПДВ для бюджэту Беларусі — гэта святое, галоўная ікона, на якую павінны маліцца тыя, хто працуе на дзяржаву, адрасаты сацыяльных праграм, пенсіянеры і жыхары бюджэтадэфіцытных беларускіх рэгіёнаў, якія атрымліваюць трансферы з цэнтра для падтрымання сацыяльных стандартаў узору канца XX — пачатку XXI стагоддзя.
Не буду ўдавацца ў хітрасці ўскоснага падаткаабкладання, але калі простымі словамі, то дзейнічае няўхільнае правіла: падвышаюцца цэны — растуць паступленні ПДВ. Далей можна разважаць аб «інфляцыі чаканняў», маральных аспектах сквапнасці і прагі нажывы ўдзельнікаў капіталістычнай, рынкавай, сацыяльна арыентаванай ці іншай эканомікі, але «правіла ПДВ» усё роўна будзе дзейнічаць.
ПДВ — вельмі зручны падатак у плане адміністравання. Не думаю, што мы ад яго адмовімся бліжэйшым часам. Так, калі ўспомніць ліхія 1990-я з галапуючай інфляцыяй, то давайце яшчэ раз на яго памолімся — шмат у чым менавіта ўвядзенню ПДВ мы павінны быць удзячныя за тое, што дзяржаўная бюджэтная сістэма худа-бедна выстаяла, сацыяльная сфера не абрынулася…
А што далей?
Польшча з гэтага тыдня часова адмяніла (!) ПДВ на прадукты харчавання. Хаця яны і так у іх абкладаліся па паніжанай стаўцы 5% супраць стандартных 23%. На канец 2021 года рост цэн на прадукты харчавання і безалкагольныя напоі ў гадавым вылічэнні ў Польшчы складаў 8, 6%. На колькі знізяцца (ці прынамсі перастануць расці) тамака цэны на ежу, сказаць пакуль цяжка.
Але мае знаёмыя беларусы, якія жывуць у Варшаве, і так пісалі, што ў польскіх супермаркетах цэннік у пераліку на беларускія рублі такі ж, як у Мінску. А яшчэ я чытаю перыядычна літоўскую прэсу, якая выходзіць на рускай. Апошнім часам там папулярныя гісторыі пра тое, як літоўцы ездзяць на закупы да суседзяў па Еўразвязе (зусім як у дакавідныя часы — жыхары Брэстчыны і Гарадзеншчыны). І на адной паездцы з тыднёвым закупам прадуктаў першай неабходнасці на сям'ю з чатырох чалавек эканомія складае 50% супраць цэн, якія дзейнічаюць у Літве: €200 (у пераліку на злотыя) супраць €300, якія прыйшлося б заплаціць у літоўскіх крамах. Так, гэта такі спецыфічны турызм, на аматара, але тым не менш…
Таму брава польскаму ўраду — ён адзін з нямногіх у свеце (а ПДВ дзейнічае больш чым у 120 краінах свету) вырашыў з сябе пачаць барацьбу з інфляцыяй.