Прафсаюзы: Заробкі не паспяваюць за ростам цэн
Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі правяла маніторынг, які паказаў, што "павелічэнне кошту прадуктаў харчавання часам апярэджвае рост заробкаў".
Асаблівую трывогу прафсаюзаў выклікае павышэнне цэн на мясцовую агародніну, якая ўваходзіць у штодзённы рацыён беларусаў.
Так, за мінулы год на 23, 2% падняўся цэннік на бабовыя, на 63% — на моркву, на 79, 5% — на бульбу, на буракі — у 2, 1 раза, на капусту — у 2, 9 раза. А яшчэ даражэюць транспартныя, камунальныя паслугі і іншае.
"Павышаць цэны на тавары першай неабходнасці можна толькі пры ўмове росту даходаў насельніцтва", — патрабуе федэрацыя.
Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, рэальная заработная плата за студзень-лістапад мінулага года да аналагічнага перыяду 2020 года павялічылася на 4,6 працэнта (намінальная — на 14,4 працэнта).
Рост цэн склаў амаль 10%.
Прычым у некаторых рэгіёнах рост намінальнай налічанай сярэднямесячнай зарплаты ніжэйшы за сярэдні паказчык: у Магілёўскай і Віцебскай абласцях — 13,9% і 13,7% адпаведна. Акрамя таго, сярэдняя зарплата ў бюджэтных арганізацыях адносна зарплаты па краіне знаходзіцца ў межах 80 працэнтаў.
Прафсаюзы патрабуюць выпрацаваць механізмы, каб "зрабіць цэны больш стабільнымі і прадказальнымі".
Таксама прафсаюзы неаднаразова патрабавалі забяспечыць наяўнасць айчыннай пладова-агародніннай прадукцыі ў крамах. Іх прапановы былі ўлічаныя.
У рэгіянальных стабілізацыйных фондах размясцілі каля 26 тыс. тон бульбы (на 1,7 тыс. тон больш, чым на пачатак снежня 2020-га), звыш 24 тыс. тон іншай гародніны (на 10 тыс. тон больш), у тым ліку больш 9 тыс. тон капусты, 2,9 тыс. тон буракоў, каля 8 тыс. тон морквы і звыш 4 тыс. тон цыбулі.
Вынікі прафсаюзнага маніторынгу пацвярджаюць: гэты запас закрые патрэбы насельніцтва ў міжсезонны перыяд пры ўмове яго эфектыўнага выкарыстання.
"Аднак калі дэфіцыту тавару няма, то чаму растуць цэны?" — задалі прафсаюзы пытанне, якое пакуль засталося адкрытым.
thinktanks.by