Кацярына Андрэева працуе ў калоніі швачкай, нядаўна атрымала 4-ты разрад
Што вядома пра журналістку, якую схапілі на асвятленні акцыі пратэсту ў 2020 годзе?
Палітзьняволеная Кацярына Андрэева ў гомельскай калёніі працуе швачкай, паведамляе «Свабода».
Празь месяц будзе тры гады, як у Менску падчас асьвятленьня пратэставай акцыі арыштавалі журналістку, якую потым двойчы асудзілі.
Спачатку Кацярыне прысудзілі два гады зьняволеньня ва ўмовах агульнага рэжыму, а потым яшчэ восем гадоў узмоцненага рэжыму нібыта за здраду дзяржаве. Кацярына Андрэева адбывае пакараньне ў гомельскай жаночай калёніі. Пра яе расказала крыніца, якая кантактуе з сваякамі палітзьняволенай.
«Алергія абвастрылася»
Сваякоў найперш непакоіць здароўе Кацярыны Андрэевай, на долю якой у маладым веку выпалі цяжкія выпрабаваньні.
«Здароўе, вядома, лепшым не становіцца: зрок, слых, агульнае аслабленьне імунітэту. Праз гэта апошнім часам сталі часта чапляцца дробныя прастуды, і алергія абвастрылася, прыступы сталі часьцейшымі», — расказала пра стан здароўя Кацярыны Андрэевай дасьведчаная крыніца.
Палітзьняволеная Кацярына Андрэева працуе ў калёніі швачкай, нядаўна падвысіла кваліфікацыю — атрымала 4-ты разрад. Працаваць мусіць напружана.
«Яны шыюць форму розным установам. Па чарзе ў дзьве зьмены: тыдзень у першую, ранішнюю, наступны тыдзень у другую, вечаровую. Не казала, у якую зьмену ёй лепш. Натуральна, што стамляецца, як усе яе калегі».
На ліставаньне і тэлефонныя званкі Кацярына Андрэева ня скардзіцца. Паводле крыніцы, яна тры разы на месяц можа званіць сваякам, а чацьвёрты званок — відэа праз скайп.
«Выглядае яна добра. Заўсёды прыгожая, акуратна апранутая. Вядома, падчас відэазванкоў бачна, што яна схуднела, дый сама прызнае, што стамілася. Але вялікіх скаргаў няма — трымаецца».
«Рэгулярна паказваюць прапагандысцкія фільмы БТ»
У вольны час, якога ў калёніі мала для тых, хто працуе, Кацярына Андрэева шмат чытае.
«З апошняга прачытанага вельмі спадабаўся раман брытанскай пісьменьніцы Кейт Аткінсан «Жыцьцё пасьля жыцьця». Кажа, што падобныя кнігі дапамагаюць ёй адпачыць, сабрацца з думкамі, памарыць пра лепшую будучыню. Але там і на гэтае чытаньне не хапае часу. Ім рэгулярна паказваюць новыя прапагандысцкія фільмы, што штампуе БТ. Адмыслова зьбіраюць, каб усе паглядзелі», — расказала крыніца.
Зьняволеньне ў Кацярыны Андрэевай, паводле яе дакумэнтаў, мае скончыцца ў жніўні 2028 году.
«Але яна вельмі спадзяецца, што выйдзе на свабоду раней. Яе настрой такі: сьціснуць зубы, захаваць сябе і ўсё-ткі дачакацца гэтага моманту», — перадаюць словы журналісткі ейныя сваякі.