Хронікі рэпрэсій за 3 кастрычніка
МУС завёў крымінальную справу ў дачыненні да 60 чалавек, а Вярхоўны суд адправіў праваабаронцу Насту Лойка на 7 гадоў у калонію — такія навіны сённяшняга дня знутры Беларусі.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо каля тысячы дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1056 дзён, Дзяніс — 936.
***
У дачыненні да арганізатараў марафону салідарнасці з палітычнымі зняволенымі і іх сем’ямі «Нам не ўсё адно!» рэжым Лукашэнкі распачаў крымінальную справу. Пра гэта раніцай 3 кастрычніка паведаміла прэс-служба МУС.
У паведамленні гаворыцца, што «па матэрыялах аператыўнікаў ГУБАЗіК МУС распачата крымінальная справа ў дачыненні да ўдзельнікаў прамой трансляцыі пад назвай «анлайн-марафон салідарнасці з палітвязнямі «Нам не ўсё адно!», ініцыяванага прадстаўнікамі так званага Аб'яднанага пераходнага кабінета і кіраўнікамі іншых экстрэмісцкіх фарміраванняў».
Справа заведзена паводле артыкула аб «фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці» (санкцыя артыкула прадугледжвае да 8 гадоў пазбаўлення волі).
Падазраванымі з'яўляюцца каля 60 чалавек «з ліку арганізатараў марафону і іх памагатых». На дадзены момант, удакладняюць у МУС, «праводзіцца работа па ўстанаўленні іншых асоб, якія спансіруюць дэструктыўныя фарміраванні».
***
У Мінскім гарадскім судзе 20 чэрвеня палітзняволенай праваабаронцы Насце Лойка прызначылі 7 гадоў калоніі за падрыхтоўку даклада «Пераслед анархістаў, антыфашыстаў, левых і сацыяльных актывістаў у Беларусі» (2017-жнівень 2018 года). У ім нібыта даецца крытычная ацэнка дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі, піша «Вясна».
Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму падрабязнасці і пазіцыя самой Насты невядомыя.
Вярхоўны суд 3 кастрычніка разглядзеў апеляцыйную скаргу праваабаронцы. Судовая калегія пад старшынствам суддзі Пятра Лістраценкі пакінула прысуд без змен, а скаргу — без задавальнення. Хутка Насту перавядуць у калонію.
***
Асуджаны на 3 гады хатняй хіміі музыка Мікіта Найдзёнаў пакінуў Беларусь, цяпер ён жыве ў Варшаве. Пра гэта музыка паведаміў у сваім Instagram.
«Столькі ўсяго здарылася са мной за апошнія паўгода! Такая фактура, хоць у стэндап, хоць на новы зборнік. Жыву ў Варшаве, будую планы, і ёсць пачуццё, што ўсё атрымаецца», — напісаў ён.
24 ліпеня суд Ленінскага раёна Мінска прысудзіў Мікіту Найдзёнава да 3 гадоў «хатняй хіміі». Музыку абвінавацілі ў «грубым парушэнні парадку» (арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Затрымалі Найдзёнава ў сакавіку 2023 года.
***
Набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў відэа з затрыманай супрацоўніцай кампаніі «Юрспектр», піша «Медыязона».
На відэа беларуска расказвае, што «ў жніўні 2020 года ўдзельнічала ў несанкцыянаваных мітынгах і пакідала негатыўныя каментары ў сацыяльных сетках і Тэлеграме адносна міліцыі і дзеючай улады». Па якім артыкуле абвінавачваюць дзяўчыну і дзе яна цяпер знаходзіцца — невядома.
На мінулым тыдні затрымалі намесніка выканаўчага дырэктара кампаніі. «ЮрСпектр» — кампанія, якая працуе ў сферы прадастаўлення прававой інфармацыі.
***
Затрыманы блогер Аляксандр Лінскі, паведамляе «Белсат». На «пакаяльным відэа» ён кажа, што нібыта ў 2020-м годзе запісваў відэа, у якіх расказваў, як пазбегнуць затрыманняў на акцыях пратэсту, а таксама «спадзяваўся, што Святлана Ціханоўская стане прэзідэнткай».
***
Чарговае папаўненне «Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў». У яго трапілі:
- Telegram-каналы «ШОС Chat», «Малиновка 8/9: ЧАТ», «Бармалеи/партизаны», «Праскаловiч»;
- Instagram-старонкі «rushennie», «Borisov ok», «твой Барысау Борисов», «Тот Борисов ТБ»;
- TikTok-профіль «beregi_sebia».
***
Як паведамляе ініцыятыва прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы АПК Вольгі Гарбуновай@klopat_by, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак пра самых вядомых палітзняволеных: Марыю Калеснікаву — 232 дні, Максіма Знака — 237 дзён, Мікалая Статкевіча — 233 дні, Ігара Лосіка — 227 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 211 дзён, Віктара Бабарыку — 160 дзён, Уладзіміра Гундара — 60 дзён.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1489 палітычных зняволеных. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1713 чалавек. Сярод іх — 186 жанчыны і 7 непаўнагадовых. 18 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.