Крыміналка за салідарнасць: пусты блеф і падкрэсліванне прававой імпатэнцыі

У Беларусі завялі справу супраць удзельнікаў анлайн-марафону салідарнасці з палітвязнямі: падазраваных 60 чалавек. У МУС заявілі, што арганізатары правялі мерапрыемства нібыта «з мэтай прыцягнення грошай для асабістага матэрыяльнага падсілкоўвання». Пры гэтым Следчы камітэт распачаў крымінальную справу «за фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці».

cihi_pratest____fota_novy_czas__img_5187_logo.jpg

Паведамляецца, што падазраванымі з'яўляюцца блізу 60 чалавек «з ліку арганізатараў марафону і іх памагатых». Раней суд Цэнтральнага раёна Мінска прыняў рашэнне прызнаць «экстрэмісцкімі матэрыяламі» відэазапісы з анлайн-марафону салідарнасці «Нам не ўсё адно!».

На анлайн-марафоне, які праходзіў у канцы ліпеня, для палітвязняў і іх сем'яў удалося сабраць больш за 570 тысяч еўра. Сродкі размеркавалі паміж фондамі, ініцыятывамі і арганізацыямі, якія дапамагаюць палітвязням і іх родным.

Ці паўплывае ўзбуджэнне крымінальнай справы на салідарнасць беларусаў? Пра гэта ў каментары «Філіну» паразважаў сузаснавальнік Фонду BYSOL, праваабаронца Андрэй Стрыжак.

— Гэта не першая і не апошняя крыміналка за салідарнасць, —  адзначыў Андрэй Стрыжак. — Сілавікі разрываюцца ў сваёй логіцы паміж двума супрацьлеглымі тэзісамі — арганізатары правялі марафон для «матэрыяльнага падсілкоўвання» або для «фінансавання экстрэмісцкай дзейнасці»?

Крызіс жанру малабюджэтнай фантастыкі беларускіх сілавікоў у наяўнасці. За тры гады тыя, хто данаціў нягледзячы на рэпрэсіі, так і будзе працягваць данаціць.

Глядзіце таксама

Эксперт звяртае ўвагу на тое, што замежныя банкі не выдаюць звестак пра плацяжы па запыце беларускіх уладаў.

— Усе заявы сілавікоў пра тое, што ім нібыта вядома пра тое, хто «фінансуе экстрэмізм», — пусты блеф і падкрэсліванне іх уласнай прававой імпатэнцыі.

Марафон салідарнасці «Нам не ўсё адно!» прайшоў 29 ліпеня на платформах незалежных медыя, 28-30 ліпеня быў арганізаваны збор сродкаў у дапамогу палітвязням і іх сем’ям. Агулам было сабрана 574 тысячы еўра.

Грошы ўжо часткова размеркаваныя паміж 13 фондамі і ініцыятывамі, якія будуць перадаваць іх ахвярам палітычных рэпрэсій у Беларусі.

Як паведамляла прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета па сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова, каманда арганізатараў марафона патраціла на яго арганізацыю нуль еўра, а ўсе медыя, студыі, фонды, арганізацыі працавалі бясплатна.

Глядзіце таксама