Генадзь Коршунаў: Мы — побач. І нас па-ранейшаму шмат
Аналітык «Цэнтра новых ідэй» адзначае галоўныя вынікі першага беларускага марафону салідарнасці — і яны вельмі натхняльныя.
— У мінулыя выхадныя прайшла акцыя «Нам не ўсё адно!» — марафон салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі. У марафоне ўзяў удзел цэлы шэраг нашых медыя, палітыкаў, актывістаў. У выніку было сабрана больш за € 570 тыс. Як на мяне, лічба больш чым прыстойная, — піша Генадзь Коршунаў. — Але яна — не самы прынцыповы вынік марафону, як мне падаецца.
Прашу зразумець мяне правільна. Безумоўна, канчатковая сума грошай, якія пойдуць на патрэбы палітвязняў і іх сем’яў, важная сама па сабе. Людзей, якім патрэбна дапамога, вельмі шмат. Для іх усё і распачыналася.
Між тым, я б хацеў звярнуць увагу на іншыя моманты, якія выглядаюць не менш істотнымі. А са стратэгічнага пункту гледжання, магчыма, нават і больш.
Пытанне палітвязняў
Па-першае, як бы цынічна гэта не прагучала, той марафон — выдатная інфанагода зноў узняць балючае пытанне нашых палітвязняў, вярнуць яго ў фокус увагі медыя. І не толькі беларускіх, але і суседніх краін. Суседнім СМІ, блогерам, лідарам грамадскай думкі і палітыкам варта зноў нагадаць, што «Беларусь — гэта не Лукашэнка», што яго рэжым вядзе вайну з беларускім грамадствам, бярэ людзей у палон, кідае іх за краты і катуе. І такіх людзей — тысячы і дзясяткі тысяч.
Яднанне і салідарнасць
Па-другое, заўважнае яднанне прадэмакратычнай часткі беларускага грамадства (марафон гэта цяпер прадэманстраваў): і медыя, і палітыкаў, і актывістаў, і грамадзянскай супольнасці (акрамя лічаных маргіналаў, якія толькі пацвердзілі сваю маргінальнасць). Гэта вельмі ўсцешвае, калі адну справу робяць Святлана Ціханоўская і Зянон Пазняк, журналісты і праваабаронцы, былыя палітзняволеныя і беларускія добраахвотнікі ва Украіне, і ўсе-ўсе-ўсе.
Пэўна, я не памылюся, калі скажу, што такога яднання пасля 2020-га года яшчэ не было. І тое, што яно адбылося, надзвычай каштоўна.
Інклюзія
Па-трэцяе, была створана лёгкая і простая магчымасць кожнаму далучыцца да гэтага яднання. Нават таму, хто раней ніколі не рабіў данатаў. А такія людзі, я мяркую, ёсць, і іх нямала. Як мінімум таму, што далёка не ўсе, хто быў вымушаны з’ехаць за мяжу, маюць шторанішнюю каву за 5 еўра; для кагосьці гэта кошт аднаго паходу ў краму. Дык вось цяпер яны маглі адкрыць для сябе «досвед данатаў», бо праз аб’яднанне медыя, палітыкаў і НДА здымалася шмат дадатковых пытанняў, звязаных з выбарам: каму данаціць, калі гэта зрабіць, ці можна давяраць арганізатарам і г. д.
Дарэчы, хачу асабліва падкрэсліць, што цяпер сапраўды пералічыць свой унёсак было вельмі проста, без аніякіх закавык і непаразуменняў, як часам бывае пры іншых праектах.
Нас па-ранейшаму шмат
Па-чацвёртае, захапляе агульная дзея, хай і віртуальная, і яе маштаб. Пасля стотысячных маршаў 2020-га года наведванне беларускіх імпрэз за мяжой самым відавочным чынам разбурала тое адчуванне, калі «нас — ШМАТ!». Ідзеш і разумееш, што на імпрэзе будуць толькі сотні, ну, можа, тысячы беларусаў, але ўсё роўна не столькі, «як тады». А праз гэты марафон, як шмат хто пісаў і казаў, пачало вяртацца тое адчуванне — адчуванне салідарнасці і маштабу. Адчуванне, што вакол шмат людзей. Нас па-ранейшаму шмат.
А справа, як і боль, сапраўды агульная — без увагі на тую мову, якой карыстаецца чалавек; без увагі на яго грамадзянства і краіну пражывання; без увагі на яго асабістыя, рэлігійныя, геапалітычныя ці іншыя перавагі.
Мы — побач
І пятае. Тое, што хаваецца ў другой частцы назвы марафону: «Хай і яны пра гэта даведаюцца». Яны — гэта палітзняволеныя, якім «байцы рэжыму» намагаюцца ўсяляк давесці, што на волі пра іх забыліся. Дык вось, мы не забыліся. Мы памятаем, чакаем і працягваем рабіць нашу агульную справу.
Яны — гэта і людзі ў Беларусі. Здаецца, яны і так ведаюць, што ўцекачы хоць іх і пакінулі, але не кінулі. Марафон гэта дадаткова пацвердзіў. Мы — побач, мы — разам!
Яны — гэта і прадстаўнікі рэжыму. Пра тое, што беларусы нічога не забыліся і не здаліся, хай ведаюць і памагатыя рэжыму. Ведайце гэта!
Яны — гэта і мы. Марафон і яго вынікі — гэта месэдж і нам самім: «Нават у такіх умовах мы здольныя на годныя справы!»
На будучыню
P. S. І апошняя думка — на перспектыву. Цяпер актывізуюцца абмеркаванні наконт таго, каб стварыць нешта кшталту «бюджэтаў грамадзянскага ўдзелу» ці альтэрнатыўнай падатковай сістэмы, то-бок больш-менш рэгулярнага фінансавання беларусамі праектаў для беларусаў. Гэта будзе і важная, і шмат у чым слушная дыскусія.
У дадатак я б выказаўся за тое, каб пра ідэю гэткіх марафонаў таксама не забываліся. Акрамя функцыі наўпроставага збору сродкаў такія масавыя акцыі з’яўляюцца і варыянтам самага адказнага плебісцыту — галасавання рублём. Зразумела, што часта такія марафоны не будзеш ладзіць. Да таго ж наступныя будуць, хутчэй за ўсё, прайграваць першаму. Але, як падаецца, раз на квартал — можна паспрабаваць: і грошы сабраць, і вызначыць, якія пытанні для беларусаў больш важныя.