Хронікі рэпрэсій за 5 кастрычніка
Гомельскі музыка за кратамі, байкер (былы палітвязень) зноў затрыманы, а ў Беларусі чарговае папаўненне спісу палітзняволеных.
У Гомелі затрымалі лідара музычнага гурта Krumkač
Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», 5 кастрычніка ў Гомелі быў затрыманы гомельскі музыка, заснавальнік і лідар гурта Krumkač Арцём Раманаў. Прычына затрымання невядомая.
Напачтку красавіка яго ўжо затрымлівалі. Тады Арцёму прызначылі 10 сутак арышту паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
Байкера Андрэя Іванюшына, які летам выйшаў з калоніі, затрымалі па новай крымінальнай справе
Андрэй — байкер з Мінска. Першы раз яго затрымалі 1 лютага 2021 года ў межах крымінальнай справы, распачатай за інцыдэнт, які адбыўся 19 верасня 2020 года каля ГЦ “Еўропа”, калі невядомыя сталі затрымліваць аднаго з матацыклістаў, а астатнія пачалі яго абараняць. У выніку Андрэя абвінавацілі ў гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі (арт. 364 КК)
26 лютага 2021 года яму прысудзілі 2,5 гады калоніі. Свой тэрмін палітвязень адбываў у шклоўскай калоніі № 17. 2 чэрвеня 2023 года Андрэй выйшаў на волю, адбыўшы ў зняволенні 2 гады, 4 месяцы і 1 дзень.
Цяпер праваабаронцам стала вядома, што Андрэя зноў затрымалі напачатку жніўня. Яму ставяць у віну тры эпізоды паводле арт. 342 КК за ўдзел у акцыях пратэсту.
Падтрымайце палітвязня грашовымі пераводамі, пасылкамі і тэлеграмамі: Следчая турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, Андрэй Віктаравіч Іванюшын
Еўрапейская платформа за дэмакратычныя выбары заклікала АБСЕ абараніць назіральнікаў за выбарамі
Старэйшы супрацоўнік па праграмах Еўрапейскай платформы за дэмакратычныя выбары Адам Бусуляну выступіў з заявай на Варшаўскай канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні 2023 года.
Ён звярнуў увагу на рэпрэсіі, з якімі сутыкаюцца незалежныя назіральнікі за выбарамі і праваабаронцы ў аўтакратычных рэжымах, прывёўшы ў прыклад палітвязняў-праваабаронцаў «Вясны», і заклікаў АБСЕ актывізаваць свой удзел у падтрымцы і абароне экспертаў па выбарах і грамадзянскіх назіральнікаў за выбарамі.
«Я хацеў бы нагадаць, што нашы калегі з вядомай беларускай Праваабарончай арганізацыі "Вясна" ўжо амаль два гады знаходзяцца ў турме. Яны правядуць там яшчэ шмат гадоў проста таму, што адважыліся назіраць за парушэннямі падчас выбараў і паведамляць аб масавых фальсіфікацыях. Іх дзеянні адпавядалі ідэям АБСЕ, яе правілам і каштоўнасцям».
У Беларусі праваабарончыя арганізацыі прызналі статус яшчэ 6 новых палітвязняў
Гэта Кірыл Грахоўскі, Аляксандр Якімовіч, Андрэй Марціновіч, Алена Дзмітрыева, Аляксандр Ліцкевіч, Уладзімір Машкоўскі.
Маці ў дэкрэце асудзілі паводле «народнага артыкулу»
Стала вядома, што 12 верасня ў судзе Жлобіна і Жлобінскага раёну агучаны вырак Валерыі Траяновіч (Аўчарэнцы). Яе асудзілі на паўтара года абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — «хатняй хіміі».
Яе прызналі вінаватай паводле «народнага» арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Прысуд вынесла суддзя Святлана Рубахава.
Валерыю абвінавацілі ва ўдзеле ў Маршы, які прайшоў у Жлобіне ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 году. Жанчына прызнала віну і распавяла, што ў вечар 9 жніўня вярталася з працы, калі ўбачыла натоўп людзей. Паводле ейных словаў, яна выходзіла на праезную частку, але знаходзілася на мітынгу праз цікаўнасць. Сярод доказаў па справе — відэазапісы, вынятыя ў іншага чалавека, на якіх заўважная Траяновіч.
За распаўсюд «экстрэмізму» ў Віцебску аштрафавалі грамадзянку Расіі
Суддзя суда Першамайскага раёна Віцебска Міхаіл Юрчанка 13 верасня за падпіску на «экстрэмісцкую» старонку пастанавіў аштрафаваць грамадзянку РФ Наталлю Куксёнак, якая жыве ў Віцебску. Гэта другая ў гэтым годзе адміністрацыйная справа, разгледжаная з нагоды распаўсюда «экстрэмізму» ў дачыненні да Куксёнак. Першая была разгледжана напрыканцы жніўня тым жа суддзёй.
У судовым паседжанні стала вядома, што факт «супрацьпраўных дзеянняў» з боку Наталлі быў устаноўлены супрацоўнікамі міліцыі ў будынку Упраўлення ўнутраных справаў Віцебскага аблвыканкама. Згодна з адміністрацыйным пратаколам, жанчына ў сацыяльнай сетцы Instagram была падпісана на канал «NEXTA».
Куксёнак у судовым паседжанні сваю віну ў здзяйсненні правапарушэння не прызнала, адмаўляла намер на распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, піша «Віцебская Вясна».