«Блатныя паняцці» як інструмент рэпрэсій

Цемрашальская практыка стварэння кастаў у турмах актыўна выкарыстоўваецца так званымі «праваахоўнікамі», каб ціснуць на вязняў — асабліва на «палітычных».

У беларускіх турмах сілавікі наўмысна выкарыстоўваюць «блатныя законы». Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

У беларускіх турмах сілавікі наўмысна выкарыстоўваюць «блатныя законы». Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Многія крымінальныя паняцці сышлі з беларускіх турмаў, але толькі не каста «недатыкальных». Сілавікі не проста не змагаюцца з гэтым — яны самі паказваюць, хто са зняволеных атрымае «нізкі статус», а значыць, увесь тэрмін будзе праходзіць праз пазбаўленні і знявагі. Як уладкаваная гэтая сістэма, расказвае «Deutsche Welle».

Што такое «нізкі статус»?

«Нізкі сацыяльны статус» прысвойваюць зняволеным, у якіх практычна няма правоў, яны выконваюць самую зневажальную працу, зносіны з імі пагражаюць іншым зняволеным такімі ж праблемамі, таму іх імкнуцца пазбягаць. Таксама яны падвяргаюцца пастаянным знявагам як з боку адміністрацыі, так і з боку асуджаных, іх называюць «пакрыўджанымі», «адсаджанымі», «апушчанымі», «пеўнямі».

Існаванне такой касты — адзін з элементаў злачынных традыцый. Паводле закону, супрацоўнікі калоній абавязаныя спыняць такі падзел, але на практыцы самі актыўна выкарыстоўваюць «нізкі статус» як самы жорсткі спосаб ціску, тлумачыць юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Павел Сапелка.

«Раней у самую нізкую касту залічвалі крымінальныя аўтарытэты. З такім чалавекам нельга вітацца за руку, сядзець за адным сталом або на адных нарах, ён выконвае самую брудную працу, — кажа эксперт. — Гадоў 15 таму сістэма памянялася: такі парадак стала ўстанаўліваць турэмная адміністрацыя, а не крыміналітэт».

Глядзіце таксама

Як асуджаныя атрымліваюць «нізкі статус»?

Існуе тры групы асуджаных з «нізкім статусам»: мужчыны, у якіх былі гомасэксуальныя адносіны, асуджаныя за сэксуальныя злачынствы і асуджаныя, якіх турэмшчыкі хочуць такім чынам «зламаць». Палітвязні ёсць сярод усіх пералічаных, кажа Павел Сапелка.

«Калі сілавікі даведваюцца пра гомасэксуальныя адносіны затрыманага за палітычную пазіцыю, стараюцца адразу ж гэта апублікаваць — і праблемы пачынаюцца ўжо ў СІЗА. Для іх ёсць асобныя камеры, — тлумачыць былы зняволены ў каментары DW. — Але часам іх змяшчаюць і ў звычайныя. І астатнія абураюцца, патрабуюць, каб прыбралі такога чалавека, таму што баяцца, што потым ужо ў іх пачнуцца праблемы: невядома якія папаўзуць чуткі».

Калі чалавек нязгодлівы на следстве — напрыклад, адмаўляецца прызнаць віну або агаварыць іншага фігуранта, яму могуць пагражаць «нізкім статусам». Так, мінчук Максім Дышлевіч у 2018 годзе прызнаў віну ў забойстве, якога не здзяйсняў. На судзе ён наўпрост заявіў, што аператыўнікі, якія прыходзілі да яго ў СІЗА, пагражалі зрабіць з яго «апушчанага». Рэдкі выпадак для Беларусі: Дышлевіча апраўдалі.

Таксама вядомыя выпадкі, калі сілавікі запускаюць чуткі пра «нізкі статус» зняволенага, якога не могуць «зламаць» іншымі пагрозамі. Паводле слоў Паўла Сапелкі, з гэтым даволі часта сутыкаюцца палітвязні. Вядома, што праблемы былі ў Сяргея Ціханоўскага, Андрэя Саннікава, Змітра Дашкевіча, Андрэя Бандарэнкі. Дэзінфармацыю выкарыстоўваюць, каб з такім чалавекам баяліся нават перакінуцца словам.

Глядзіце таксама

«Калі толькі прайшлі такія чуткі, яшчэ ёсць магчымасць адмахнуцца: самі зняволеныя могуць не пагадзіцца дзейнічаць па плане сілавікоў. Таксама былі выпадкі, калі родныя звярталіся па дапамогу да крымінальных аўтарытэтаў, — тлумачыць Сапелка. — Калі ж чалавек атрымаў "нізкі статус", адкруціць сітуацыю немагчыма — гэта з ім да канца тэрміну».

Некалькі былых зняволеных адзначаюць, што статус зняволенага супрацоўнікі папраўчых устаноў наўпрост прапісваюць у асабістай справе. Гэта пацвярджае і юрыст «Вясны».

«Статус вызначаюць яшчэ ў СІЗА, — кажа былы асуджаны. — Напрыклад, у чалавека ў абвінавачанні некалькі артыкулаў, адзін з іх — сэкс з непаўналетняй. За гэта ў яго "нізкі статус". А потым на судзе гэты артыкул выключаюць з абвінавачання. Але "нізкі статус" у яго застанецца на ўвесь тэрмін».

Некаторыя асуджаныя за сэксуальныя злачынствы, наадварот, не маюць «нізкага статусу» — так вырашыла адміністрацыя калоніі або СІЗА. «Больш за тое, такія людзі могуць нават атрымаць "блатную" працу ў калоніі. Усё як вырашыць начальства. І ніхто са зняволеных не будзе пратэставаць».

Якія ўмовы ў калоніі ў асуджаных з «нізкім статусам»

У асуджаных з «нізкім статусам» асобныя нары, крэслы, куткі ў атрадах для сумеснага пражывання, прылады для працы і прыборкі, месцы для захоўвання асабістых рэчаў, рукамыйніцы і пісуары ў санвузлах, душавыя ў лазнях, месцы ў сталовай і асобныя сталовыя прыборы. Такія асуджаныя ходзяць асобна ў шыхце, апошнімі па чарзе тэлефануюць родным.

Зняволеных з «нізкім статусам» выкарыстоўваюць для прыборкі прыбіральняў, агульнай тэрыторыі і збору смецця. Іншыя асуджаныя да такой працы не датыкаюцца, інакш ім пагражае траплянне ў гэтую касту. Каб пакараць непажаданых, адміністрацыя прымушае іх ісці на прыборку. Адмова пагражае штрафным ізалятарам, а пры паўтарэнні — новым тэрмінам за парушэнне рэжыму. Згода — атрыманнем «нізкага статусу».

«Каб спыніць такую практыку, дастаткова наняць персанал, які будзе прыходзіць і прыбіраць санвузлы, агульную тэрыторыю, — кажа юрыст «Вясны». — Таксама адміністрацыя магла б замацаваць за пэўнымі асуджанымі прыборку як асноўную працу, не выкарыстоўваючы яе для правакацый і "нізкага статусу". Аднак сілавікі наўмысна выкарыстоўваюць "блатныя законы" для ціску».

Глядзіце таксама

Такая практыка прыводзіць да забойстваў

Вядомыя выпадкі, калі існаванне паняццяў пра «нізкі статус» прыводзіла да забойстваў ўнутры папраўчых устаноў. Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэй Палуда прыводзіць у прыклад справу Рыгора Юзэпчука, асуджанага за двайное забойства.

Зняволены адбываў пакаранне ў магілёўскай турме, дзе яго змясцілі ў камеру з двума мужчынамі «нізкага статусу». Паводле крымінальных паняццяў, чалавек, якога змясцілі ў такую камеру, павінен або «выявіць» сябе, або забіць таго, хто мае гэты самы «нізкі сацыяльны статус». У выніку Юзэпчук забіў сукамерніка, за што сам быў прысуджаны да расстрэлу. «На дзяржаўным тэлеканале выпусцілі фільм пра справу Юзэпчука, — згадвае Палуда. — І там нават не хавалі абставінаў пра "нізкі сацыяльны статус", які прывёў да трагедыі».