Жанна Нямцова: раскрыццё забойства бацькі пры цяперашняй уладзе немагчыма
"Расследаванне забойства ахвяры рэжыму пры тым самым рэжыме — гэта нонсэнс", — заявіла дачка палітыка Барыса Нямцова
Сёння, 3 кастрычніка, справу аб забойстве Барыса Нямцова пачаў разглядаць Маскоўскі акруговы вайсковы суд.
Дачка забітага апазіцыянера Барыса Нямцова Жанна ў інтэрв'ю Рускай службе ВВС заявіла, што не разлічвае на пакаранне арганізатараў і заказчыкаў забойства свайго бацькі.
"Мне здаецца, што поўнае і ўсебаковае расследаванне пры гэтым рэжыме немагчыма, але мы ніколі не ведаем, як гэта ўсё можа павярнуцца, таму што, як мне здаецца, унутры ўладных структур ёсць канкурэнцыя, барацьба", — заявіла дачка забітага апазіцыянера.
Па словах Жанны Нямцовай, яе не задавальняе адмова следства ад допыту чачэнскіх вышэйшых службовых асоб, з якімі меркавана звязаныя людзі, якія апынуліся на лаве падсудных.
"Гэта сведчыць, што на самым высокім узроўні перашкаджаюць гэтаму расследаванню з-за магчымай уцягнутасці ў забойства менавіта гэтых высокапастаўленых чачэнскіх чыноўнікаў", — заявіла яна.
Таксама яе не задавальняе адмова следства перакваліфікаваць справу на артыкул пра забойства палітычнага дзеяча.
"Расійская дзяржава ў цяперашнім яе выглядзе не жадае прызнаваць, што гэта забойства — расправа над палітычнымі апанентамі цяперашняга рэжыму", — сказала Жанна Нямцова, і дадала, што поўнае расследаванне забойства немагчыма пры цяперашнім палітычным рэжыме.
Па справе аб забойстве палітыка праходзяць пяць падазраваных: Заур Дадаеў, браты Анзор і Шадзід Губашавы, Тамерлан Эскерханаў і Хамзат Бахаеў. На пасяджэнні ў панядзелак, 3 кастрычніка, пракурор зачытаў абвінаваўчае заключэнне, пасля чаго ўсе абвінавачаныя зноў заявілі, што не прызнаюць віну.
Арганізатарамі забойства следства лічыць Руслана Мухудзінава, які знаходзіцца ў міжнародным вышуку, а таксама групу неўстаноўленых асоб. Прадстаўнікі сям'і Барыса Нямцова не згодныя з заключэннем следства. Яны неаднаразова прасілі дапытаць па гэтай справе кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава і розных высокапастаўленых чыноўнікаў рэспублікі, аднак атрымалі адмову.