У ААН прапанавалі абмежаваць права вета пастаянных чальцоў Савета бяспекі
Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека выступіў з ініцыятывай абмежаваць права вета пастаянных чальцоў Савета бяспекі. Расія негатыўна паставілася да гэтай прапановы.
Вярхоўны камісар Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па правах чалавека Зейд Раад аль Хусейн заклікаў Савет бяспекі ААН абмежаваць права вета краін — пастаянных чальцоў гэтай арганізацыі, якое дазваляе ім блакаваць любую рэзалюцыю ААН. Пастаяннымі чальцамі Савета бяспекі з'яўляюцца Расія, Кітай, ЗША, Вялікабрытанія і Францыя, паведамляе www.dw.com
Сёння, 4 кастрычніка, Зейд Раад аль Хусейн падчас выступу ў Жэневе заявіў, што такі крок дазволіць перадаваць справы аб ваенных злачынствах у Сірыі ў Міжнародны крымінальны суд.
"Я цвёрда веру, што надышоў час для моцнага кіраўніцтва і смелых дзеянняў, а таксама што Савет Бяспекі ААН павінен без якіх-небудзь далейшых затрымак зацвердзіць крытэрыі, якія стрымліваюць чальцоў ад выкарыстання права вета ў тых выпадках, калі існуюць сур'ёзныя апасенні, што, магчыма, былі здзейснены ваенныя злачынствы, злачынствы супраць чалавечнасці або генацыд", — гаворыцца ў заяве Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.
На думку Раад аль Хусейна, перадача спраў аб ваенных злачынствах у Сірыі "стала б больш чым апраўданай, улічваючы нястрымную і глыбока шакавальную беспакаранасць, якая характарызуе гэты канфлікт, і маштабы ўчыненых злачынстваў, некаторыя з якіх могуць сапраўды складаць ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці".
Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў заявіў, што Крэмль не падтрымлівае прапанову аб абмежаванні права вета пастаянных чальцоў Савета бяспекі ААН і адзначыў, што ў Крамлі да гэтай ініцыятывы "ставяцца негатыўна".